Site icon Слушна

Беларускаму саюзу мастакоў 85 год. Чым уразіў гледачоў праект, прысвечаны юбілею аб’яднання?

Старшыня

Сёлета Беларускі саюз мастакоў святкуе сваё 85-годдзе. З нагоды свята ў Палацы мастацтва ў лістападзе і снежні прайшла адмысловая выстаўка «Старшыня», якая стала знакавай падзеяй у цыкле мерапрыемстваў да юбілейнай даты. 

Саюз аб'ядноўвае больш за тысячу чалавек. Сярод іх — народныя мастакі Беларусі, заслужаныя дзеячы мастацтваў, лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі, прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. І безумоўна, саюз — адна з самых буйных, самых уплывовых творчых арганізацый нашай краіны. Вынікамі яго працы з’яўляюцца маштабныя міжнародныя і рэспубліканскія конкурсы, пленэры, творы, якія сёння ўпрыгожваюць нашы гарады, інтэр'еры грамадскіх будынкаў, выставачныя залы музеяў.

Выстаўка "Старшыня"

Выстаўка аб’яднала работы тых творцаў, якія на працягу 85 гадоў у розныя часы ўзначальвалі  творчае аб’яднанне. У экспазіцыі было прадстаўлена больш за 130 твораў жывапісу, графікі, скульптуры старшыняў БСМ з калекцыі саюза.

Сярод тых, хто стаяў на чале творчага аб’яднання – такія знакамітыя творцы як Аляксандр Грубэ (1941-1944), Іван Ахрэмчык (1944-1948), Яўген Зайцаў (1948-1950), Андрэй Бембель (1950-1954, 1982-1984), Уладзімір Сухаверхаў (1954-1956), Павел Гаўрыленка (1956-1961), Павел Масленікаў (1961-1962), Віталь Цвірка (1962-1963), Натан Воранаў (1963-1965), Уладзімір Стэльмашонак (1965-1968, 1987-1990), Віктар Грамыка (1968-1973, 1977-1982), Віктар Пратасеня (1973-1977), Уладзімір Гардзеенка (1984-1987), Генадзь Буралкін (1990-1998), Уладзімір Басалыга (1998-2007), Уладзімір Савіч (2007-2013), Рыгор Сітніца (2013-2019). З 2019 года Беларускі саюз мастакоў узначальвае Глеб Отчык.

У экспазіцыі арганізатары прадставілі шмат пейзажаў, нацюрмортаў. Але галоўная тэма выстаўкі – чалавек. У творах старшыняў саюза, якія адносяцца да розных гадоў стварэння, знаходзяць выяўленне ключавыя пытанні яго быцця: месца ў грамадстве і свеце, яго роля ў гісторыі і ў сучаснасці, уяўленні аб прыгожым і жахлівым, стаўленне да трагічнага, гераічнага.

Складаны пасляваенны час, аднаўленне краіны, нацыянальны рамантызм 1980-х гадоў, авангардныя пошукі 1990-х – усё гэта спараджала розную выразную форму і розныя падыходы да рашэння вобраза чалавека.

Цікавасць да чалавека ў выяўленчым мастацтве Беларусі непарыўна звязана з неабходнасцю спасціжэння навакольнага свету і самога сябе, з развіццём індывідуальнай і нацыянальнай самасвядомасці. Пры гэтым вобраз чалавека ў тэматычнай карціне або ў партрэце ніколі не быў проста адлюстраваннем канкрэтнай асобы, ён заўсёды напаўняўся вялікім зместам. Кожная эпоха вылучала ў гэтай выяве свае вызначаныя якасці, стварала ўяўленне пра асобу, у якой быў ідэал часу, яго ключавыя ідэі і каштоўнасці.

У экспазіцыі выстаўкі куратары прадставілі работы мастакоў розных пакаленняў, розных па сваіх творчых прыярытэтах. Але аб'ядноўвае іх вобразнасць выяўленчай мовы, якая грунтуецца ў першую чаргу на класічных відах мастацкай практыкі, трансфармацыі традыцый нацыянальнай школы, любові да каларыту, фігуратыўнасці, пошуках прыгажосці.

Аўтары ўздымаюць разнастайныя тэмы, імкнуцца паказаць своеасаблівасць беларускай рэчаіснасці, раскрыць сутнасць чалавека, выказаць яго духоўныя і маральныя пошукі.

У экспазіцыі можна было ўбачыць не толькі партрэты працаўнікоў сяла, вытворчасці, пісьменнікаў, кампазітараў, музыкаў, работнікаў культуры, спартсменаў, вучоных, урачоў, а таксама творы, якія адлюстроўваюць сям’ю, сямейныя каштоўнасці, адносіны маладых да старэйшага пакалення, да гісторыі краіны.

Адкрыцці новых форм спасціжэння чалавека ў мастацтве залежаць перш за ўсё ад асобы і таленту мастака. Гэты праект – была свлеасаблівая магчымасць самім адчуць, наколькі па-рознаму падыходзілі мастакі розных пакаленняў да рашэння задач падабенства, гармоніі, адлюстравання ўнутранага свету, тэмпераменту, характару сваіх герояў.

Таямніцы беларускага народнага касцюма. Дэталі і тэхнікі

Exit mobile version