Адмысловыя ўменні майстра сектара традыцыйных промыслаў (рамёстваў) Чэрвеньскага раённага цэнтра культуры і адпачынку Таццяны Мартынчык ужо цэлае дзесяцігоддзе захапляюць журы на самых разнастайных конкурсах – ткацтва і пляцення беларускіх паясоў, габеленаў, стварэння лялек-абярэгаў з тканіны…
Яна не толькі адраджае старадаўнія тэхнікі вырабу, мудрагелістыя ўзоры, спрадвечную колеравую гаму, але і прыўносіць штосьці сваё, яднаючы такім чынам старажытнасць з сучаснасцю. І гэта здорава!
Сапраўды, зараз мы не падпярэзваемся поясам, не ўпрыгожваем жытло габеленамі. Затое на аснове пояса можна вырабіць даволі модную папругу са спражкай, якая ўпрыгожыць джынсы і не толькі. І не трэба бердзечкі ды дошчачкі, каб сплесці такія мілыя сэрцу маладых фенечкі на руку. А ў якасці прылады паслужыць… звычайны аловак!
Што тычыцца прынцыпу стварэння габеленаў, дык можна, выкарыстоўваючы яго, сплесці цудоўныя лялькі-абярэгі. А калі сшыць пэўным чынам сплеценае, атрымаецца сумачка, чахол для смартфона…
Вось чаму на працягу ўсіх гадоў працы Таццяны Мартынчык (а гэты час падбіраецца ўжо пад два дзесяцігоддзі) у Чэрвеньскім раённым цэнтры культуры і адпачынку ў яе ў аб’яднаннях па інтарэсах школьнікі не пераводзяцца. Прычым захапляюцца ткацтвам-пляценнем не толькі дзяўчынкі, але і хлопчыкі! Сярэдніх, вядома ж, класаў. Старэйшыя ўжо саромеюцца…
Пабываўшы ў гасцях у майстэрні нашага цэнтра, дзе працуе Таццяна, раблю выснову: хэнд-мэйд цэніцца ва ўсе часы!
Як становяцца майстрамі?
Ураджэнка Віцебшчыны, Таццяна зацікавілася творчасцю яшчэ ў дзяцінстве. Спачатку наведвала адпаведны гурток, затым паступіла ў Віцебскі прафесійна-тэхнічны каледж па спецыяльнасці «ткацтва». Але там не вучылі вырабу беларускіх паясоў.
Гэтае ўменне майстар асвойвала ўжо на курсах, выставах-конкурсах ды самастойна падчас працы ў Чэрвеньскім цэнтры культуры і адпачынку, куды трапіла па размеркаванні. І нават не задумвалася, што яно станецца справай усяго жыцця.
Зрэшты, навучыцца гэтаму аднойчы і пасля ўвесь час паўтараць не выпадае. Абавязкова трэба самаўдасканальвацца. Цікавіцца чымсьці новым, якое з’яўляецца ў іншых, прыдумляць штосьці сваё. Толькі тады можна стаць сапараўдным майстрам. Што Таццяна Мартынчык з поспехам і дэманструе.
… Перабіраю паясы, выкладзеныя на стале, цікаўлюся, ці па старажытных прынцыпах яны вырабленыя.
– Калі мы робім паясы для ўдзелу ў конкурсах, тады стараемся выкарыстоўваць больш усяго даўнішняга, – тлумачыць майстар. – А для падарункаў, продажу і г.д. узоры і колеравую гаму паясоў я звычайна прыдумляю сама. Асноўныя колеры – чырвоны, зялёны, блакітны, чорны, белы, жоўты… У адным поясе не трэба выкарыстоўваць больш за чатыры – атрымаецца дужа страката.
Вядома, лепей бы выкарыстоўваць і ніткі даўнішнія. Але чаго няма, таго няма. Таму звычайна ў справу ідуць вязальныя, толькі выбіраюцца больш тонкія, інакш пояс атрымаецца тоўстым ды жорсткім. Пажадана, каб ніткі былі натуральнымі – шарсцянымі, напрыклад.
Тэхнікі тры – вырабаў шмат
Усяго ў ткацтве-пляценні паясоў Таццяна выкарыстоўвае тры тэхнікі: на бердзечку, на дошчачках і на алоўку. На ніту, кажа, таксама вучылася, але… Больш складанай тэхніка падалася, заблытацца можна лёгка.
Даволі часта чуючы пра ткацтва паясоў на бердзечку, думала: ну што за слова такое?! І што за тэхніка? Пасля пазнаёмілася з усім гэтым на свяце «Беларускі пояс» у горадзе Узда Мінскай вобласці ў 2014-м годзе. А цяпер яшчэ бліжэй паглядзела – як гэта робіць Таццяна. Праўда, так і не разабралася! Відаць, усё ж пэўны час трэба для старонніх назіральнікаў.
Дык вось, таямнічае бердзечка – гэта ўсяго толькі… тонкая драўляная пласціна. Традыцыйна – памерамі 30х15 альбо 15х10 сантыметраў, са шчылінамі і адтулінамі, размешчанымі, я так разумею, пэўным чынам.
Сюды прапускаюцца ніткі. З аднаго боку яны замацоўваюцца, напрыклад, на цвіку ў сцяне (галоўнае, каб прадмет быў нерухомым), з другога – на поясе майстра. І вось сядзіць Таццяна, перабірае ніткі (а іх там мно-о-о-о-ога нацягнута!), рухае бердзечка туды-сюды і… тчэ! Практычна такія міні-кросны! Але без спецыяльнай падрыхтоўкі наўрад ці што атрымаецца…
Паказаўшы гэтую тэхніку, Таццяна дэманструе дошчачкі і тлумачыць, куды прадзяваюцца ніткі ды як паварочваюцца дошчачкі, каб атрымліваўся пояс.
Каб атрымаўся традыцыйны беларускі, патрэбна ад 4 да 20 аднолькавых дошчачак, якія ўяўляюць сабой квадратныя драўляныя пласціны з чатырма адтулінамі па вуглах. У іх замацоўваліся ніткі, а ўзор атрымліваўся іх пераборам ды паварочваннем дошчачак пэўным чынам. Альбо ўсіх, альбо ўразнабой… Таксама, як мне падалося, без падрыхтоўкі спецыяльнай адразу не асвоіш.
Затое на алоўку… Прызнацца, адразу прыгадала дзяцінства і ўсе тыя фенечкі-коскі, якія мы плялі. Праўда, без выкарыстання алоўка і з меншай колькасцю нітак. Але прынцып той жа – пляценне!
Тут ніткі перакідваюцца праз аловак. Прычым дзве часткі адной ніткі і лічацца за адну, тлумачыць Таццяна. Затым з аднаго боку прывязваецца нітачка, якую можна замацаваць, напрыклад, на спінцы крэсла, каб аловак добра трымаўся. І… Эксперыментуем з перакідваннем-пляценнем нітак!
Можна глядзець практычна, які ўзор атрымліваецца, калі пераплятаць, пачынаючы з краёў, а тады цэнтральныя… Альбо ў іншым парадку… Гэта ж не вязанне, калі спусцілася вочка на палатне, а ты не заўважаеш адразу… І тады – так, ледзь не з плачам распускаеш тое, на што пайшло шмат намаганняў. А паясок ці фенечка на алоўку – рэч маленькая… І расплесці, як што, не шкада… Таму на алоўку любяць плесці рэчы дзеці.
Нітка да ніткі – і ўжо габелен…
І калі я яшчэ трохі блытаюся, дзе ткацтва, а дзе пляценне паясоў, дык з габеленамі ўсё зразумела. Пляценне! Прычым без усялякіх там дошчачак-бердзечак-чаўнакоў. Не паверыце! Толькі ручкі ўмелыя, якімі пераплятаюцца ніткі – па нітках жа, нацягнутых на драўляную аснову.
… Напачатку, назіраючы за працай Таццяны Мартынчык, ніяк не магу даўмецца… А адкуль яна ведае, якога колеру ніткі браць і калі іх змяняць?! Бо калі вяжаш каляровыя ўзоры, у цябе на схеме колеры распісаныя. А тут?!
Як заўсёды, усё геніяльнае аказалася простым! Напачатку малюецца каляровы малюнак – па памеры рамкі. Тое, што вы хочаце ўбачыць на гатовым габелене. Затым малюнак падкладваецца пад нацягнутыя ніткі асновы… І – калі ласка! Над ім пераплятаюцца ніткі адпаведнага колеру. Звычайна адна прапускаецца, а на другую – накладваеш.
Нічога складанага. Але колькі ж трэба мець уседлівасці, каб сплесці, напрыклад, вялікі габелен-карціну! Таму дзеці, тлумачыць Таццяна, звычайна бяруцца за маленькія габелены. І робяць іх у сярэднім за пяць заняткаў.
– А што тут можна сапсаваць? – цікаўлюся. – Вось у вязанні – вочкі спусціць. А тут?!
– А тут можна моцна сцягнуць ніткі – і тады ўвесь габелен пойдзе трохвугольнікам, – паказвае майстар. – Таму падчас заняткаў заўсёды нагадваю дзецям пра гэта. Бо пасля гатовы выраб у рамку нават не ўставіш…
Пры вырабе габеленаў, аказваецца, можна нават атрымаць аб’ёмны ўзор – такое 3D. Для гэтага трэба кожную нітку закруціць вакол асновы па некалькі разоў. І атрымаецца каласок. Альбо ворс.
На аснове габелену можна таксама ствараць лялькі! Хочаш – вялікія, хочаш – маленькія. Дзеці, кажа Таццяна Мартынчык, любяць і гэтым займацца.
Як і вырабляць маленькія лялькі-абярэжкі. Па старажытным прынцыпе – без твараў. Каб не засяліўся злы дух і не нашкодзіў. Ёсць лялькі-неразлучнікі, якія можна падараваць маладым на вяселле. Ёсць лялька з грэчкай унутры – абярэг для кухні. Ёсць духмяная – з чаборам. А каляжанкам Таццяна зрабіла… лялькі-дзесяціручкі! Ну, намёк зразумелы, праўда?!
Словам, лялькі тут самыя розныя. І па начынню ўнутры, і па памерах, і па прызначэнні… На што хапае фантазіі. І веры ў тое, што вырабленая сваімі рукамі лялька можа стаць сапраўдным абярэгам – для дома, для сям’і.
… Разгледзеўшы паясы, габелены, лялькі, звяртаю ўвагу на сумачкі. І таксама адразу ж прыгадваю дзяцінства. Як любілі мы, малыя, мець штосьці адмысловае. Праўда, тады найбольш вязанае, а тут – сплеценыя ды сшытыя.
Але ж пасля майго маленства прайшло вунь колькі дзесяцігоддзяў!
– А няўжо і зараз дзеці такія сумачкі носяць?! – пытаюся ў Таццяны.
– Так! – сцвярджае яна. – Малодшыя школьнікі вельмі любяць. Як і чахлы для мабільных тэлефонаў.
Робячы паясы ды габелены, а на іх аснове і іншыя рэчы больш сучаснымі, а значыць – запатрабаванымі, Таццяна Мартынчык усё ж не забываецца і на традыцыі старажытнасці. Асабліва любіць на розных конкурсах пастаяць ля бабуляў ды паназіраць за іх умельствам. Каб пераняць, працягнуць, распаўсюдзіць. А значыць, беларускім паясам ды габеленам – быць!
Фота – Святлана Адамовіч.