На выставе «Мацярынства і дзяцінства» вытворцам тавараў для дзяцей уручылі першую ў Беларусі прэмію «Выбар мам».
Пераможцаў вызначылі з дапамогай інтэрнэт-галасавання ў дзесяці намінацыях (па тры прызавыя месцы ў кожнай).
– Галасаванне стартавала ў лютым, у ім удзельнічалі больш за 5 000 мам, – распавяла арганізатар прэміі і кіраўнік праекта для будучых і маладых мам «Мамэксперт» Наталля Наўроцкая. – Да яго правядзення нас падштурхнулі жанчыны, слухачкі нашых курсаў, якім часта не хапае слушных саветаў па выбары дзіцячых тавараў.
Па словах Наталлі, у апытанцы адсутнічалі назвы канкрэтных брэндаў: мамам прапаноўвалі самастойна назваць любімых вытворцаў. У выніку ў некаторых намінацыях на перамогу прэтэндавала да 80 брэндаў, аднак лідары вельмі хутка выйшлі наперад. Так што вынікі атрымаліся максімальна сумленнымі і на самай справе паказваюць выбар беларускіх мам.
Цікава, што некаторыя вытворцы атрымалі прызы адразу ў некалькіх таварных групах. Напрыклад, рэспандэнткі назвалі Philips AVENT лепшай маркай дзіцячых бутэлечак і прыстасаванняў для збору груднога малака. Таксама большасць мам паставілі на першае месца дзіцячыя крэселкі Forkiddy, аўтакрэслы Maxi-Cosi, лыжачка Bambini, калыскі Adamex, падгузнікі Pampers і, што прыемна, беларускія цацкі «Полесье». Сярод касметыкі для малышоў лідарам прызналі Bubchen, а ў намінацыі касметыкі для будучых мам «золата» атрымаў Bio Oil.
Між тым, каманда «Мамэксперта» ужо рыхтуецца да правядзення прэміі «Выбар мам – 2018».