Дзіцячыя кардыяхірургі Беларусі атрымалі першы ўльтрагукавы апарат для дыягностыкі паталогій сэрца з выкарыстаннем магнітнага датчыка.
Унікальнае для краіны абсталяванне набыў РНПЦ дзіцячай хірургіі на «кіламетры» ўдзельнікаў «Забега тысяч сэрцаў», якія velcom ў канцы траўня перавёў у рублі. Дабрачынная ініцыятыва апынулася рэкорднай і па колькасці ўдзельнікаў, і па велічыні сабранай сумы.
«Калі раней нам часта даводзілася рабіць некалькі спроб, паколькі ў дзяцей маленькія сасуды і шырокі слой скуры, то цяпер дастаткова аднаго разу. Гэта не толькі эканоміць час, але і стварае менш дыскамфорту і стрэсу для дзіцяці», — патлумачыў дырэктар РНПЦ дзіцячай хірургіі кандыдат медыцынскіх навук Канстанцін Драздоўскі.
З дапамогай новага апарата плануюць штогод абследаваць больш за 1 тыс. дзяцей з падазрэннямі на паталогіі сэрца.
«Спецыялісты цэнтра сёння могуць выконваць практычна ўсе аперацыі на сэрцы і сасудах, а новае абсталяванне як раз і будзе для гэтага выкарыстоўвацца. Там, дзе гэта магчыма, мы імкнемся не разразаць сэрца, а праводзіць аперацыі метадамі мініінвазіўнай хірургіі, якія ва ўсім свеце лічацца аднымі з самых перспектыўных», — падкрэсліў кардыяхірург.
На грошы, што засталіся ад набыцця, яшчэ купілі два ўльтрагукавыя датчыкі для дыягностыкі праблем з сэрцам ў неданошаных дзяцей і немаўлят з нізкай масай цела. Яны дапамогуць павысіць якасць дыягностыкі.
Даведка
Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр дзіцячай хірургіі аказвае хірургічную дапамогу дзецям з паталогіямі органаў грудной клеткі і парокамі сэрца. Спецыялісты цэнтра выконваюць высокатэхналагічныя аперацыі на сэрцы, а таксама праводзяць усю неабходную дыягностыку.