Site icon Слушна

Беражы яечкі замалада. Пухліны мочапалавой сістэмы ў мужчын

Рак яечак у мужчын. Як прадухіліць і навошта абследаванні

Не баліць – значыць, усё ў парадку. Такі падыход да здароўя часта практыкуюць прадстаўнікі моцнага полу, аддаючы перавагу звяртанню да ўрача толькі тады, калі ўжо «абломак дзіды тырчыць са спіны». На жаль, усё не так проста.

Пухліны мочапалавой сістэмы часта праходзяць бессімптомна, выявіць іх можна толькі пры прафілактычным абследаванні. Падвергнуцца медыцынскім маніпуляцыям, калі вонкава быццам бы ўсё ў парадку, многім мужчынам дагэтуль перашкаджае няведанне, страх ці лянота. Але ж нават рак у сучасным свеце перастаў быць прысудам. І чым раней ён выяўлены, тым больш шанцаў на выздараўленне.

Пра тое, што можа зрабіць сам мужчына, каб сачыць за здароўем мочапалавой сістэмы, распавёў уролаг, загадчык раённага ўралагічнага цэнтра №2 Маскоўскага раёна Мінска (39-я гарадская клінічная паліклініка) Раман Еўсцігнееў.

Рак яечкаў у мужчын. На прыёме ва ўролага.

 

 
Раман Еўсцігнееў
Уролаг, загадчык раённага ўралагічнага цэнтра №2 Маскоўскага раёна Мінска (39-я гарадская клінічная паліклініка)
Ні для каго не сакрэт, што дыягназ «рак» прыводзіць у жах абсалютную большасць пацыентаў. Аднак варта прызнаць, што за апошнія 20 гадоў здзейснены настолькі каласальны прарыў у лячэнні анкалагічных захворванняў, што гэты дыягназ ужо перастаў быць прысудам. Вядома, усё залежыць ад характарыстыкаў самой пухліны, яе агрэсіўнасці, хуткасці росту. Але для ўсіх відаў злаякасных пухлінаў непарушным з'яўляецца адно правіла: чым раней выяўленая пухліна, тым больш шанцаў на паспяховае лячэнне.

Асабістая адказнасць: мужчыны таксама могуць

Ёсць мноства дыскусій пра тое, чаму ўсё ж такі працягласць жыцця ў мужчын меншая за жаночую. Мабыць, адзін з фактараў – асабістая адказнасць. Калі жанчыны ў большасці сваёй дысцыплінавана наведваюць урача і сочаць за асноўнымі паказчыкамі здароўя, дык для мужчын характэрна, наадварот, бравіраваць тым, што, маўляў, «не хаджу я наогул да гэтых вашых эскулапаў. Здаровы, як бык».

Асабліва балюча прадстаўнікі моцнага полу рэагуюць на верагоднасць таго, што захварэць маглі «мужчынскія» органы. Дарэчы, шмат у чым таму прадстаўнікі моцнага полу ў шлюбе жывуць даўжэй, чым халасцякі. Другая палова ўмее пераканаць у неабходнасці схадзіць да ўрача яшчэ тады, калі сітуацыю можна паправіць.

Між тым, адказнасць за ўласны стан здароўя – адзін з прыярытэтаў для кожнага чалавека. Мужчынам у гэтым сэнсе таксама пара мяняць свае ўстаноўкі. І тым самым павялічваць працягласць жыцця!

Вядома, страшна (а каму не?). А раптам штосьці знойдуць, а раптам штосьці не так? Але справа ў тым, што калі схавацца і спадзявацца на «авось усё добра», дык рэальная праблема, калі яна ёсць, не знікне толькі ад таго, што чалавек адмаўляецца яе бачыць. А вось выяўленне на ранніх этапах рэальна можа выратаваць жыццё.

 
Раман Еўсцігнееў
Уролаг, загадчык раённага ўралагічнага цэнтра №2 Маскоўскага раёна Мінска (39-я гарадская клінічная паліклініка)
Большасць пухлінаў выяўляецца ў ранняй стадыі менавіта пры прафілактычных аглядах. Некаторую частку гэтых аглядаў мужчыны могуць праводзіць самастойна, без удзелу спецыяліста. Гаворка ідзе пра самаабследаванне яечкаў. Здавалася б, простая працэдура, якую можа рабіць кожны мужчына, але, тым не менш, выяўляецца вялікая колькасць пухлінаў яечкаў у 3-4 стадыях, калі патрабуецца больш доўгае і комплекснае лячэнне, хаця пры 1-й стадыі раку яечкаў лячэнне часцей за ўсё абмяжоўваецца толькі аперацыяй. Відавочна, што вядучым фактарам з боку пацыентаў, які перашкаджае ранняму выяўленню пухлінаў мочапалавой сістэмы, з'яўляецца страх. Страх, што штосьці знойдзецца, страх перад дыягназам, страх перад маючым адбыцца лячэннем і яго наступствамі. Але ніякі пабочны эфект ад лячэння, ні адно ўскладненне не з'яўляецца больш пакутлівым, чым пакуты ад хваробы ў запушчанай, невылечнай стадыі, калі застаецца толькі абязбольванне і сімптаматычная тэрапія.

Дыягностыка пухлінаў мочапалавой сферы

Што ж рабіць?

Нягледзячы ні на што, палохацца не варта. Пастаянна жыць у напружанні і страху – не самы лепшы варыянт, у тым ліку і для здароўя. Лепей, нягледзячы на неспакой, раз на год запланаваць сабе зварот да ўрача.

Перафразаваўшы грубаватае выказванне пісьменніцы і псіхолага Нікі Набокавай, можна сказаць, што выйсце ёсць толькі адно: «Бойся, але рабі».

Пераканаўшыся, што ўсё добра, можна сапраўды жыць спакойна. Наступны запланаваны візіт будзе ўжо не такім страшным, бо вы кантралюеце сітуацыю разам са спецыялістам. Гэта дае пачуццё заспакаення.

Пералік даследаванняў для выяўлення пухлінаў мочапалавой сферы ў ранняй стадыі:

Агульны аналіз мачы (штогод, пры хранічных захворваннях альбо адхіленнях ад нормы – часцей, па меркаванні ўрача).

УГД нырак, мачавога пузыра (мінімум адзін раз на год пры адсутнасці хранічнай паталогіі).

Самаабследаванне (абмацванне яечкаў) – 1 раз у месяц.

Аналіз крыві на прастатспецыфічны антыген (ПСА), пачынаючы з 45 гадоў, мінімум 1 раз у 2 гады (пры ўзроўні ПСА меней за 1,5 нг/мл) альбо 1 раз на год (пры ўзроўні ПСА больш за 1,5 нг/мл, але менш за 4 нг/мл).

Агляд уролага мужчынам ад 45 гадоў і старэйшым мінімум 1 раз на год.

Пры якіх сімптомах трэба абавязкова звярнуцца да ўрача?

  • З'яўленне прымешкі крыві ў мачы, бачнай няўзброеным вокам (чырвоная, бурая мача).
  • Візуальнае выяўленне на палавых органах у мужчын любых новаўтварэнняў.
  • Самастойна выяўленае ўшчыльненне, вузельчык у яечку.
  • Слабасць, галавакружэнне, бледнасць, заняпад сіл.
 
Раман Еўсцігнееў
Уролаг, загадчык раённага ўралагічнага цэнтра №2 Маскоўскага раёна Мінска (39-я гарадская клінічная паліклініка)
На ранніх стадыях злаякасныя пухліны ўнутраных органаў працякаюць бессімптомна. Рэгулярнае абследаванне і праходжанне дыспансерызацыі і прафілактычнага абследавання дазволіць своечасова выявіць і паспяхова лячыць анкалагічнае захворванне.

Медыцына не стаіць на месцы, яна ўвесь час развіваецца. А разам з ёй змяняюцца і суадносіны роляў урача і пацыента. Ужо недастаткова быць проста «паслухмяным хлопчыкам» і выконваць прызначэнні. Да ўсяго дадалася асабістая адказнасць кожнага чалавека за сваё здароўе. А гэта значыць, што нават мужчынам час пачаць сур'ёзна ставіцца да прафілактычных аглядаў, нягледзячы на страх.

 

Exit mobile version