Site icon Слушна

Бясплоднасць — не прысуд! Здымаем псіхалагічныя блокі

Прычыны бясплоднасці.

Бяссонныя ночы, бясконцыя паходы да гінеколага, штомесячныя тэсты на цяжарнасць. І — нічога... У пагоні за марай пра мацярынства жанчыны часцяком ператвараюцца цалкам знерваваных істот. А далікатныя і прыемныя моманты з мужам — у абавязковую праграму па зачацці. Бывае так, што са здароўем у пары ўсё ў парадку, а жаданая цяжарнасць не наступае. У наш час такое паняцце, як «псіхалагічнае бясплоддзе», сустракаецца ўсё часцей. А лекары агучваюць часам нечаканы вердыкт: «Звярніцеся да псіхолага!».

Псіхалагічныя блокі — бар'еры, якія перашкаджаюць цяжарнасці на ўзроўні падсвядомасці. Свядома жанчына можа марыць і прагнуць гэтага, але падсвядома баяцца мацярынства і ўсяляк яго пазбягаць. Самыя моцныя блокі звязаныя са страхамі — памерці, нашкодзіць жыццю і здароўю дзіцяці, не справіцца з роляй маці...

Якія псіхалагічныя прычыны могуць перашкаджаць цяжарнасці? Пра гэта Здаровыя людзі.бел даведаліся ў кіраўніка Цэнтра сямейнага кансультавання, сямейнага і рэпрадуктыўнага псіхолага, аўтара і вядучай арт-тэрапеўтычнага праекта для будучых маці «У чаканні цуду» Ганны Матуляк.

Прычыны бясплоднасці. «Шчыты» ад цяжарнасці

Няўдалыя цяжарнасці ў мінулым

1. Стасункі з мамай

Гэта цэлы пласт адкрыццяў пра сябе і ўласнае жыццё, асабліва пра мацярынства. Бо мама самы важны чалавек, у адносінах з ёй можна знайсці адказы на мноства пытанняў. Мама — галоўны ўзор мацярынства для нас, менавіта ў яе мы неўсвядомлена вучымся, таму тут могуць выявіцца прыхаваныя канфлікты. Якой мамай для вас была ваша матуля, калі вы былі дзіцем? Хацелі б вы быць такой? Як яна сама ацэньвала сваё мацярынства ў той перыяд? Ці была яна шчаслівая або самааддана ахвяравала сабой, і ў вас назаўжды адклалася: быць маці значыць адмовіцца ад асабістага шчасця?

Стасункі, якія складваюцца з мамай зараз, таксама ўплываюць. Занадта моцная сувязь можа перашкаджаць мацярынству, бо, каб нарадзіць, трэба «вырасці і аддзяліцца ад мамы». А занадта канфліктныя, пратэстныя адносіны дзейнічаюць па прынцыпе: калі я не прымаю сваю маці, значыць, я не прымаю жанчыну ў сабе і, як вынік, маю праблемы з жаночым здароўем.

Што рабіць?

Прааналізуйце стасункі з маці. Ці ўсё вас задавальняе? Ці адчуваеце сябе дарослай? Ці можаце знаходзіцца з мамай у цёплых адносінах, але пры гэтым самастойна будаваць сваё жыццё? Калі зносіны з мамай канфліктныя або напружаныя, паспрабуйце напісаць ёй ліст (без адпраўлення). Пішыце ўсе, што будзе прыходзіць у галаву: пра свае дзіцячыя крыўды, прэтэнзіі, траўмы. Ваша задача вызваліцца ад цяжару перажыванняў, які, магчыма, вы носіце даўно. Калі разумееце, што адносіны занадта блізкія, то добра б адказаць сабе на пытанне: ці задавальняе вас такая блізкасць? Калі не, то з якіх прычын вы падтрымліваеце яе?

2. Сістэмныя прычыны

Гэта паўторныя сцэнарыі, лёсы, траўматычныя падзеі мінулага. Напрыклад, цэлае пакаленне жанчын мела цяжкасці з нараджэннем дзяцей. Ці ўсе жанчыны па кудзелі былі няшчасныя ў шлюбе. Часам мы несвядома «падхопліваем і нясём» праблемы нашых продкаў або «караем» сябе за тое, што рабілі не мы.

Мамчыны або бабуліны аборты могуць легчы цяжарам на плечы дачкі або ўнучкі. У такім выпадку важна вывучыць сваё генеалагічнае дрэва, падзеі і лёсы продкаў, «навесці парадак» — усё і ўсіх расставіць па месцах, сумленна падзяліць адказнасць. Зняць з сябе тое, што фактычна належыць іншым. Калі бацька пасля нараджэння дачкі сышоў з сям'і, гэта магло накласці свой адбітак. Падсвядома аберагаючы будучае дзіця ад падобных перажыванняў, жанчына не можа зацяжарыць.

Што рабіць?

Складзіце сваю генаграму. Прааналізуйце гісторыю вашага роду: як складваліся справы з мацярынствам, ці былі страчаныя дзеці, ці былі няшчасныя і шчаслівыя маці ў вашым родзе? Якія пачуцці вы да іх маеце? Можна паспрабаваць арганізаваць віртуальны дыялог з асобамі, якія выклікаюць найбольшы водгук. Шчаслівых маці папрасіць дабраславіць вас на мацярынства, а тым, хто быў няшчасны, выказаць сваё спачуванне.

3. Няўдалыя цяжарнасці ў мінулым

Аборты, выкідышы, замерлыя, пазаматачныя цяжарнасці і нават няўдалыя спробы ЭКА — цяжкія выпрабаванні для жанчыны. Акрамя таго, што гэтыя падзеі ў прынцыпе няпроста перажыць, у нашай культуры і менталітэце яшчэ і стаўленне да такіх страт часцяком абыякавае.

Акружэнне ігнаруе тое, што адбылося, пазбаўляючы тым самым магчымасці перажыць, аплакаць і адпусціць гэтую страту: «Ды не хвалюйся, маладая, народзіш яшчэ!», «Чаго ты так пераймаешся? Гэта яшчэ не дзіця!» і г. д. Як вынік, жанчына перажывае ўсё на адзіноце і носіць боль у душы, не адпускаючы, займаючы тым самым месца іншага дзіцяці...

 
Ганна Матуляк
Кіраўнік Цэнтра сямейнага кансультавання, сямейны і рэпрадуктыўны псіхолаг, аўтар і вядучая арт-тэрапеўтычнага праекта для будучых маці «У чаканні цуду»
Любая страта павінна быць аплаканая, перажытая. На гэта патрэбныя сілы і час, якога жанчыне, бывае, проста не даюць. Важна ведаць, што самы востры перыяд — гэта першы год. На працягу гэтага часу стан можа мяняцца: смутак змяняецца аптымізмам і верай, потым зноў самота. Калі не знаходзіце падтрымкі ў сваім коле, звяртайцеся да спецыялістаў.

Бясплоддзе можа быць падарункам?

Наш эксперт Ганна Матуляк ведае пра праблему другаснага бясплоддзя не па чутках. 7 гадоў сям'я марна спрабавалазачаць другое дзіця, прычым з першай дачкой цяжарнасць адбылася з першага разу. Дыягназ «другаснае бясплоддзе» прымусіў пра многае задумацца. Ад стадыі адчаю муж і жонка прыйшлі да прыняцця і адчування радасці жыцця ў любым варыянце развіцця падзей.

 
Ганна Матуляк
Кіраўнік Цэнтра сямейнага кансультавання, сямейны і рэпрадуктыўны псіхолаг, аўтар і вядучая арт-тэрапеўтычнага праекта для будучых маці «У чаканні цуду»
Неяк я трапіла на семінар да вядомага псіхатэрапеўта Рымантаса Качунаса. Ён распавёў пра няпростую і доўгую працу з дзяўчынай, якая падвяргалася гвалту. Аднойчы псіхатэрапеўт спытаў у яе: «Калі б гэта згвалтаванне было тваім падарункам, што гэта магло б быць?» Гучыць жудасна, але пытанне дазволіла зірнуць на праблему зусім іначай. Яна ўжо ёсць. З ёй нічога зрабіць нельга. Можна толькі падумаць, як выкарыстаць сітуацыю максімальна спрыяльна для сябе. У выніку дзяўчына паступіла ва ўніверсітэт на факультэт псіхалогіі і стала працаваць з ахвярамі гвалту. Падобны паварот адбыўся і ў маім жыцці. Я працавала выкладчыкам, псіхолагам, у сферы кіравання персаналам. Але не адчувала сваёй дарогі. Даведаўшыся пра свой дыягназ і пагутарыўшы са многімі жанчынамі, я зразумела, як шмат з іх маюць патрэбу ў падтрымцы. Рэпрадуктыўная псіхалогія стала маёй любоўю і справай жыцця. Шмат гадоў мне задавалі пытанне: «Як вы можаце працаваць з бясплоддзем, калі самі не змаглі стаць мамай у другі раз?» На гэта я заўсёды адказвала так: «Не ў маёй уладзе, і нават не ва ўладзе ўсіх медыкаў свету гарантаваць 100% узнікненне цяжарнасці, але прыняць сітуацыю і жыць поўным і радасным жыццём, што б ні здарылася, можна!».

...А цуд усё ж такі адбыўся. І праз 7 гадоў абсалютна шчаслівыя і гатовыя да любога зыходу бацькі атрымалі запаветны пераднавагодні падарунак — дачушку Вікторыю. Перамога!

У кожнай пары свае прычыны і свой шлях пераадолення няпростай сітуацыі. Калі вы не спраўляецеся, калі стрэсаў і болю зашмат, не бойцеся звярнуцца па дапамогу да спецыяліста.

Exit mobile version