Як, адпачываючы ў гарачых краінах, не заразіцца жоўтай ліхаманкай? Дзе рэгіструюцца выпадкі чумы і халеры? Якія меры трэба распачаць, калі вас пакусала хворая на шаленства жывёла?
Пра гэта і многае іншае распавялі ў Нацыянальным прэс-цэнтры:
- прафесар кафедры інфекцыйных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, д.м.н. Сяргей Жаваранак;
- загадчыца аддзялення асабліва небяспечных інфекцый Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Анастасія Ляшкевіч.
Адпачынак ў гарачых краінах
Сабраліся ў краіны Афрыкі? Патрэбна прышчэпка супраць жоўтай ліхаманкі
Па словах Анастасіі Ляшкевіч, у многіх краінах, якія карыстаюцца папулярнасцю ў турыстаў, асаблівасці клімату (цёпла і вільготна) спрыяюць актыўнаму размнажэнню насякомых, у прыватнасці, камароў, якія з'яўляюцца пераносчыкамі шэрагу небяспечных інфекцый: жоўтай ліхаманкі, ліхаманак Дэнге, Зіка, Заходняга Ніла і інш.
Калі вы збіраецеся ў краіны, нядобранадзейныя ў плане жоўтай ліхаманкі (краіны Паўднёвай Амерыкі, Бразілія, Аргенціна і Венесуэла), за 10 дзён ад даты ад'езду варта вакцынавацца супраць гэтай інфекцыі.
Зрабіць такую прышчэпку можна ў 19-й цэнтральнай раённай паліклініцы Першамайскага раёна г.Мінска. Варта ўлічваць, што ў некаторых краінах у вас могуць запатрабаваць сертыфікат аб правядзенні вакцынацыі супраць жоўтай ліхаманкі.
На жаль, адзначыла Анастасія Ляшкевіч, вакцыны супраць іншых відаў ліхаманак не існуе. Таму засцерагчы сябе ад заражэння можна з дапамогай прафілактычных мер, якія дапамогуць абараніцца ад укусаў насякомых:
- адзенне павінна быць максімальна закрытым;
- пазбягайце месцаў, дзе магчымы выплод камароў (неглыбокія добра прагрэтыя вадаёмы, фантанчыкі або водныя збудаванні, дзе невялікая глыбіня і вада доўга застойваецца);
- выкарыстоўвайце рэпеленты, а таксама механічныя сродкі абароны (спецыяльныя полагі або сеткі на вокны).
У Дамініканскай Рэспубліцы, Гаіці, Індыі і Гоа высокая рызыка заражэння халерай. Інфіцыравацца можна праз ваду, забруджаныя харчовыя прадукты, а таксама кантактна-бытавым спосабам.
Акрамя гэтага, спецыяліст параіла не забывацца мыць рукі ці, калі няма такой магчымасці, выкарыстоўваць гель-антысептык для рук альбо сурвэткі, напітаныя антысептыкам.
На Мадагаскары зарэгістравана ўспышка чумы. Тым, хто збіраецца наведаць гэтую краіну, варта памятаць, што захворванне перадаецца праз укусы блыхаў і праз кантакт з хворымі жывёламі (грызунамі).
Па-за сезонам і межамі
У большасці краін свету рэгіструецца шаленства. Асабліва неспрыяльныя ў гэтых адносінах краіны Паўднёва-Усходняй Азіі і Афрыкі. Захворванне смяротнае, без своечасовай прафілактыкі ў 100% выпадкаў прыводзіць да смяротнага зыходу. У Беларусі з 2013 года, дзякуючы прафілактычным мерапрыемствам, не было зарэгістравана выпадкаў заражэння шаленствам сярод людзей. Разам з тым, выпадкі шаленства сярод жывёл – не рэдкасць.
Калі хворая жывёла пакусала, неадкладна, у гэты ж дзень звярніцеся па медыцынскую дапамогу. Небяспечнымі з'яўляюцца не толькі ўкусы, але і абдрапванне або асліненне скурных пакроваў. Гэта звязана з тым, што вірус шаленства можа пракрасціся ў арганізм нават праз мікраскапічныя пашкоджанні скуры. Звяртацца можна ў паліклініку па месцы жыхарства. Урач, які вас агледзіць, накіруе да хірурга або траўматолага для аказання антырабічнай дапамогі. Спецыяліст правядзе хірургічную апрацоўку раны. Гэта можна зрабіць і самастойна, прамыўшы месца ўкусу цёплай вадой з мылам і апрацаваўшы ёдам.
Чым раней пачнецца правядзенне антырабічнай дапамогі, тым большая яе эфектыўнасць. Самастойна адмяняць вакцынацыю або адмаўляцца ад яе катэгарычна нельга!
Энцэфаліт, барэліёз і яшчэ каля 10 інфекцый
Штогод у нашай краіне фіксуецца каля 1 тыс.выпадкаў Лайм-барэліёзу. Пераносчыкамі гэтай інфекцыі з'яўляюцца кляшчы. Зрэшты, гэтыя членістаногія з'яўляюцца крыніцай яшчэ больш за 10 небяспечных інфекцый, у тым ліку клешчавога энцэфаліту, анаплазмозу і тулярэміі.
Пасля ўкусу кляшча, падкрэсліў Сяргей Жаваранак, трэба абавязкова наведаць урача і прайсці курс антыбіётыкатэрапіі. У выпадку павышэння тэмпературы або з'яўлення плямаў на целе, галаўнога болю ці сімптомаў, звязаных з парушэннем мазгавой дзейнасці, варта неадкладна звяртацца па дапамогу да доктара.
Аматарам шашлыкоў са свініны, дзіка і аляніны эксперт параіў добра прасмажваць мяса, каб пазбегнуць заражэння гепатытам Е.
Якасная тэрмічная апрацоўка забівае гэты вірус.
https://bel.24health.by/simptomy-i-lechenie-lajm-borrelioza/