Як пазбавіцца ад болевага сіндрому? Ці дапаможа мануальны тэрапеўт? Чым небяспечныя блакады? Чым выклікана храбусценне ў пазваночніку? Які від спорту не пашкодзіць?
На пытанні чытачоў адказалі Віталь Забароўскі, вядучы навуковы супрацоўнік неўралагічнага аддзела РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі, галоўны пазаштатны спецыяліст па мануальнай тэрапіі Міністэрства аховы здароўя, Іосіф Міхневіч, загадчык неўралагічнага аддзялення № 1 5-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска, Аляксандр Бараноўскі, загадчык нейрахірургічнага аддзялення 5- й ГКБ, галоўны пазаштатны нейрахірург камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама.
Пачатак анлайн-канферэнцыі тут.
Калі дапаможа мануальны тэрапеўт?
Пасля спінальнай анестэзіі баліць паяснічны аддзел пазваночніка. Медыкаменты і фізіяпрацэдуры прыносяць часовае палягчэнне. Вынікі МРТ: маюцца прыкметы спандылаартрозу, у сегментах L3-S1 ёсць цыркулярныя пратрузіі дыскавертэбральных комплексаў, якія выступаюць у прасвет пазваночнага канала на 3-5 мм з нязначнай кампрэсіяй дуральнага мяшка. Пазваночны канал не звужаны. Заключэнне МРТ: дэгенератыўныя змены ў паяснічным аддзеле пазваночніка. Як пазбавіцца ад болевага сіндрому? Ці дапаможа мануальны тэрапеўт? Вольга
Ангіятрафанеўроз рук, выяўлена асіметрыя крованапаўнення ў перадплеччах і кісцях. Пры гэтым на МРТ– прыкметы ўмерана выяўленых дэгенератыўных змяненняў шыйнага аддзела пазваночніка. Вельмі мучаць адчуванні паколвання, здранцвенні, «поўзанні мурашак» на далонях. 2. Выяўлена грыжа (да 7 мм) у сегменце L5-S1. Боль злева ў паяснічна-крыжавым аддзеле, цяжка доўга сядзець, боль аддае ў пахвінную вобласць. Лячэнне і рэкамендаваныя мерапрыемствы праводзіліся, але беспаспяхова. Ці дапаможа мануальны тэрапеўт? Вольга
Віталь Забароўскі:
Ангіятрафанеўроз (хвароба, сіндром Рэйно) не з'яўляецца паказаннем да прызначэння мануальнай тэрапіі. Па другім пытанні: грыжа памерам 7 мм можа з'яўляцца супрацьпаказаннем да прымянення мануальнай тэрапіі ў выпадку, калі гэта фарамінальная грыжа – частка дыска, якая выпнулася, накіраваная ў міжпазванковую адтуліну і сцісквае карэньчык, які праходзіць у ім. Або калі грыжа накіраваная ў пазваночны канал (медыянная, парамедыянная) і памяншае яго пярэдне-задні памер да 14 мм і меней. Боль у пахвіне не звязаны з дадзенай грыжай, бо гэтую зону інервуе L1 карэньчык, не звязаны з сегментам L5-S1, у якім у вас выяўлена грыжа. Для ўдакладнення дыягназу можа спатрэбіцца абследаванне органаў малога таза, кансультацыя гінеколага і ўролага. Часта боль у гэтай вобласці таксама можа правакаваць артроз тазасцегнавых суставаў.
Праблема са спіной існуе 7 гадоў. Усё пачалося з невялікага храбусцення ў шыі. З гадамі храбусценне ўзмацнілася. Зараз спазміраваныя мышцы, з'явіўся істотны дыскамфорт у шыі, заціснутасць каўняровай зоны, турбуе паясніца з правага боку. Нядаўна знайшоў ролікі з Алегам Шадскім, вертэбролагам, вісцэральным тэрапеўтам. Ён упраўляе першы шыйны пазванок атлант – і спіна рэабілітуецца. Ці можна давяраць гэтаму метаду? Дзмітрый, 33 гады
Віталь Забароўскі:
Перш чым задавацца пытаннем, пачынаць ці не пачынаць лячэнне якім-небудзь «мадэрнавым» метадам, неабходна атрымаць кансультацыю класічнага неўролага або мануальнага тэрапеўта, якія абавязкова накіруюць вас на рэнтгенаўскае абследаванне або МРТ для вызначэння дыягназу і прызначаць эфектыўнае лячэнне.
Ці магчыма пасля аперацыі па выдаленні грыжы пазваночніка прымяненне мануальнай тэрапіі?
Віталь Забароўскі:
У выпадку пашкоджання дыска (прычына не такая ўжо і важная), яго фібратызацыя («гаенне») займае ад 9 да 16 месяцаў – у сярэднім адзін год. Гэткае павольнае «гаенне» звязана з тым, што міжпазванковы дыск – самае вялікае бессасудзістае ўтварэнне арганізма чалавека. Таму ў гэты прамежак часу непажадана занадта актыўнае механічнае (мануальнае) ўздзеянне на пашкоджаную зону. Мэтазгодна выкарыстанне мяккатканкавай тэхнікі мануальнай тэрапіі, а таксама трэніруючай тэрапіі для стварэння дастатковага мышачнага гарсэта ў зацікаўленай зоне, аднаўлення парушанага рухальнага стэрэатыпу з дапамогай спецыяльных практыкаванняў. У любым выпадку, магчымасць прымянення пэўнай мануальнай тэхнікі ўрач мануальнай тэрапіі вырашае індывідуальна.
Калегі кажуць, што я часта горблюся, выцягваю шыю наперад. Што вы параіце для карэкцыі паставы офіснаму работніку? Ці варта выкарыстоўваць карэктар паставы?
Віталь Забароўскі:
Выцягваць шыю наперад вельмі шкодна. Гэта звязана з тым, што пры нахіле галавы наперад усяго на 2,5 см ад правільнай пазіцыі нагрузка на пазваночнік павялічваецца на 0,5 кг. Таму мэтазгодна ўсталяваць на смартфон або камп'ютар спецыяльныя праграмы або проста запраграмаваць сігналы, якія гучаць праз пэўны час і будуць нагадваць пра неабходнасць займаць правільнае становішча: вонкавы слыхавы праход і тазасцегнавы сустаў павінны знаходзіцца практычна на вертыкальнай лініі. Карэктар паставы лепей выкарыстоўваць у выглядзе спецыяльнага прыстасавання – «майстра паставы», прылады ў выглядзе вялікай таблеткі, якая мацуецца на вопратцы. Пры адхіленні часткі цела ад правільнага становішча чуецца гукавы сігнал. Або прылада вібрыруе да таго часу, пакуль чалавек не зойме правільнае становішча. Праз пэўны час выпрацоўваецца звычка захоўваць правільную паставу, і неабходнасць у нашэнні прылады адпадае.
Які від спорту не пашкодзіць?
Якім відам спорту можна займацца, калі ёсць міжпазваночная грыжа, але яна не турбуе?
Аляксандр Бараноўскі і Іосіф Міхневіч:
Можна займацца любым спортам, але ён павінен выключаць вялікія восевыя нагрузкі на пазваночнік (штанга, паўэрліфтынг і г.д.). Асабліва добра: лячэбная гімнастыка, хада, у тым ліку скандынаўская, плаванне.
Ёсць грыжа Шморля, L4-L5. Пры абвастрэннях боль здымаў абязбольвальнымі, кропельніцамі. Але ў пэўны момант гэтыя дзеянні перасталі прыносіць палёгку, пачаўся яшчэ і перакос таза. Пры дапамозе якіх практыкаванняў вярнуць сабе паўнавартасны рух (без лекаў і аперацый)? Дзмітрый
Іосіф Міхневіч і Аляксандр Бараноўскі:
Рэкамендуем лячэбную гімнастыку лежачы, плаванне. Неабходныя практыкаванні на выцяжэнне пазваночнага слупа: падводнае выцяжэнне і сухое – на шведскай сценцы.
Ці рэальна такім спосабам, які рэкамендуе штангіст Андрэй Арамнаў, вылечыць грыжу? (Спартсмен на працягу 5 хвілін ляжыць на двух лавачках: плечы на адной, лыткі і ступні – на другой, а цела, такім чынам, вісіць над пустой прасторай. - Рэд.). Віталь
Чым небяспечныя блакады?
У мяне грыжа ў паяснічным аддзеле. Было абвастрэнне, доўга не праходзіла, зрабіла чатыры блакады. Ведаю, што некаторыя ўрачы супраць блакадаў. Чаму? Чым яны могуць быць небяспечныя?
Іосіф Міхневіч:
Пры правядзенні блакадаў трэба валодаць пэўнай тэхнікай. Існуе небяспека інфекцыйных ускладненняў і пашкоджання суседніх структур.
Чаму расце колькасць захворванняў апорна-рухальнага апарата і захворванняў на касцёва-мышачную дыстрафію? Праблемы ўжо выходзяць на першыя пазіцыі па маштабах рэцыдываў. Экалогія? Хацелася б пачуць меркаванне пра самарэгуляцыю і аднаўленне арганізма, у тым ліку рэпрадукцыі тканак і клетак, ажно да знікнення грыжаў і аднаўлення міжпазванковых дыскаў з-за змены ладу жыцця. Такое магчыма?
Іосіф Міхневіч:
Хваробаў касцёва-мышачнай сістэмы сапраўды становіцца больш. Прычыны шматлікія, у тым ліку і экалогія. Здаровы лад жыцця адназначна спрыяе самарэгуляцыі і аднаўленню арганізма. Грыжы дыскаў схільныя да эвалюцыі і знікаюць з часам пры правільным працоўным i рухальным рэжыме, захаванні правілаў эрганомікі.
Левабаковая парамедыянная сыходная грыжа дыска Л5_S1, якая выступае ў прасвет спіннамазгавога канала да 7 мм (шырыня асновы 8 мм кранія каузальны 12мм), адцясняючы нервовы карэньчык ззаду. Л 4_Л5 пратрузія да 3мм. Выяўлены болевы сіндром. Лячэнне доўжылася 4 месяцы. Зараз адчуваю здранцвенне, хутка стамляюся. Падкажыце ваша лячэнне.
Іосіф Міхневіч:
Рэкамендую лячэбную гімнастыку лежачы, плаванне, падводны душ-масаж.
Аляксандр Бараноўскі: У вашым выпадку найбольш мэтазгодна аператыўнае лячэнне – выдаленне грыжы міжпазванковага дыска.
Ці можа страта вагі выклікаць боль у спіне?
Ці можа міжпазваночная грыжа даваць боль у спіне і схватачны боль унізе жывата? Таццяна, 36 гадоў
Чым выклікана храбусценне ў пазваночніку? Гэта солі? І што рабіць? Вольга
Іосіф Міхневіч:
Храбусценне ў пазваночніку выклікана зменамі ў міжпазванковых суставах. Неабходная кансультацыя рэўматолага.
Грыжа паяснічнага аддзела L3-L2 моцна не турбавала, пакуль не вырашыў скінуць трохі вагі. За 2 тыдні скінуў 8 кг (з 92 кг). Пры гэтым актыўна рабіў несілавыя практыкаванні (агульная фізкультура). Праз месяц з'явіўся боль у спіне, які пераходзіў у суставы ніжніх канечнасцяў (тазасцегнавага, каленнага, пальцаў ног, рук і плечавога сустава). Боль прагрэсуе з кожным днём, нестэроідныя прэпараты моцнага эфекту не даюць. Ці магчыма, што мой цяперашні стан, боль у спіне выкліканыя рэзкім змяненнем рацыёну харчавання і стратай вагі?
Іосіф Міхневіч:
У вас клініка паражэння суставаў. Патрэбна кансультацыя рэўматолага.
МРТ паяснічна-крыжавога аддзела выявіла зрушэнне пазванкоў. Лакалізацыя болю – правы пах нагі. Потым унутраны бок правага сцягна. Далей – правы каленны сустаў, затым вандроўны цягнучы боль па ўнутраным баку лыткі. А затым тупы пякучы боль у вобласці костачкі на галенастопе. Часам «дацягваецца» да пальцаў правай нагі. Боль не адступае. Што гэта можа быць і што параіце?
Іосіф Міхневіч:
У вас клініка паражэння L4 карэньчыка. Неабходная кансультацыя неўролага і падбор лячэння.
Аляксандр Бараноўскі: Дадзеныя МРТ неабходна пракансультаваць у артапеда-траўматолага, а затым пракансультавацца ў неўролага і нейрахірурга.
Турбуе моцны боль у паяснічным і крыжавым аддзелах пазваночніка, моцная скаванасць рухаў у перыяд абвастрэння. Якія даследаванні вы рэкамендуеце і да якога канкрэтна спецыялiста трэба звяртацца (траўматолаг, хірург, неўрапатолаг)?
Іосіф Міхневіч і Аляксандр Бараноўскі:
Трэба здаць агульны аналіз крыві і МРТ паяснічна-крыжавога аддзела пазваночніка. У залежнасці ад вынікаў будзе зразумела, да якога спецыяліста звяртацца. Але спачатку дакладна трэба да неўролага.
Неабходна паўторнае лячэнне
У мяне міжпазваночная грыжа л4-л5 памерам 9мм. Ляжаў у шпіталі ў снежні 2018, але ўсё роўна баліць правая нага. Якія рэкамендацыі вы дасце?
Аляксандр Бараноўскі:
Неабходна яшчэ раз прайсці курсавое лячэнне ў неўралагічным аддзяленні. Затым абавязкова паўтарыць МРТ паяснічна-крыжавога аддзела пазваночніка і пракансультавацца з нейрахірургам.
Падкажыце, як аднавіць органы таза пасля аперацыі на секвестрыраваную грыжу? Была зроблена аперацыя на дыску L5S1 у сёлетнім сакавіку экстрана. Пачалося здранцвенне правай ступні, ягадзіц і пахвіны. Праблема засталася. Не магу хадзіць натуральна ў прыбіральню, пастаянныя запоры, няма пазываў. Што можна зрабіць? Алег
Аляксандр Бараноўскі:
Гэтыя змены патрабуюць паўторнага курса лячэння ў неўралагічным аддзяленні стацыянара.
На працягу 3-4 месяцаў адчуваю перыядычны боль у паяснічным аддзеле спіны. Калі зрабіць МРТ гэтай часткі спіны, ці дапаможа гэта зразумець, у чым справа? Калі так, дык дзе гэта можна зрабіць? Уладзімір
Іосіф Міхневіч:
МРТ паяснічна-крыжавога аддзела пазваночніка дапаможа высветліць прычыну. Дадзенае абследаванне можна выканаць у медыцынскіх цэнтрах Мінска або ў бальніцах горада, дзе маюцца апараты МРТ.
Фота экспертаў – Яўген Крэч.