Site icon Слушна

«Бог даў жывот. Бог дасць і здароўе», або Як раней на Беларусі лячылі хваробы жывата

«Бог даў жывот. Бог дасць і здароўе», або Як раней на Беларусі лячылі хваробы жывата

Невыпадкова ў нашай мове слова “жывот” сугучна са словам “жыццё” — некалі яны былі сінонімамі. І гэтая сінанімічная сувязь захавалася ў фальклоры, напрыклад, у прыказцы “Не шкадуючы жывата свайго”, гэта значыць — жыцця.

Беларусы 19 стагоддзе

Пагладзіць сякеркай

Старадаўнія лячэбнікі ад болю ў жываце ў першую чаргу раілі цяпло: пакласці нагрэтую патэльню, кавалкі верхняга слою земляной падлогі — “натопкі”, або паставіць на жывот гліняны гаршчок. Бывала, у гаршчок яшчэ клалі пук запаленай кудзелі. У некаторых вёсках, каб не балеў жывот, нашча елі тры лыжкі кіслай капусты, пілі халодную гарбату, раслінны алей і розныя ўзвары: пятрушкі, чарніц, брусніц, семя крапівы, кмену. Увесну сасновыя шышкі настойвалі на віне.

Шырока быў распаўсюджаны звычай гладзіць жывот каменнымі сякеркамі, якія былі вельмі папулярным лекавым сродкам. Іх з’яўленне ў народзе звязвалі з навальніцай. Лічылася, што такімі каменнымі стрэламі Пярун б’е чорта падчас навальніцы або прарок Ілля забівае злыдухаў. У некаторых вёсках верылі, што такія стрэлы на працягу 7 ці 12 гадоў знаходзяцца ў зямлі, а потым выходзяць на паверхню. Каменныя сякеркі называлі Перуновы стрэлы, Грамавыя стрэлы, Грамніцы, Чортавы пальцы, Чортавы пазуркі, Перкуна кулька, Страла з неба, Гірда ды інш. Знаходка такой каменнай сякеркі лічылася вялікім шчасцем, і яе старанна захоўвалі. Асабліва дзейснымі іх лічылі для лекавання жывата. Часам сякерку награвалі ці рабілі з яе парашок.

Асабліва каштоўнымі лічылі каменныя сякеркі са скразнымі адтулінамі. Праз адтуліну пралівалі ваду, якая пасля такого дзеяння нібыта станавілася лекавай, і ёй запівалі розныя парашкі. Хворыя месцы на жываце і ўвогуле на целе лячылі ўколамі знойдзеных апрацаваных крэменяў.

Ад розных хвароб жывата раілі настойваць на гарэлцы мох з сакральных валуноў. Да прыкладу, так рабілі ў вёсцы Горка Дзятлаўскага раёна або ў былой вёсцы Вязкі каля Браслава. Ад хвароб жывата таксама бралі ваду з шэрагу святых крыніц. Гэта крыніцы ў вёсках Баравуха і Труды Полацкага раёна, Палыкавічы Магілёўскага раёна. У Чарневічах Глыбоцкага раёна лекавую ваду з крыніцы трэба было піць цягам году тройчы на дзень.

Каб пячэйка не пякла…”

Пры пякотцы і пры катары страўніка ўнутр давалі піць самагон, раствор соды або чарку гарэлкі, змяшанай з пячным попелам і тоўчаным перцам, або салёную ваду з перцам, а таксама свіную жоўць з гарэлкай. Лекары прапісвалі штодня піць па чарцы гарэлкі, настоенай на палыне, мяце, балотным бабоўніку, траве дуброўцы.

Каб пазбыцца пякоткі, трэба было есці рэшткі цеста, што заставаліся на хлебнай лапаце пасля таго, як хлеб пасадзілі ў печ. “Каб пячэйка не пякла, трэба было есці той хлеб, што на нож набярэцца, кроячы”. Тое самае раілі і цяжарнай жанчыне, якая пакутавала ад пякотак — есці хлебны мякіш, які прыстаў да нажа, калі яна рэзала бохан. А яшчэ такая цяжарная павінна была цішком пайсці ў лазню і там, заклаўшы рукі назад, тройчы пракаўтнуць вады з якой-небудзь пасудзіны.

У некаторых выпадках лічылі, што “печая бывае ад нястраўнасці да яшчэ ад таго, калі хто пазайздросціць, як убачыць, калі той есць што-небудзь смачнае”. Апроч шматлікіх іншых сродкаў, найчасцей раілі ад пякоткі піць вельмі моцна пасоленую ваду і грызці крэйду ці вугаль, або есці сырую фасолю і гарох. У апошнім выпадку трэба было каўтаць гарошыны і фасоліны цэлымі.

Цікава, што прычынай узнікнення пякоткі была і неахайнасць у прыгатаванні і спажыванні страў. Прыкладам, пякотка ўзнікала ў тых, хто еў з місы, адкуль ела котка, або піў з кубка, з якога яна піла. Таксама, калі кот выліжа патэльню, а гаспадыня не памые яе, а потым штосьці на ёй пасмажыць, то той, хто з’ясі так прыгатаваную страву, будзе пакутаваць на пякотку.

Захавалася старадаўняя замова ад “жогі” або пякоткі: “Пячай пячэ,/ Цераз мост вада цячэ,/ Мост уваліўся,/ Пячай утапіўся”.

Канапляны сок ды іншыя сродкі

Пры коліках у жываце нашы продкі пілі з гарэлкай воўчыя кішкі, сцёртыя ў парашок, або таўклі абрыкосавыя ядры і пілі іх з вадой ці елі з мясной поліўкай.

Пры болю ў нырках лячэбнікі 19 стагоддзя раілі розныя жывёльныя лекі. Так, заячы памёт спальвалі ў попел і пілі з вадой. А галубіны памёт з семем крэс-салата гэтаксама разводзілі ў вадзе і пілі. Парашкі рабілі з каменьчыкаў, якія былі ў жоўці быка, з каменьчыкаў з галавы шчупака і акуня.

У якасці мачагоннага сродку выкарыстоўвалі канапляны сок — канаплянае малако, ягады ядлоўца, сок цыбулі, тоўчаны з цукрам. Рабілі узвар з ягад шыпшыны і праз кожныя дзве гадзіны пілі па шклянцы.

Ад хваробы печані раілі вымаць з жывой рыбы жоўць. Потым абмачыць у ёй два пальцы, указальны і сярэдні, намаляваць жоўцю крыж на тым месцы, дзе печань у хворага, ды сказаць: “Рыба здохла, жоўць яе падсохла. Печань пойдзе ў рабы Божай (імя) на вылячэнне. Амінь”.

Калі хварэлі на запор, то пілі шклянку ці дзве сывараткі, ці шклянку агурэчнага расолу, ці ваду, якой была вымыта квашня, або сырое малако ці салёную гарэлку, гарбату з мяты ці палыну, адвар кары крушынніка ці прастрэла. Косткі свіных ног спальвалі і іх попел пілі з вадой.

У старадаўніх лячэбніках шмат увагі надавалася змаганню з глістамі. Калі чалавек скардзіўся на боль у жываце, то знахары казалі, што чалавек пакутуе на глістоў, і нават запэўнівалі, што чуюць у жываце іх бурчанне. Прыкметамі наяўнасці глістоў лічылі кругі пад вачыма, бледнасць твару, ваніты, пухлы жывот, сверб у носе. Пры такіх сімптомах раілі піць мятныя кроплі. Таўклі жывых ракаў і клалі на жывот. Шкарлупінне з курыных яек расціралі ў парашок і пілі з вадой. Глісту, якая выйшла з чалавека, сушылі, таўклі ў парашок і пілі з гарэлкай. Выкарыстоўвалі і свежы канапляны алей, яго прымалі па адной чайнай лыжцы двойчы на дзень.

Лекі ад глістоў давалі менавіта ў апошнюю квадру месяца і ніколі на маладзік. Асабліва стараліся рознымі метадамі засцерагчы ад глістоў немаўлят. Дзеля гэтага з тушы дзіка выразалі мачавы пухір, змешвалі мачу з пакостам — танным неачышчаным сланечнікавым алеем. Потым пухір вешалі ў дым, пасля чаго ім церлі ў немаўляці пупок для змярцвення глістоў. Таксама раілі рабіць купель для дзіцёнка з казіных выпаражненняў. Пасля гэтага на целе дзіцяці з’яўляліся чорныя пухіркі. Іх зразалі брытвай з упэўненнасцю ў тым, што гэта галоўкі глістоў.

Увогуле хваробам дзяцей надавалі вялікую ўвагу і ўжывалі для іх лекавання даволі дзіўныя захады. Так, калі ў маленькага дзіцёнка выпадалі кішкі, трэба было ўзяць яго за ножкі і, перавярнуўшы галоўкаю долу, тройчы страсянуць. Калі тое самае даводзілася рабіць з больш дарослым дзіцём, то ў двярны вушак забівалі моцны цвік і падвешвалі дзіця нагамі ўгору прыблізна на паўгадзіны. Прычым гэта варта было паўтарыць тройчы.

Вострыя болі ў страўніку дзіцяці беларусы называлі “разачкай” і лічылі, што яны здараюцца ад таго, што цяжарная маці хадзіла па пілавінні. Вельмі хутка вылечвалі гэту хваробу купаннем у адвары тых самых “пілавін”, праз якія праходзіла цяжарная.

Народныя забабоны ад болю ў жываце, запісаныя этнографамі напачатку 20 стагоддзя.

Калі жывот баліць, то найлепей разарваць прарэх у сарочцы, то і хутка мінецца”.

Няможна ніколі станавіцца на тым месцы, дзе конь качаўся, бо жывот будзе балець. Некаторыя таксама баяцца, што праз гэта ногі могуць балець”.

Боль жывата хутка сунімаецца, як на жывот кінуць горшчык ці чэрава моцна пацерці тою суконкаю, якую насіў ужо змарлы чалавек”.

“Калі баліць жывот, то трэ, каб на голае чэрава трэйка падзьмухаў хто-небудзь, хто ў свае маткі радзіўся першы ці апошні”.

“Калі жывот баліць з таго, што вельмі шмат чаго з’еў, то трэ, каб хто добра памяў, гаворачы: “Гэта табе за тое, што не маеш меры да ў сабе веры”.

Як у жываце завядзецца гад (саліцёр), то трэба наварыць папаратняга карэння да й піць тую юшку. Таксама вельмі помачна класці нанач пад галаву папараць, бо гад не любіць яе паху”.

Як раней беларусы змагаліся з халерай?

Exit mobile version