Site icon Слушна

Боль росту: як дапамагчы дзіцяці расці без слёз

Роставы боль не хвароба. Як адрозніць яго ад захворвання

Дзіця прачынаецца сярод ночы з вачыма, поўнымі слёз: «Ножкі баляць!» Бацькі ў разгубленасці і паніцы, бо напярэдадні ўсё было ў парадку. У галаве мільён і адно пытанне: што рабіць, як дапамагчы, да каго звяртацца? Галоўнае ў такой сітуацыі – захоўваць спакой. Магчыма, дзіцяці балюча, бо ён... расце.

Што такое роставы боль і як дапамагчы малышу з ім справіцца, журналісту Слушна распавёў дзіцячы хірург, траўматолаг-артапед 5-й дзіцячай гарадской паліклінікі г.Мінска Сяргей Емяльянаў-Янкоўскі.

Роставы боль: што, дзе, калі?

Роставы боль не хвароба?

Паводле неафіцыйнай статыстыкі, скаргі на боль росту ўзнікаюць у кожнага другога дзіцяці ва ўзросце ад 4 да 10 гадоў.

 
Сяргей Емяльянаў-Янкоўскі
Дзіцячы хірург, траўматолаг-артапед 5-й гарадской дзіцячай паліклінікі г.Мінска
Лічыцца, што боль узнікае з-за неадпаведнасці ў росце костак, мышцаў і сухажылляў. Костка хутка расце, цягне за сабой сухажыллі, мышцы, і яны ўвесь час знаходзяцца ў нацягнутым стане. Калі дзіця старанна займалася на спартыўнай трэніроўцы ці нават проста было вельмі актыўным і рухомым на працягу дня, тады вышэйшая верагоднасць, што ўвечары ці ўночы яго будзе турбаваць боль у канечнасцях. У перыяд так званых скокаў росту балючыя адчуванні праяўляюцца найбольш часта.

Як правіла, дзіця скардзіцца на хваравітасць у мышцах сцёгнаў і галёнкі, рэдка – у руках.

Характэрная асаблівасць роставага болю ў тым, што ён нагадвае пра сябе менавіта ўвечары і ўночы, хаця мышцы знаходзяцца ў напрузе і падвяргаюцца нагрузкам на працягу ўсяго дня. Эксперт тлумачыць гэта рознасцю актыўнасці мазгавых цэнтраў.

 
Сяргей Емяльянаў-Янкоўскі
Дзіцячы хірург, траўматолаг-артапед 5-й гарадской дзіцячай паліклінікі г.Мінска
Удзень увага дзіцяці адцягнутая ад яго ўласных адчуванняў, бо вакол столькі цікавага! А ноччу актыўнасць мазгавых цэнтраў змяняецца: выключаются глядзельны і слыхавы аналізатары, няма фактараў, якія адцягваюць увагу, і мозг пачынае збіраць інфармацыю з унутраных рэцэптараў – з органаў, тканак. Адпаведна, боль робіцца відавочным і адчувальным. Таму дзіця можа прачнуцца нават пасля некалькіх гадзін глыбокага сну.

Як дапамагчы?

Боль росту даволі інтэнсіўны, і параўнаць яго па адчуваннях можна з моцным ударам. Але сам па сабе ён не страшны і не прыводзіць ні да якіх непрыемных наступстваў, калі не лічыць перапуджанага дзіцяці, які прачынаецца сярод ночы, бо ў яго нешта баліць. Але ў такой сітуацыі, пагадзіцеся, і даросламу зрабілася б не па сабе.

Нягледзячы на гэта, хваравітасць у канечнасцях праходзіць даволі хутка. Але граматная дапамога і ўдзел бацькоў зусім не пашкодзяць.

  • Перш за ўсё трэба супакоіць дзіця. Раскажыце яму, што нічога страшнага не адбываецца, ён проста расце.
  • Лёгкі масаж, пагладжванне ножак нармалізуюць кровазварот і дапамогуць хваравітым адчуванням адступіць.
  • Калі дзіця вельмі адчувальнае, эмацыянальна лабільнае альбо скардзіцца на моцны боль, дапаможа доза ібупрафену. Але ў большасці выпадкаў масажу і спакойнай мамы побач цалкам дастаткова, каб суняць боль росту.

 
Сяргей Емяльянаў-Янкоўскі
Дзіцячы хірург, траўматолаг-артапед 5-й гарадской дзіцячай паліклінікі г.Мінска
Роставы боль можа турбаваць дзіця перыядычна ад некалькіх тыдняў да некалькіх месяцаў. Папярэдзіць ці прадухіліць яго нельга, як нельга забараніць малышу расці і актыўна рухацца. Таму важна разумець, што боль росту – з'ява часовая і ніякай шкоды для здароўя не нясе.

Як адрозніць боль росту ад паталогіі?

Тым не менш, любыя скаргі дзіцяці на самаадчуванне – нагода для бацькоў праявіць насцярожанасць, падкрэслівае эксперт. Часам пад боль росту могуць маскіравацца даволі сур'ёзныя паталогіі, напрыклад, артрыты. У сілу ўзросту дзіця не ў стане выразна апісаць характар, інтэнсіўнасць і лакалізацыю болевых адчуванняў – мышачны гэта боль або ламота ў суставах.

Таму варта звярнуць увагу на наступныя фактары:

  • дзіця скардзіцца на боль у нагах не толькі ўвечары/ўночы, але і ўдзень;
  • заспакаяльны масаж не прыносіць палягчэння;
  • болесуцішальны прэпарат не дае эфекту;
  • з'яўляюцца прыпухласць, пачырваненне, ацёкі;
  • узнімаецца тэмпература.

Калі назіраецца хаця б адзін з гэтых сімптомаў, Сяргей Емяльянаў-Янкоўскі настойліва рэкамендуе наведаць педыятра і як мінімум здаць агульны і біяхімічны аналіз крыві. Пры неабходнасці, каб выключыць сур'ёзныя паталогіі, урач прызначыць дадатковыя абследаванні.

Exit mobile version