Site icon Слушна

Боль успамінаў. Праект «Колеры Вялікай Перамогі» адкрылі ў Палацы мастацтва

Вялікая Айчынная вайна – адна з тых тэм, якая нікога не пакідае абыякавым. Гэта боль ўспамінаў ветэранаў, якія былі яе непасрэднымі удзельнікамі. Гэта памяць аб героях, падзеях, якія нельга забываць, у творах сучасных аўтараў. Беларускія мастакі гавораць пра Вялікую Айчынную вайну пранізліва, з болем, з пачуццём падзякі да тых, хто вынес усе нягоды на сваіх плячах.

Колеры вялікай Перамогі

20 чэрвеня ў Палацы мастацтва адкрылі выставачны праект «Колеры Вялікай Перамогі», прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.  Праект арганізаваны Беларускмі саюзам мастакоў пры падтрымцы і непасрэдным удзеле Беларускага саюза дызайнераў і Беларускага саюза архітэктараў.

Удзельнікі выстаўкі «Колеры Вялікай Перамогі» – творцы з розных рэгіёнаў Беларусі. Яны ўзнімаюць у сваіх работах тэму болю, які прыносіць народу вайна, крохкасці міру, тэму памяці пра тых, хто загінуў на франтах, хто вярнуўся і ўзнімаў жыццё на скалечанай зямлі. У экспазіцыі прадстаўлены жывапіс, графіка, скульптура, тэкстыль, дэкратыўна-прыкладное мастацтва, плакаты і фотаздымкі і і макеты манументаў і мемарыялаў, ад Хатыні да «Чырвонага Берага», ад Брэсцкай крэпасці да «Ямы» на месцы гібелі вязняў Мінскага гета і манумента «Праклён фашызму» ў вёсцы Шунеўцы.

Класікі і сучаснікі размясціліся побач, аб'яднаныя адной тэмай і адным болем: Леў Гумілеўскі, Леанід Левін, Анатоль Анікейчык ці Віктар Мурашоў, і аўтары, якія знаходзяцца на піку творчага росквіту —  Аляксандр Шаппо і Максім Пятруль.

Асобны праект выстаўкі — «Азарычы. Чорныя зоры», прымеркаваны да 80-годдзя вызвалення вязняў нацысцкага лагера смерці «Азарычы». 19 сакавіка 1944 года чырвонаармейцы 65-й арміі пад камандаваннем генерала арміі П. Батава вызвалілі вязняў канцэнтрацыйнага лагера ў Калінкавіцкім раёне. Лагер праіснаваў усяго 10 дзён. За гэты кароткі тэрмін тут загінулі больш як 20 тысяч старых, жанчын, дзяцей. Усяго ж гітлераўцы сагналі ў балоцістае месца непадалёк ад вёскі Азарычы больш за 50 тысяч людзей, якія знаходзіліся ў нечалавечых умовах.

— Прынцыпова важна паказаць і сённяшніх творцаў, як яны мысляць, як адчуваюць тэму вайны, — патлумачыла на адкрыцці выстаўкі Першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч. — І я разумею, наколькі гэта важная і складаная задача. Таму што ветэрану ці чалавеку, які перажыў нават маленькім жахі вайны, было прасцей выказацца. Маладому мастаку значна складаней. Аднак трансфармацыя мастацкай мовы, асэнсаванне вайны маладымі, мабыць, будуць цікавыя гледачу. На выстаўцы мастакі выказваюцца яшчэ пра адну важную тэму — трагедыю жанчын, матуль, якія адправілі на вайну сваіх дзяцей, бо заўсёды ў беларускім мастацтве галоўны — чалавек. Гэта і ёсць наш уклад у творчае асэнсаванне тэмы 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Праект аб'яднаў творчую групу гомельскай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў. У ім панарамна разгорнутая тэма выкрыцця генацыду. Жывапісныя і графічныя работы не толькі раскрываюць старонкі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, ад якіх нават у самых стойкіх прадстаўнікоў чалавецтва, стыне кроў, але і захоўваюць памяць, заклікаюць не дапусціць паўтарэння здарэння. Уражанне ўзмацняецца дакументальнымі матэрыяламі: фатаграфіямі, успамінамі былых вязняў. У выставачным праекце ўзялі удзел прадстаўнікі трох пакаленняў мастакоў Гомельшчыны.

Тэма вайны на выстаўцы цесна пераплятаецца з тэмай міру: побач са стратамі, подзвігам і горкай памяццю — тое, чаго пазбавіліся, калі ў 1941-м грымнула сусветная бура, і тое, за што ваявалі, што здабылі.

У экспазіцыі выстаўкі можна пазнаёміцца таксама з работамі класікаў беларускага мастацтва з калекцыі Беларускага саюза мастакоў, прысвечаным тэме самаадднанай барацьбе жанчыны на франтах вайны, подзвігу ў тыле.

У рамках праекта прадстаўлены работы секцыі «Традыцыя», сярод сябраў якой шмат дзяцей ваеннага часу. Асобная экспазіцыя распавядае пра помнікі ваеннага часу (мемарыяльныя комплексы, манументальныя аб’екты, памятныя знакі), створаныя скульптарамі, сябрамі Беларускага саюза мастакоў, і архітэктарамі, сябрамі Беларускага саюза архітэктараў. Мастакі тэатра, кіно і тэлебачання прадставілі эскізы і макеты да фільмаў і тэатральных пастановак, знятых у апошняе дзесяцігоддзе па тэме Вялікай Айчыннай вайны.

Важным складальнікам выстаўкі з’яўляецца і агульная экспазіцыя сучасных аўтараў з розных рэгіёнаў Беларусі. На ёй можна пазнаёміцца з тэматычнымі карцінамі, краявідамі, партрэтамі, скульптурнымі кампазіцыямі, творамі керамікі, шкла і тэкстылю, арт-аб’ектамі. У гэтых работах гучыць памяць аб мінулай вайне, заклік да забароны ўсіх форм генацыду ў сучасным свеце.

У студзені 2022 года быў прыняты закон Рэспублікі Беларусь «Аб генацыдзе беларускага народа» ў мэтах захавання памяці аб мільёнах савецкіх грамадзян, якія сталі ахвярамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд. Гэта даніна павагі загінуўшым, бязвінна знішчаным грамадзянам нашай краіны.

Праект «Колеры Вялікай Перамогі» таксама гаворыць пра памяць, выяўляючы гэту тэму сродкамі мастацтва.

Сёння амаль не засталося мастакоў, якія самі перажылі вайну, генацыд ці халакост. Тое, з чым працуюць у наш час аўтары, – гэта памяць пакалення, якое жыло да іх. Гэта – метафары, рэфлексіі на тэму гісторыі вайны, аповяд аб болі і душэўных траўмах, якія яна нясе. Работы нашых сучаснікаў часта валодаюць складанай сэнсавай нагрузкай, а іх назвы адсылаюць да літаратурных твораў.

Нашы мастакі інтэрпрэтуюць гэтыя вобразы, падзеі, якія вызначаюць вельмі значную для беларускай гісторыі дату – 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысціх захопнікаў.

Пранізлівая праўда ваенных часоў. Цікавыя факты з прэм’еры спектакля «Горкі хлеб»

Exit mobile version