У аднаго чалавека з дзесяці хвароба Крона дэбютуе адразу цяжкімі ўскладненнямі. У астатніх выпадках размытасць і непастаянны характар сімптомаў паталогіі прыводзяць да таго, што чалавек можа хварэць гадамі і не здагадвацца пра няпросты дыягназ. Між тым, выбар метадаў тэрапіі і яе поспех напрамую залежаць ад таго, наколькі адказна і насцярожана чалавек ставіцца да свайго здароўя, наколькі рана ён звярнуўся па дапамогу да ўрача.
Пра метады дыягностыкі хваробы Крона, спосабы яе лячэння, а таксама пра тое, ці можна прадухіліць развіццё паталогіі, журналіст інфармацыйнага партала Здаровыя людзі размаўляла з дацэнтамі кафедры гастраэнтэралогіі і нутрыцыялогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Аленай Адаменка, Вольгай Жарской, а таксама аспірантам кафедры Таццянай Сталяровай.
Дыягностыка хваробы Крона
Хваробу Крона «ўбачыць» па лабараторных аналізах нельга. Яны толькі ўскосна могуць паказваць на запаленчае захворванне кішэчніка і з'яўляюцца падставай для ўрача праявіць насцярожанасць у дачыненні да хваробы Крона.
Лячэнне хваробы Крона
Хвароба Крона – хранічнае запаленчае захворванне, таму пра поўнае вылячэнне гаворка, на жаль, не ідзе. Затое ўвесці хваробу ў стан працяглай рэмісіі сучаснай медыцыне цалкам па сілах. Праўда, вельмі многае тут залежыць ад самога чалавека.
У залежнасці ад ступені цяжкасці захворвання выкарыстоўваюцца медыкаментозны і хірургічны метады лячэння хваробы Крона. Рашэнне аб выбары метаду лячэння прымае выключна ўрач.
Прафілактыка ўскладненняў
Пра тое, каб прадухіліць развіццё хваробы Крона, у прынцыпе, казаць досыць складана, пакуль дакладныя прычыны захворвання застаюцца не высветленымі. Галоўнае, лічаць эксперты, не ігнараваць любыя сімптомы нядужання і запісацца на прыём да ўрача агульнай практыкі альбо гастраэнтэролага.
Змякчыць праявы хваробы дапамогуць:
- адмова ад курэння;
- прыём нестэроідных супрацьзапаленчых прэпаратаў толькі па паказаннях і па прызначэнні ўрача. Ад самалячэння любымі лекавымі прэпаратамі варта адмовіцца катэгарычна;
- захаванне рэжыму харчавання, збалансаваны і разнастайны рацыён;
- прафілактыка кішачных інфекцый і пераахаладжэння;
- спакойны эмацыянальны стан, правільная рэлаксацыя. Спецыялісты адзначаюць, што нярэдка першая маніфэстацыя хваробы здараецца ў студэнтаў падчас экзаменацыйных сесій на фоне стрэсаў і нервовага ператамлення.
Акрамя таго, ёсць дадзеныя, што грудное выкормліванне зніжае ў дзяцей рызыку запаленчых захворванняў кішэчніка, у тым ліку хваробу Крона, на 33%.
Хвароба Крона – не прысуд. Многія пацыенты з дыягназам працягваюць весці паўнавартаснае жыццё і захоўваюць яго высокую якасць. Галоўнае – праявіць свядомасць і не заплюшчваць вочы на сімптомы нездароўя ў надзеі, што хвароба пройдзе сама па сабе. Затое пад строгім наглядам урача-гастраэнтэролага і пры выкананні ўсіх яго прызначэнняў і рэкамендацый на сімптомы хваробы сапраўды можна будзе забыцца назаўжды.