Ці можна наведаць родзіча ў рэанімацыі і прынесці яму булён? Ці аплацяць бальнічны, калі ляжыш у стацыянары з дзіцем? Ці пусцяць бацькоў да неданошаных дзяцей? Эксперты адказалі на самыя распаўсюджаныя пытанні пры наведванні бальніц.
Ці можна наведваць родных у рэанімацыі?
У клініках Еўрасаюза і ЗША родныя ўжо даўно вольна наведваюць сваіх хворых членаў сям'і ў рэанімацыйных палатах. У Расіі, Украіне гэтае права таксама ўжо замацавана ў нарматыўных актах. У Беларусі пакуль няма адзінага падыходу і дакумента. Законам наведванні не забароненыя. Але сярод медыкаў існавала і да гэтага часу яшчэ існуе меркаванне, што родзічы ў рэанімацыі будуць толькі перашкаджаць, пісаць скаргі і заносіць дадатковыя інфекцыі.
– Гэта стары савецкі падыход, ад якога трэба адыходзіць, – лічыць Аляксандр Дзядзько, галоўны пазаштатны анестэзіёлаг-рэаніматолаг Міністэрства аховы здароўя. – Наведванне родзічамі пацыентаў у аддзяленнях рэанімацыі – абавязковы кампанент догляду і лячэння ў большасці краін свету. Па-першае, гэта станоўча ўплывае на самога пацыента: людзям у цяжкім стане неабходна бачыць родныя твары і адчуваць падтрымку сям'і. Пасля аперацыі на фоне болю і дыскамфорту пацыент аказваецца ў нязвыклай абстаноўцы, якая палохае, дзе кругласутачна гарыць святло, шуміць абсталяванне, вакол незнаёмыя людзі ў белых халатах і г.д. У гэтай абстаноўцы ў пацыента, асабліва сталага, нярэдка адбываецца зрыў адаптацыі, ён губляе арыентоўку ў часе, прасторы, што праяўляецца ў выглядзе псіхозу (дэлірыю). І ўрачам, акрамя асноўнага лячэння, трэба яшчэ прымаць дадатковыя меры па папярэджанні некантралюемых паводзінаў пацыента і іх наступстваў.
Па-другое, наведвальнікі ў рэанімацыі – гэта стымул для больш якаснага аказання дапамогі, свайго роду дадатковы кантроль.
Па-трэцяе, родзічы – яшчэ адзін рэсурс для дапамогі медперсаналу ў доглядзе і ранняй рэабілітацыі пацыентаў. Яны могуць дапамагчы памыць, пакарміць падапечнага, што цалкам натуральна. Некаторыя медыкі пярэчаць, маўляў, «родзічы пачнуць пісаць скаргі, што іх прымушаюць карміць і прыбіраць за хворым, хаця гэта функцыя медперсаналу» і г.д. Гэтага можна пазбегнуць, калі растлумачыць родным, што падняць чалавека на ногі – наша агульная справа. І хто, як не сваякі, павінны быць зацікаўленыя ў яго найхутчэйшым выздараўленні?!
Довады пра тое, што наведвальнікі прынясуць нейкія мікробы, неабгрунтаваныя, гэта міф. Асноўная наша праблема – унутрыбальнічныя інфекцыі, а не знешнія. Таму лічыцца, што неабавязкова пакаваць наведвальнікаў у халаты. Дастаткова бахілаў, каб проста не заносіўся вулічны бруд. Выкарыстанне аднаго і таго ж халата, які па чарзе апранаюць наведвальнікі розных пацыентаў, з пункту гледжання бальнічнай гігіены больш небяспечна.
Пускаць родных у аддзяленні рэанімацыі трэба яшчэ і для таго, каб людзі бачылі стан пацыента і яго дынаміку, якую дапамогу і намаганні прыкладваюць для яго выратавання. Важна, каб родзічы разумелі: не ўсё ў нашай уладзе, стан можа пагаршацца па аб'ектыўных прычынах, а не таму, што мы недагледжваем пацыента або яго «залечваем». Такім чынам, адкрытасць рэанімацыі дапаможа пазбегнуць непаразумення, канфліктаў і скаргаў.
На дадзены момант у Міністэрстве аховы здароўя падрыхтаваны ліст для стацыянараў аб парадку допуску наведвальнікаў да пацыентаў у аддзяленнях рэанімацыі. Мы лічым, што гэты дакумент павінен рэгламентаваць агульныя правілы, а канкрэтныя ўмовы прапісвацца на месцах з улікам спецыфікі аддзяленняў, – падсумоўвае Аляксандр Дзядзько.
Чым родныя могуць дапамагчы ў доглядзе?
Рэанімацыйныя палаты ў Беларусі ў большасці сваёй – гэта не адзінкавыя пакоі, а палаты на 2-6 чалавек, у якіх разам знаходзяцца і жанчыны, і мужчыны. Па штатным раскладзе ў большасці гэтых аддзяленняў на 6 чалавек прыпадае адзін урач і адна медсястра на 3 пацыенты. У медсясцёр шмат функцый: яны выконваюць прызначэнні ўрача (ін'екцыі, прыём лекаў), кормяць пацыентаў, транспартуюць іх на рэнтген, выконваюць усе працэдуры па медыцынскім доглядзе.
– Абавязкова двойчы на дзень мы ўмываем пацыентаў і праводзім гігіену інтымных месцаў. Медсёстры таксама цалкам мыюць падапечных, паварочваюць і перасоўваюць, каб не было пролежняў, кормяць, дапамагаюць аднаўляць страчаныя навыкі на стадыі рэабілітацыі. І дапамога родных тут бы вельмі спатрэбілася. Гэта не вызваліла б нас ад нагрузкі, проста пацыенту было б больш камфортна, – тлумачыць Кацярына Снецкая, старшая медсястра аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі №5 Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі. – У цэлым, калі чалавек бачыць вакол родных, ён адчувае сябе абароненым і супакойваецца.
– Акрамя таго, пацыентам неабходныя стасункі. Медсёстрам бракуе часу пагаварыць з кожным, і мы чужыя людзі. А калі чалавек мае стасункі з роднымі, у яго актывізуюцца ўспаміны, паляпшаецца настрой. Калі родзічы, напрыклад, падбадзёрваюць: «Тата, давай, мы цябе чакаем, хутка на рыбалку» і г.д., гэта добра матывуе на больш хуткае выздараўленне, – дадае медсястра аддзялення Надзея Галубкова.
Па нашых назіраннях, калі родныя часта наведваюць пацыента ў рэанімацыі і дапамагаюць, ён аднаўляецца хутчэй, гэта факт, кажуць медсёстры.
Ці патрэбна спецвопратка для наведвання?
Як правіла, наведвальнікаў аддзяленняў рэанімацыі папросяць апрануць бахілы і аднаразовыя халаты. Гэта культура наведвання стацыянара. Сёння ў буйных бальніцах прадугледжаны кіёскі, дзе можна гэта набыць. У некаторых стацыянарах халаты выдаюць для кожнага наведвальніка. Але ў цэлым, як кажа Аляксандр Дзядзько, па сучасных уяўленнях гэтага не трэба – наведвальнік можа прайсці да пацыента ў «сваёй» вопратцы, калі яна не забруджаная.
Ці можна прыносіць у рэанімацыю ежу з дому?
– У аддзяленнях рэанімацыі не прадугледжана захоўванне прадуктаў у халадзільніку, таму можна прыносіць ежу толькі для разавага ўжывання, – распавядае Вольга Святліцкая, рэаніматолаг гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі г.Мінска (ГК БХМД). – Пералік прадуктаў трэба абмяркоўваць з доктарам, які лечыць. Мы звычайна просім прыносіць пітную негазаваную ваду, морсы, маленькія 200-грамовыя пачкі соку, працёрты ў блэндары суп, булён са свежай курыцы. З малочных прадуктаў гэта могуць быць ёгурты з біфіда- і лактабактэрыямі. І лепей з серыі дзіцячага харчавання, бо гэта якасныя «далікатныя» прадукты, якія лягчэй засвойваюцца ў цяжкіх станах. У рэанімацыях большасць пацыентаў маларухомыя, не могуць прысесці, і ім неабходныя паільнікі. Альбо можна прынесці звычайныя пластыкавыя трубачкі з выгнутым канцом.
Што неабходна са сродкаў гігіены?
У аддзяленнях рэанімацыі дакладна спатрэбяцца гігіенічныя сурвэткі, памперсы, аднаразовыя цыраты. Прыбіральні для пацыентаў тут не прадугледжаны (за выключэннем рэдкіх аддзяленняў пасля рэканструкцыі). Таму пацыенты ходзяць у судна або падгузнікі. Памперсы ў асноўным патрэбныя для абароны ад калавых мас, бо для адводу вадкасці людзям звычайна ставяць мачавыя катэтары, праз якія мача выходзіць у спецыяльны мяшок.
– Урачам важна ведаць колькасць мачы (дыурэз), каб кантраляваць стан пацыента, таму мы выкарыстоўваем катэтары. Як толькі чалавеку лепшае і ён можа самастойна кантраляваць функцыю мачавога пузыра, мы іх дастаём, – тлумачыць Вольга Святліцкая.
Таксама патрэбны шампунь, расчоска, паколькі ў рэанімацыі пацыентам мыюць галаву. Для мужчын просяць брытву (станок для галення).
Ці можна прынесці сваю вопратку?
У рэанімацыйных аддзяленнях пацыенты ляжаць альбо без вопраткі, альбо ў адмыслова пашытых кашулях з завязкамі ці кнопкамі на плячах, каб у экстранных сітуацыях ва ўрачоў быў вольны доступ да ўсіх участкаў цела, асабліва ў вобласці грудзей і шыі.
Усе рэчы пацыента, у тым ліку сподняя бялізна, здаюцца на захоўванне, і да іх няма доступу да яго пераводу ў планавае аддзяленне або да выпіскі.
– У рэанімацыях, прызначаных для аказання экстраннай дапамогі пацыентам у крытычных станах (апёкавая, хірургічная, нейрахірургічная і інш.), прыносіць сваю бялізну не дазволяць. Яна і не трэба. Пацыенты, як правіла, без прытомнасці, на іх целе ўмацаваныя датчыкі рознай апаратуры. У рэанімацыях тэрапеўтычнай накіраванасці, напрыклад, пост інтэнсіўнай тэрапіі ў інфарктным аддзяленні, дзе пацыенты ў свядомасці, могуць быць паслабленні. Але калі чалавек выходзіць на стадыю рэабілітацыі, мы ва ўсіх аддзяленнях дазваляем прыносіць яму ніжнюю бялізну (майкі і трусы), але кожны дзень яна павінна быць свежай, – тлумачыць Вольга Святліцкая.
Ці можна ў рэанімацыі карыстацца гаджэтамі?
Гэтае пытанне не ўрэгуляванае, і кожная бальніца вырашае яго па-свойму.
– У нашым аддзяленні мы не дазваляем мець тэлефоны пад бокам. Пацыенты бываюць розныя, і лішні прадмет у руках можа ўяўляць небяспеку. Акрамя таго, гэта можа перашкаджаць іншым пацыентам, – тлумачыць Вольга Святліцкая. – Калі ўзнікае неабходнасць патэлефанаваць, урачы ніколі не адмовяць і зробяць такі званок родзічам. Таксама ў аддзяленнях рэанімацыі ёсць звычайны стацыянарны тэлефон, па якім родныя могуць даведвацца пра стан пацыента, пагутарыць з урачом, які лечыць. Усё індывідуальна. Да прыкладу, у нас ужо каля месяца ляжыць хлопец з цяжкай пнеўманіяй. Можна зразумець яго эмацыянальны стан ад працяглага знаходжання ў аддзяленні, страх ад перажытага. Мы дазволілі яму планшэт з навушнікамі, каб ён мог глядзець кіно і адцягваць сваю ўвагу.
Калі могуць адмовіць у наведванні?
Загадчык аддзялення або ўрач, які лечыць, мае права абмежаваць наведванне пацыентаў у рэанімацыі, калі родзічы хварэюць на інфекцыйныя захворванні, калі яны нецвярозыя. Таксама могуць абмежаваць наведванне дзецям да 14 гадоў.
– Гэта робіцца для абароны псіхікі дзіцяці. Не ўсе дзеці лёгка ўспрымуць, напрыклад, маму ў цяжкім стане, з правадамі і трубкамі, якія тырчаць з цела, – тлумачыць Вольга Святліцкая. – Пытанне наведвання непаўналетнімі мы вырашаем індывідуальна, у залежнасці ад клінічнай сітуацыі і перспектыў пацыента.
– Таксама ўрач можа не пусціць наведвальніка, калі сам пацыент супраць. Каго бачыць – вызначае менавіта пацыент, калі ён у свядомасці, адэкватны і дзеяздольны, – дапаўняе Аляксандр Дзядзько. – За мяжой часта гэта агаворваюць да аперацыі. Вядома, у выпадку экстраннай сітуацыі, калі загадзя гэтыя ўмовы не агаворваюцца, рашэнне, каго прапусціць да пацыента, а каму адмовіць, вырашаюць індывідуальна.
Ці можна аднаму з бацькоў ляжаць у рэанімацыі з дзіцем?
– Дарослыя, як правіла, не могуць знаходзіцца ў дзіцячых рэанімацыях з дзіцем кругласутачна, так прынята ва ўсім свеце, – кажа Аксана Свірская, галоўны пазаштатны дзіцячы анестэзіёлаг-рэаніматолаг Міністэрства аховы здароўя, загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі (з палатамі для нованароджаных дзяцей) РНПЦ «Маці і дзіця». – Бацькам дазваляецца толькі актыўна наведваць дзяцей. Але ў Беларусі ёсць клінікі, дзе ў аддзяленнях рэанімацыі ўжо створаны ўмовы для сумеснага знаходжання. Напрыклад, у Гарадской дзіцячай інфекцыйнай клінічнай бальніцы.
У нашым аддзяленні дзеці знаходзяцца ў ізаляваных боксах – асобных пакоях, каб не распаўсюджваць інфекцыю. І без дапамогі дарослага тут не абысціся, – тлумачыць Максім Ачарэтній, загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі №2 ГДІКБ. – Медсястра не можа кругласутачна знаходзіцца з дзіцем, бо на яе прыпадае тры пацыенты. Таму і было прынята рашэнне шпіталізаваць дзіця разам з адным з бацькоў. Так і дзецям спакойна, і маме. Яна побач, бачыць, якую дапамогу аказваюць яе дзіцяці ўрачы і медсёстры, у яе не ўзнікае сумненняў і пытанняў па лячэнні. Гэта вельмі добрая практыка.
Таксама бацькі могуць быць з дзецьмі ў рэанімацыі для апёкавых пацыентаў ГК БХМД.
У нашым аддзяленні мы не проста гэта вітаем, мы настойліва просім бацькоў знаходзіцца з дзецьмі кругласутачна. Калі мама побач з дзіцем, ён актыўны, лепей есць, яму меней трэба седатыўных лекавых сродкаў, – кажа загадчыца аддзялення Ларыса Залатухіна.
Ці можна наведваць неданошаных дзяцей?
– Калі дзіця нараджаецца нашмат раней за патрэбны тэрмін, яно разлучаецца з маці, бо павінна знаходзіцца ў спецыяльных умовах – інкубатарах, падлучанае да сістэмы жыццезабеспячэння, – тлумачыць Аксана Свірская. – Але мама і тата могуць наведваць такіх дзетак. У нас гэтак прынята вельмі даўно. Чаму гэта важна? Для маці разрыў з дзіцем – вялікі стрэс, часта яна можа адчуваць віну за заўчасныя роды і слабае здароўе малыша. Таму яна павінна бачыць яго, адчуваць сябе маці, якая адбылася. Вядома, выгляд немаўляці ў розных правадах, на штучнай вентыляцыі лёгкіх можа палохаць, але мы просім мам не плакаць. Тлумачым, што яны павінны выпраменьваць толькі станоўчую энергетыку, настройваць свайго малыша на выздараўленне. Бацькі павінны ведаць, што адбываецца з іх дзіцём, разумець дынаміку яго стану. Якраз падчас наведвання малыша мы расказваем ім, для чаго ўся гэтая апаратура, адказваем на любыя іх пытанні па здароўі дзіцяці. Бацькі могуць пагладзіць яго, пагаварыць з ім. Многія вяжуць для іх шапачкі, рукавічкі, пінеткі. Мы таксама просім абавязкова назваць малыша, каб нашы ўрачы і медыцынскія сёстры звярталіся да яго па імені.
А вось карміць грудзьмі пры наведваннях немагчыма, паколькі нашы маленькія пацыенты не могуць самі смактаць, сілкуюцца праз страўнікавы зонд. І ў нас пакуль няма тэхнічных магчымасцяў для выкарыстання сцэджанага мацярынскага малака. Але мы раім мамам сцэджвацца і яго захоўваць. Многія замарожваюць малако для будучага кармлення.
У нашай рэанімацыі бацькі могуць наведваць дзяцей з 13.00 да 14.00. Калі хтосьці не можа ў гэты час, паколькі шмат іншагародніх, усё вырашаецца індывідуальна з урачом, які лечыць. Калі пагроза для жыцця дзіцяці ліквідуецца, яго разам з мамай пераводзяць у планавае аддзяленне, дзе яны ўжо знаходзяцца разам да выпіскі, – распавяла Аксана Свірская.
Ці аплачваецца харчаванне і бальнічны, калі дарослы ляжыць з дзіцем?
Паводле закону, адзін з бацькоў дзіцяці да 3-х гадоў забяспечваецца харчаваннем за кошт бюджэту. Калі дзіця старэйшае, родныя ўжо харчуюцца ў бальніцы за свой кошт. Як правіла, для гэтага прадугледжаны буфеты.
Калі дзіця ва ўзросце да 5 гадоў, бальнічны аднаму з бацькоў выдадуць на ўвесь перыяд стацыянарнага лячэння. Калі яму ад 5 да 14 гадоў або гэта дзіця-інвалід ва ўзросце да 18 гадоў, бальнічны таксама могуць выдаць на ўвесь перыяд. Але для гэтага ўжо трэба заключэнне ўрача, які лечыць, і загадчыка аддзялення, што дзіця мела патрэбу ў дадатковым доглядзе.
Планавыя аддзяленні: што можна прыносіць туды?
У адрозненні ад рэанімацыі ў звычайных аддзяленнях бальніц родныя могуць наведваць сваіх членаў сям'і вольна. Час наведванняў вывешаны ў холе бальніцы, на сайце стацыянараў. Таксама ў такіх аддзяленнях ёсць халадзільнікі, дзе можна захоўваць прынесеныя з дому прадукты. Асартымент прадуктовых перадач павінен адпавядаць спісу, дазволенаму ўрачом. Так, дазваляецца захоўваць невялікую колькасць прадуктаў. Пры гэтым пакет з імі трэба падпісваць (прозвішча, імя, палата, дата атрымання перадачы) і сачыць за тэрмінам прыдатнасці прадуктаў. Калі ён скончыўся, іх выкінуць.
Ці могуць пацыенты пакідаць планавыя аддзяленні, каб, напрыклад, з'ездзіць дадому?
Правілы ўнутранага распарадку гэтага не дазваляюць.