Аптэчная служба Віцебшчыны мае даўнюю і вельмі цікавую гісторыю. Прадстаўленне аб ёй з моманту зараджэння да нашых дзён дае гістарычная экспазіцыя, якая прадстаўлена ў адным з памяшканняў цэнтральнай аптэкі Пастаўскага раёна.
Будынак аптэкі, узведзены больш за 200 гадоў таму, не аднойчы рэканструяваўся, але ўсё ж захаваў сваё непаўторнае архітэктурнае аблічча і, галоўнае, першапачатковае прызначэнне. Увесь гэты час аптэка (спачатку лякарня) ні разу не змяняла свой адрас.
Ініцыятарам стварэння гістарычнай экспазіцыі стаў калектыў аптэкі на чале з загадчыкам Жаннай Лагвіненка. На гэтай пасадзе яна больш за 30 гадоў, была ўдастоена звання «Чалавек года Віцебшчыны». Наватарская ідэя была адобрана і падтрымана кіраўніцтвам прадпрыемства і прафсаюзным камітэтам.
— У Беларусі такія гістарычныя экспазіцыі пры аптэках ёсць у Мінску, Гродне, Баранавічах. За мяжой — у Харкаве, Таліне, Вільні, — патлумачыла загадчыца цэнтральнай раённай аптэкі № 87 Пастаўскага раёна Жана Лагвіненка. — Ідэя стварыць нешта падобнае ў нашым райцэнтры з'явілася ў мяне яшчэ гадоў 15 таму, але ўвасобіць яе ўдалося толькі некалькі гадоў назад. У 2013-м пачалі прыглядацца да магчымых выставачных экзэмпляраў, а з 2016-га пачалі актыўна збіраць іх, як кажуць, з міру па нітцы. У тым, што задуманае атрымалася, — вялікая заслуга ўсіх нашых калег з Віцебскай вобласці і проста гараджан, якія адгукнуліся на просьбу дапамагчы з «артэфактамі».
У экспазіцыі больш за 400 экспанатаў. У многіх з іх свая біяграфія. Напрыклад, шафе, у якой калісьці захоўваліся аптэчныя бутэлечкі, слоічкі, мензуркі, іншы посуд, не менш за дзве сотні гадоў. З 50-х гадоў мінулага стагоддзя захаваўся спіртометр, выраблены з латуні, дарэчы, ён у працоўным стане. Аўтаклаў для стэрылізацыі раствораў, элементы перагоннага куба, газавая лямпа, усталёўка для падрыхтоўкі мазяў, шалі, старадаўнія рэцэпты…
На першым паверсе будынка, пабудаванага ў XVIII стагоддзі па праекце італьянскага архітэктара Джузэпэ Сака ў стылі барока, раней былі памяшканні для доктара, наверсе — для земскай канцылярыі. Мінулыя стагоддзі ўнеслі значныя карэктывы ў ранейшы інтэр'ер.
Пасля нядаўняга рамонту гандлёвая зала аптэкі мае сучасны дызайн, а правая палова будынка аформлена з улікам размешчаных тут экспанатаў. Іх збіралі, па словах загадчыцы аптэкі Жанны Лагвіненка, па ўсёй Віцебшчыне. Адна частка прадастаўлена калегамі, іншая — наведвальнікамі. У ліку рарытэтаў — інструментарый, мэбля, кнігі. У экспазіцыю гарманічна ўпісаліся і фігуры правізараў.
З гэтага часу Пастаўская цэнтральная аптэка служыць не толькі здароўю, але і культурнаму адпачынку жыхароў і гасцей раёна. Разам з лекамі наведвальнікі атрымліваюць цікавую інфармацыю аб прагрэсе мясцовай фармацэўтычнай службы.