Сталая сэксуальнасць жанчыны больш не ставіцца пад сумнеў. У сучасным свеце цудоўныя дамы ў любым узросце застаюцца не толькі прывабнымі, але і сэксуальна актыўнымі.
Аднак, як ні круці, нават слава і багацце не могуць адмяніць натуральныя ўзроставыя змены арганізма. А значыць, менапаўза чакае нават галівудскіх зорак. Гэты перыяд жыцця выклікае ў жанчын мноства страхаў і пытанняў. Ці азначае спыненне менструацый адсутнасць палавога жыцця? Ці праўда, што палавы акт больш не прыносіць задавальнення, а звязаны толькі з хваравітымі адчуваннямі? Ці можна забыцца пра засцярогу ад цяжарнасці?
Пра гэта журналіст партала Слушна паразмаўляла са Святланай Жукоўскай, асістэнтам кафедры акушэрства і гінекалогіі Белдзяржмедуніверсітэта.
Міф 1. Менапаўза робіць жанчыну «нябачнай» для мужчын.
Менапаўза азначае канец рэпрадуктыўнага перыяду, але не нармальнага жыцця, у тым ліку і сэксуальнага. У сучасным свеце стаўленне да сэксуальнасці ў сталым узросце змяняецца.
Рэгулярнае інтымнае жыццё ў перыяд менапаўзы можа палепшыць здароўе жанчыны. У першую чаргу, псіхалагічнае. Сэксуальная актыўнасць перашкаджае і пагаршэнню такіх найважнейшых функцый галаўнога мозгу, як памяць, увага і здольнасць успрымаць новую інфармацыю.
Здольнасць да задавальнення ад блізкасці нікуды не знікае, а адчуваць аргазм прадстаўніцы слабага полу могуць нават ва ўзросце за 80 гадоў. Насуперак усім гэтым фактам, самі жанчыны схільныя вельмі негатыўна ацэньваць гэты перыяд у сваім жыцці. Нярэдка даводзіцца чуць пра тое, што яны лічаць сябе непрывабнымі, «нябачнымі» для мужчын з-за падзення ўзроўню эстрагенаў.
Міф 2. Сэксуальная цяга знікае.
Падчас менапаўзы ў жанчыны зніжаецца не толькі ўзровень жаночых палавых гармонаў (эстрагенаў), але і мужчынскіх (тэстастэрону). А менавіта апошнія адказваюць за сэксуальную цягу і актыўнасць. Аднак, як правіла, жаданне не сыходзіць зусім, а толькі робіцца больш выбіральным. У постменапаўзальны перыяд сітуацыя зноў наладжваецца.
Міф 3. Сэкс падчас менапаўзы – балюча.
Тут таксама ўсё завязана на ўзроўні эстрагенаў. Паколькі іх становіцца меней, дык і змазкі ў похве часцей за ўсё недастаткова. Сэкс у гэты перыяд сапраўды робіцца мастацтвам, якое патрабуе няспешнасці і часу. Яшчэ вялікую ролю адыгрываюць папярэднія ласкі.
Міф 4. Падчас менапаўзы цяжарнасць надысці не можа.
Гэта не зусім так. З надыходам менапаўзы верагоднасць апладнення значна зніжаецца, але поўнай гарантыі не зацяжарыць няма. Прымяненне кантрацэптываў рэкамендуецца яшчэ як мінімум два гады пасля спынення цыклу, паколькі ў гэты час усё яшчэ захоўваецца магчымасць непажаданай цяжарнасці.
Час менапаўзальнага пераходу – не падстава ставіць на сабе крыж і жыць у палоне маркотных стэрэатыпаў. Падчас перабудовы арганізма як ніколі важна прыслухоўвацца да патрэбаў свайго цела і рабіць акцэнт на тых рэчах, якія прыносяць задавальненне. Інтымная блізкасць у гэты момант не толькі не шкодзіць, але і дапамагае прайсці гэты перыяд лягчэй. Аднак працэс гэты патрабуе падрыхтоўкі і асабліва беражлівага стаўлення да сябе.