Вялікі тэатр Беларусі – упершыню! – удзельнічае ў Міжнародным Брукнераўскім фестывалі ў Аўстрыі.
104 беларускія артысты Вялікага тэатра прымуць удзел у форуме, які штогод праходзіць у Лінцы ў гонар кампазітара Антона Брукнера. Пачынаючы з 1974 года, калі і прайшоў першы музычны фэст, яго арганізатары кожны раз спрабуюць зрабіць нешта асаблівае, што адрознівала б гэта мерапрыемства ад усіх астатніх.
Мастацкі кіраўнік фестывалю Ханс-Ёхім Фрай, з якім Вялікі тэатр Беларусі звязваюць працяглыя сяброўскія адносіны (вясной 2017-га як рэжысёр Фрай паставіў на нашай сцэне оперу В. А. Моцарта «Чароўная флейта»), не сумняецца ва ўнікальнасці свайго твора: «гэта адзін з чатырох найважнейшых музычных фестываляў Аўстрыі разам з музычным марафонам у Зальцбургу, Брегенцы і Вене. Брукнераўскі фестываль працягваецца чатыры тыдні, за гэты час у Лінцы праходзіць прыкладна 50 канцэртаў, у тым ліку оперныя і балетныя спектаклі ...»
1 і 2 кастрычніка ў канцэртнай зале «Брукнерхаус» выступяць салісты оперы, артысты хору (галоўны хормайстар – Ніна Ламановіч) і аркестра Вялікага тэатра Беларусі. За дырыжорскім пультам два вечары запар – уладальнік медаля Францыска Скарыны Андрэй Галанаў. Гледачы, якія трапяць на фестываль 1 кастрычніка, пачуюць «Серэнаду для струннага аркестра» П. Чайкоўскага, «Класічную сімфонію» С. Пракоф'ева, сцэны і арыі з опер «Руслан і Людміла» М.Глінкі, «Яўген Анегін» і «Пікавая дама» П. Чайкоўскага, «Барыс Гадуноў» М. Мусаргскага, «Алека» С. Рахманінава.
2 кастрычніка ў 1-м аддзяленні будзе прадстаўлена канцэртнае выкананне оперы «Іяланта» П.Чайкоўскага (Іяланта – Анастасія Масквіна, Вадамон – Эдуард Мартынюк, Роберт – Ілля Сільчукоў, Рэнэ – Андрэй Валенцій), у 2-м – кантата Г. Свірыдава «Курскія песні» для хору і сімфанічнага аркестра, а таксама сцэны з оперы А. Барадзіна «Князь Ігар»(фінал 1-ай дзеі і «Палавецкія скокі»).
Зычым нашым артыстам удачы!