Брусніцы – гэта не толькі смачныя лясныя ягады, але яшчэ і скарбніца карысці і лекавых уласцівасцяў для арганізма. Іх стагоддзямі, калі не тысячагоддзямі, ужывалі ў ежу і выкарыстоўвалі ў якасці лекаў.
Рэчывы, якія ўваходзяць у склад ягад, забяспечылі ім мноства гаючых уласцівасцяў: супрацьзапаленчае, антысептычнае, мачагоннае, вяжучае, антыаксідантнае... У якасці натуральных лекаў брусніцы стаяць у адным шэрагу з малінай, журавінамі, шыпшынай, мёдам...
Карысны састаў брусніцаў
У 100 г брусніцаў утрымліваецца 2,6 г клятчаткі і 8,2 г цукру, прадстаўленага, у асноўным, фруктозай і глюкозай. Энергетычная каштоўнасць – каля 56 ккал. Таксама ягады ўключаюць багаты вітамінна-мінеральны комплекс: у іх складзе вітаміны E, групы A, B і K, калій, кальцый, магній і фосфар.
Асаблівую карыснасць брусніцам забяспечваюць раслінныя хімічныя злучэнні, якія змяшчаюцца ў ёй, так званыя флаваноіды. Асноўная ўласцівасць флаваноідаў – у антыаксідантным эфекце, г.зн. здольнасці нівеліраваць наступствы акісляльных працэсаў, якія вядуць да больш хуткага старэння і гібелі клетак. Па сутнасці, антыаксіданты – гэта асноўныя фактары для ўмацавання здароўя і падаўжэння маладосці. Па сцвярджэнні некаторых даследчыкаў, менавіта брусніцы змяшчаюць больш флаваноідаў, чым любыя іншыя ягады!
Адметнай асаблівасцю брусніцаў можна назваць і прысутнасць у іх складзе бензойнай кіслаты. Гэта свайго роду натуральны антысептык, які перашкаджае развіццю мікробаў і прадухіляе ўзнікненне запаленчых працэсаў.
Карысныя ўласцівасці брусніцаў у той ці іншай ступені захоўваюцца пры любым відзе тэрмічнай апрацоўкі альбо кансервацыі. Але максімальную карысць для здароўя ўяўляюць ягады ў сырым выглядзе альбо бруснічны сок.
Характэрна, што лісце брусніцаў, дзякуючы высокай канцэнтрацыі ў іх біяактыўных злучэнняў, зусім не саступаюць па гаючых уласцівасцях самім ягадам.
Лекавыя ўласцівасці брусніцаў
Брусніцы нічым не адрозніваюцца ад іншых ягад, якія ўжываюцца чалавекам у ежу, у тым сэнсе, што вучоныя з розных краінаў свету правялі мноства даследаванняў на прадмет вывучэння іх патэнцыяльнай карысці для здароўя. І вось пра якія перавагі ягад заявілі вучоныя.
- Брусніцы спрыяюць павышэнню антыаксідантнага профілю за кошт высокага ўтрымання антыаксідантаў у сваім саставе. Калі хочаце, паміж ягадай і антыаксідантамі можна паставіць знак роўнасці. Мы ўжо не раз пісалі пра тое, наколькі неабходны для фізічнага здароўя і знешняй прывабнасці адэкватны баланс антыаксідантаў у арганізме.
Іх галоўная мэта і задача – нейтралізаваць шкоднае ўздзеянне на арганізм свабодных радыкалаў, якія вядуць да хутчэйшага зносу клетак арганізма і, як следства, пагаршэння знешняй прывабнасці і фізічнага самаадчування. Сярод іншых антыаксідантаў, якія ёсць у брусніцах, асаблівае месца займаюць праантацыянідзіны і антацыяны – высокаэфектыўныя поліфенольныя злучэнні ў барацьбе супраць свабодных радыкалаў.
- Супрацьдзеянне запаленчым працэсам, якое ў пэўнай ступені здольныя аказваць брусніцы, даследчыкі звязваюць таксама з наяўнасцю праантацыянідзінаў. Дарэчы, было выяўлена, што дзікія лясныя брусніцы ўтрымліваюць у два разы больш хімічных злучэнняў з гаючымі ўласцівасцямі, чым «акультураныя» ягады, якія вырошчваюцца ў камерцыйных мэтах.
- Прафілактыка і зніжэнне рызыкі рэцыдываў інфекцый мочавыводзячых шляхоў (ІМШ). Сярод ягад такім выяўленым гаючым эфектам нароўні з брусніцамі валодаюць хіба што толькі журавіны. Ужыванне кактэйляў з камбінацыі бруснічнага і журавінавага сокаў дакладна памяншаюць колькасць рэцыдываў ІМШ, пра гэта даследчыкі ўпэўнена заявілі на старонках брытанскага спецыялізаванага медыцынскага часопіса.
Напрыклад, ёсць дадзеныя: штодзённае (на працягу 6 месяцаў) ужыванне ўсяго 50 мл напою, які змяшчае ў роўных долях сок брусніцаў і журавінаў, зніжае верагоднасць паўторных ІМШ у жанчын і колькасць ІМШ у дзяўчынак 3-12 гадоў.
- Брусніцы дапамагаюць захаваць здароўе поласці рота. Дубільныя рэчывы, якія змяшчаюцца ў ягадах, валодаюць антымікробнымі ўласцівасцямі – да такой высновы прыйшлі вучоныя, правёўшы шэраг клінічных выпрабаванняў. У прыватнасці, дубільныя рэчывы эфектыўна падаўляюць актыўнасць штамаў бактэрый, якія выклікаюць некаторыя захворванні поласці рота.
- Зніжэнне рызыкі раку таксама адносяць да пераваг непатрабавальных лясных ягад. Працыянідзіны, на якія так багатыя брусніцы, у некаторай ступені здольныя прафілактаваць рызыку развіцця раку шыйкі маткі і раку тоўстай кішкі. Таксама ёсць звесткі, што антыаксідантны комплекс у экстракце брусніцаў выклікае апаптоз (прасцей кажучы – «самагубства», самазнішчэнне) клетак, якія правакуюць лейкемію (рак крыві).
Серыя эксперыментаў на мышах, праведзеных заходнімі даследчыкамі, дазволіла таксама вылучыць здагадку, што рэгулярнае ўжыванне брусніцаў можа аказваць станоўчы ўплыў на абменныя працэсы ў арганізме, папярэджваць непажаданы набор вагі, перашкаджаць назапашванню ліпідаў у печані, рэгуляваць узровень цукру ў крыві.
Меры засцярогі
Аднак, пры ўсёй бясспрэчнай карысці брусніцаў людзям з захворваннямі страўнікава-кішэчнага тракта, гастрытам, язвавай хваробай не рэкамендуецца ўжываць іх у ежу.
Бруснічны сок раздражняе слізістую страўніка і можа справакаваць абвастрэнне захворвання.
Верасень – бруснічны месяц. Калі вам пашанцуе ці вы ведаеце месцы, дык можаце на свае вочы назіраць, як сотнямі пунсовых іскраў гараць, назапасіўшыся летнім цяплом і сонцам, бруснічныя паляны. Не губляйце часу дарма, збірайце гэты «жыватворны агонь». Узімку, дастаўшы з паліцы слоічак духмяных лекаў, вы не раз скажаце «дзякуй» смачным і карысным ягадам.