Так, гэта не Нотр-Дам-дэ-Пары – у сусветным, так бы мовіць, маштабе… Але для вернікаў Беларусі, магчыма, яшчэ большы па значнасці. Старажытны Будслаўскі касцёл… Пажар на светлае свята Радаўніцы. Знак? Выпрабаванне? Альбо чарговая ахвяра людской неабачлівасці?
І зноўку гарэў дах. Як калісьці на Нясвіжскім палацы. І зноўку пажар у святыні. Як спапялілася ад яго ўшчэнт колькі гадоў таму ў ноч напярэдадні Раства Хрыстова драўляная царква Пакроваў Прасвятой Багародзіцы ў Хатлянах, што на Уздзеншчыне.
Як яшчэ больш пацярпелі (ужо ад падпалу) у ноч з 6 на 7 лістапада 1987 года руіны касцёла Святога Антонія, што ў вёсцы Раванічы Чэрвеньскага раёна. І гэты журботны спіс, на жаль, можна працягваць.
І я ў чарговы раз з вялікім жалем заўважаю: ну што мы робім з нашай гісторыяй?! Бо не наканаванне Боскае тут праглядаецца, а якраз-такі след чалавечага ўмяшальніцтва. Дзе – наўмысны, дзе – ненаўмысны… Але хіба ад апошняга лягчэй?!
Агнём бязлітасна знішчаецца старажытнасць, памяць, еднасць з продкамі… І не толькі ж вялікія выдаткі патрабуюцца на аднаўленне. Новае ніколі ўжо не будзе старым, старажытным, каштоўным з пункту гледжання гісторыі… І ад гэтага таксама вельмі скрушна. Ці не дойдзем мы праз колькі гадоў ці іх дзясяткаў да суцэльных навадзелаў?!
Але вернемся да Будслаўскага касцёла. Людзі ўсцешаныя (калі можна ўжыць гэтае слова ў такой сітуацыі), што многае атрымалася выратаваць. У тым ліку – і дзякуючы зладжанай працы выратавальнікаў з МНС.
Хаця, як і заўсёды, знаходзяцца тыя, хто лепей ведае, як што рабіць. У тым ліку і тушыць пажары. Але, як вядома, збоку ўсё бачыцца лёгкім і простым… І тут мне цалкам зразумелая крыўда афіцыйнага прадстаўніка МНС Беларусі Віталя Навіцкага ў адрас «актыўных сеткавых экспертаў». Хаця на гэты раз, па яго прызнанні, нават іх было зусім мала.
А пра зробленае – практычна з першых вуснаў, ад яго ж. Выкладзенае ў вольным доступе на старонцы Віталя Навіцкага ў ФБ. Дазволю сабе працытаваць (пераклад на беларускую мову мой).
«Вельмі спрошчана лічыць, што пры такіх пажарах ёсць дзве тактыкі. Першая – лей і не шкадуй. Можна і пенай, можна і верталётамі, усё залежыць ад тэхнічных магчымасцяў. Але ўжо першыя работнікі МНС, якія прыбылі на месца праз чатыры хвіліны пасля паведамлення, зразумелі: тут ёсць за што пазмагацца. І вырашылі дзейнічаць інакш.
Адразу ж былі запытаныя дадатковыя людзі і тэхніка. Акрамя выратавальнікаў з суседніх раёнаў, прыехалі хлопцы з Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС. На выезд пад’ёмнай тэхнікі са сталіцы пайшло пару хвілін. Іх досвед таксама спатрэбіўся ў Будславе.
А далей была «кропкавая» падача вады. Паблізу алтара, паблізу аргана, які нельга было вынесці, але трэба было выратаваць, у схаваных поласцях канструкцый даху.
Вядома, малюнак атрымаўся не такі яркі: 12 лафетных ствалоў выглядалі б куды больш эпічна. З агнём справіліся б хутчэй, але дахам, які абрынуўся б, дакладна не абышліся па наступствах. Не кажучы ўжо пра ваду, якая яшчэ больш бы змыла/ размыла/знішчыла ўслед за агнём.
Пасля лакалізацыі (гэта калі полымя не распаўсюджваецца, не наносіць дадатковай шкоды), калі агонь знік і дыму стала значна меней, некаторыя СМІ нават паспяшаліся напісаць, што пажар ліквідаваны. Але ў рэальнасці хлопцы працягвалі абследаванне ўсіх нішаў і ўсіх элементаў даху. У 15:21 бітва за касцёл была скончаная, а цяпер пачынаецца карпатлівая праца па яго аднаўленні...»
Патрэбныя грошы… Патрэбныя рукі… Майстры… Неабыякавыя людзі… Думаю, такіх знойдзецца дастаткова. У многіх сітуацыях беларусы яднаюцца, а ўжо ў такіх…
Вядома ж, лепей, каб падобнага не здаралася. Але, на жаль, гісторыя сапраўды ў большасці выпадкаў не вучыць. Чамусьці… І нават калі (раптам!) знойдуць вінаватых у пажары… Што, ад гэтага Будслаўскі касцёл вокамгненна ўзновіцца? Вернецца да свайго першапачатковага стану???
Лепей бы зараз распачаць маштабнае абследаванне стану ўсіх гістарычных і рэлігійных пабудоваў. Каб папярэдзіць, наколькі гэта магчыма, падобнае… Але, на жаль, і гэта не гарантуе паўтарэння сумных падзей. Пра што сведчыць нават невялікае пералічэнне на пачатку матэрыялу…
І колькі, колькі яшчэ патрэбна пажараў, каб мы нарэшце гэта ўсвядомілі?! А Будслаўскаму касцёлу – быць! Я ў гэтым упэўненая…