Снежаньская слата, студзеньскі вецер… Прагулкі да гарадской ёлкі ў «падагрэтым» стане… Спевы-танцы падчас начных мерапрыемстваў… Расшпіленая верхняя вопратка, бо «горача-горача»… І вось ужо ўсё часцей у транспарце і не толькі чуецца кашлянне ды чханне. І ты ліхаманкава думаеш: «Як бы такое ж не падхапіць?!»
…Еду сёння ў метро і раптам прыгадваю цікавае, прачытанае неяк… Маўляў, каб не злавіць вірусы, калі ў пакоі знаходзіцца хворы з прастудай, трэба ўвесь час трымаць за шчакой… кавалачак лімона. Уяўляю сябе вось зараз у вагоне з лімонам і мімаволі ўсміхаюся. Шырока. А суседзі падазрона так касавурацца: што гэта мне так весела зранку?! Калі ўсе хмурныя, засынаюць на хаду…
Ну, даруйце! Я дакладна такая ж сёння была. Але, аказваецца, каб развесяліцца, нічога асаблівага і не трэба. А хто больш вясёлы, як вядома, той і больш здаровы! Так што, цытуючы фільм: «Усміхайцеся, спадары! Усміхайцеся!»
А калі сур’ёзна… Так, заўважыла ўжо за сабой, што і рукі з мылам пачала мыць часцей, і памяшканні праветрываць… Парады, як кажуць, даўно вядомыя. Але ж таму і выконваюцца ўжо фактычна машынальна. І айву – наш сямейны заменнік лімона – цяпер спажываю з гарбатай-кавай у большай колькасці… Ды і варэнне таксама. Фірмовае.
Некалькі гадоў таму наш галоўны сямейны спецыяліст па варэнню з вялікім стажам – тата – вырашыў паспрабаць прыгатаваць яго з чарніцаў і лясной маліны. Атрымалася, па-першае, смачна, па-другое, незвычайна, а па-трэцяе (і самае галоўнае) – сапраўды карысна. А пару гадоў таму таксама выпадкова дзесьці ў сеціве прачытала, што менавіта чарнічна-малінавае варэнне лепей дапамагае пры прастудзе, чым проста малінавае. Праверыла на сабе не аднойчы. І сапраўды! Спажыўшы гарбаты з ім кубкаў 7-8, а то і болей, у дзень, адчула, што лепшае.
Яшчэ з народных сродкаў, напрыклад, для вылячэння кашлю ды бранхіту, гатуем варэнне-сіроп з сасновых пупышак. Працэс гэты, праўда, даволі доўгі і складаны. Спачатку трэба знайсці маладзеньскі сасоннік і назбіраць пупышак у сезон – да таго, як яны пачнуць распускацца. Вядома ж, не абрываючы ўсе на адным дрэўцы і ні ў якім разе не зрываючы з вершаліны. А тады варыць адмысловым чынам, калі вязкі пах проста забівае дыханне! Але яно сапраўды таго вартае. Пры захворваннях спажывалі цэлымі тэрмасамі, дадаючы пару лыжак сасновага варэння на шклянку кіпню. І вылечваліся без таблетак.
Вядома ж, лепей пастарацца проста не захварэць, чым пасля лячыцца. Але не заўсёды так атрымліваецца. Хаця я, напрыклад, веру, што сілаю думкі можна калі не цалкам пазбавіцца ад зараджэння хваробы, дык хаця б значна паменшыць яе праявы. Думкі ж сапраўды матэрыяльныя…
Таму здароўя ўсім нам у гэтыя сцюдзёныя студзеньскія дні!