На пачатку 2000-х, калі сярод еўрапейскіх, у тым ліку беларускіх, падлеткаў на фоне расстройстваў харчовых паводзінаў прайшла хваля аменарэй (парушэнне менструальнага цыклу), было праведзенае маштабнае даследаванне.
Адно з ключавых пытанняў: што штурхае дзяўчынак садзіцца на жорсткія дыеты, катаваць сябе і ў цэлым прытрымлівацца строгіх абмежавальных паводзінаў? Аказалася, што дэвіяцыі харчовых паводзінаў у дзяцей пачыналіся зусім не з абразлівых заўваг аднагодкаў, як гэта прынята было лічыць. У больш чым 70% выпадкаў рэплікі накшталт «Ты тоўстая!» гучалі ў сям'і!
«Ізноў дупу ад'ела», «Заканчвай жэрці на ноч», «Зачыні халадзільнік, а то ні ў адну спадніцу не залезеш»... Такія фразы, нават калі кінутыя былі мімаходзь і без злога намеру, рабіліся прычынай глыбокіх псіхалагічных комплексаў і дэвіяцыі харчовых паводзінаў сярод падлеткаў.
Пра агрэхі сямейнага выхавання як фактары негатыўнага ўплыву на палавое выспяванне моладзі (і, як вынік, на рэпрадуктыўнае здароўе нацыі), мы пагаварылі з галоўным пазаштатным дзіцячым гінеколагам Міністэрства аховы здароўя, асістэнтам кафедры акушэрства і гінекалогіі БелМАПА Аксанай Іванішкінай-Кудзінай.
Рэпрадуктыўнае здароўе падлеткаў
Новыя мы. Рух без зруху
Пра так званае пакаленне Z (дзяцей, якія нарадзіліся пасля 1995 года) кажуць: «Лічбавыя людзі, яны з'явіліся на свет з кнопкай на пальцы». Фактычна яны з нараджэння ў IT-тэхналогіях як рыба ў вадзе. І гэта дае ім пэўныя перавагі ў сучасным жыцці.
Але, як вядома, палка з двума канцамі.
Паводле ацэнак экспертаў, цяперашняя моладзь робіцца ўсё менш сімпатычнай: нізкарослай, гарбаватай, клышаногай і тоўстай. Не, прыгожых і статных хапае. Але агульная карціна з кожным годам усё далей ад ідэалу. І прычына ляжыць на паверхні: істотныя перамены ў ладзе жыцця, недахоп рухальнай актыўнасці, змяненне рацыёну і рэжыму харчавання.
Памылкі выхавання
Аднак тых, хто старэйшы, укладаць у сябе не вучылі. Адпаведна, і яны навучыць не могуць. Гэта галоўная праблема сучаснасці, якая адбіваецца на здароўі нацыі.
Сёння такога паняцця як «ранішняя фізкультура» даўно няма. І гэта таксама адна з прычынаў велізарнай колькасці скаліёзаў, праблемаў з паставай, парушэнняў метабалічных працэсаў, залішняй масы цела сучаснай моладзі, што ў цэлым негатыўна адбіваецца на паспяховасці, фізічным развіцці, агульным саматычным і рэпрадуктыўным здароўі.
Есці ці не есці, вось у чым пытанне
Акрамя ладу жыцця, другі знішчальны ўдар па здароўі падрастаючага пакалення наносіць харчаванне з трыма «не»: непаўнавартаснае, незбалансаванае, нерацыянальнае.
Нягледзячы на тое, што гэтая тэма абмяркоўваецца на кожным вуглу, кожны па-свойму разумее «паўнавартаснасць» і «збалансаванасць» рацыёну. Трэба прызнаць, падлеткі і маладыя людзі часта не дужа цікавяцца сутнасцю навамодных ідэй у харчаванні, што сыплюцца як з рога. Вывучаюць іх павярхоўна, не паглыбляючыся далей за першыя старонкі пошукавых сістэмаў у інтэрнэце.
Калі вярнуцца да таго, з чаго пачалі, тады, у 2000-х, асноўным кантынгентам дзіцячых гінеколагаў у Беларусі былі дзяўчынкі-падлеткі з дыягназам «другасная аменарэя на фоне дэвіяцыі харчовых паводзінаў». Менавіта ў тыя гады ва ўсім свеце асабліва агрэсіўна прапагандавалі худых мадэляў і худзізну наогул як стыль жыцця.
Любыя харчовыя дэвіяцыі і перакосы ў падлеткавым узросце вельмі негатыўныя. Любыя дыеты (безвугляводныя, безбялковыя, бястлушчавыя) строга супрацьпаказаныя. Гэта трэба зразумець дарослым і данесці да дзяцей.
70% жаночых палавых гармонаў утрымліваюцца ў тлушчавай тканцы. Таму катэгарычная адмова ад ужывання тлушчазмяшчальных прадуктаў (алеяў расліннага і жывёльнага паходжання, малочных прадуктаў і інш.) ставіць пад вялікае пытанне будучае мацярынства. Расстройствы менструальнай функцыі на фоне «абястлушчаных дыет» вельмі цяжка паддаюцца карэкцыі.
Выключэнне з рацыёну цукру запавольвае разумовыя працэсы, пагаршае памяць, канцэнтрацыю, увагу, здольнасць запамінаць.
Захаванне безбялковых дыет праз 1,5-2 гады прыводзіць да незваротнага вытанчэння незалежнай мышачнай тканкі, якую нельга «прапампаваць»: гладкай мускулатуры, сардэчнай мышцы...
Хто вінаваты і што рабіць?
Вельмі многае (калі не ўсё) закладваецца ў сям'і.
- Калі бацькам прасцей купіць на вячэру сасіскі, гатовы паўфабрыкат у кулінарыі альбо замовіць піцу, занадта саманадзейна чакаць, што дзіця «дарасце» да таго, што стане планаваць рацыён з улікам разнастайнасці і збалансаванасці харчавання. Яно амаль асуджанае на каўбасу з макаронамі.
- Калі замест таго, каб аддаць пухляша на гімнастыку альбо танцы бацькі абмяжуюць яму доступ да здобных булачак, але пры гэтым пакінуць тэлефон і планшэт, ён не схуднее. Але амаль дакладна да лішняй вагі дададуцца праблемы са зрокам i паставай.
- Не шмат сэнсу ў тым, каб прымушаць дзіця хадзіць у спартыўную секцыю, калі роля бацькоў зводзіцца да таго, каб давезці яго на машыне да цэнтральнага ўваходу спартшколы, а потым забраць і ў якасці заахвочвання за поспехі адвезці ў рэстаран хуткага харчавання.
- Калі выхадныя бацькі цалкам прысвячаюць мыццю, прыбіранню, гатаванню, ляжанню на канапе ля тэлевізара замест таго, каб паехаць у лес, на велапрагулкі, на каток, ды куды заўгодна, дзе не трэба сядзець на месцы, ЗЛЖ для дзіцяці так і застанецца назвай песні Шнурава, а не ладам жыцця і нормай паводзінаў.