Site icon Слушна

Здаровы сон лечыць, бяссонніца калечыць. Тэст

Ці ведаеце вы, чаму здаровы сон павінен быць не карацейшым за 7 гадзін, прытым ноччу? Якія хваробы могуць развіцца на фоне хранічных парушэнняў сну? Ці можа бяссонніца быць сімптомам? Чаму сон не ратуе ад пахмелля, затое з'яўляецца адным з базавых правілаў для эфектыўнага пахудзення? А пра ўсё гэта мы пісалі, і не аднойчы.

Хочаце праверыць свае веды? Тады наперад!

Медыцынскі тэст

Бяссонніца. Хто мала спіць, той шмат хварэе.

1. Ці праўда, што людзі, якія спяць ноччу меней за 7 гадзін, раней старэюць і часцей хварэюць?

А. Вось толькі не трэба ўсіх пад адзін грэбень! Мая бабуля працавала даяркай у калгасе, і добра, калі спала гадзін па 5. А дажыла да 98 гадоў. Так што ўсё вельмі індывідуальна.

Б. Сумняваюся. Гэта было б занадта проста.

В. Вядома, праўда! Хранічнае недасыпанне выводзіць арганізм са строю на раз-два.

2. У бяссонніцы толькі адзін сімптом: немагчымасць заснуць.

А. Так, дакладна. Бяссонніца – гэта значыць без сну. Зусім. Ніколькі.

Б. Не адзін сімптом, а два: немагчымасць заснуць альбо кароткі сон з вельмі раннім абуджэннем.

В. Калі б так! Бяссонніца – справа далікатная. У парушэнняў сну прыкметаў столькі ж, колькі і прычынаў – шмат!

3. Парушэнні сну павялічваюць рызыку заражэння новай каранавіруснай інфекцыяй.

А. Лагічна, бо хранічнае недасыпанне зніжае імунітэт. Адсюль нізкая супраціўляльнасць арганізма розным інфекцыям, у тым ліку COVID-19.

Б. Слаба верыцца. У нас паўкраіны дрэнна спіць. А на каранавірус хварэюць не з-за гэтага.

В. Не. Інакш у рэкамендацыях па прафілактыцы каранавіруснай інфекцыі даўно з'явіўся б гэты пункт. Але пакуль там толькі нашэнне маскі, мыццё рук і сацыяльнае дыстанцыяванне.

4. Лепшы сродак ад пахмельнага сіндрому – здаровы паўнавартасны сон.

А. Так, бо нездарма пра чалавека, які працверазеў, кажуць: праспаўся.

Б. Сон, вядома, лечыць. Але ў выпадку з пахмеллем ёсць метады лепшыя.

В. Пахмелле? Што гэта? Не ўмееце піць – нават не пачынайце.

5. Бяссонніца прыводзіць да атлусцення, а здаровы сон дапамагае схуднець.

А. Абсалютная праўда. Я ўважліва вас чытаю. Парушэнні сну прыводзяць да парушэння абменных працэсаў і, як следства, схільнасці да лішняй вагі і атлусцення.

Б. Толькі калі разглядаць гэтае сцвярджэнне з таго пункту гледжання, што чалавек з парушэннямі сну «заядае» праблему. А чым яшчэ заняцца бяссоннай ноччу? Адсюль і лішнія кілаграмы.

В. Вы дакладна нічога не блытаеце? Калі чалавек не спіць, ён рухаецца, выдаткоўвае энергію і, па ідэі, павінен худнець, а не папраўляцца.

Пра тое, якія яшчэ фактары, акрамя сну, аказваюць уплыў на наш метабалізм і стан фігуры, можна даведацца, прачытаўшы гэты матэрыял >>>

Exit mobile version