Мінулы раз, паважаны мой чытач, развіталіся з нашым героем катком Рыжыкам, праводзіўшы яго ў свет — самастойную жыццёвую дарогу. Шукаць шчасця па сваіх здольнасцях.
Вырашыў ўсё ж прыслухацца да парадаў сваіх братоў і сястры і падацца ў цырк: раптам пашчасціць і ён свае найлепшыя акрабатычныя здольнасці будзе паказваць не вузкаму колу, а масаваму гледачу. І будзе запатрабаваным.
Што такое цырк Рыжык уяўляў па тэлевізійнаму прагляду аднойчы, яшчэ калі быў маленькім кацяняткам.
Адна справа бачыць па тэлевізары, другая – увачавідкі назіраць, прадстаўленне. А яшчэ лепш быць на арэне сярод выступаючых артыстаў. І весяліць гледачоў – вялікіх і малых. А чаму б і не!
Ішоў Рыжык у вялікі горад і марыў. Ішоў і забаўляўся. Калі з гары скоціцца ці «боты пашые» каменьчыкам, імпэтна пусціўшы іх па водным люстэрку. А яшчэ ў дарозе шмат карысных спраў зрабіў. Надоечы выратаваў маленькага чорненькага сабачку з прыдарожнага ляснога азярка. І як ён туды забрыў, калі гаспадары былі далёка, ля самага ўзлеску распачыналі шашлык смажыць.
Аднак выратавальніка цікавіла толькі адно: як дапамагчы таму малому жэўжыку. Усяго некалькі ўзмахаў спрытных і лоўкіх лап Рыжыка было дастаткова, каб схапіць таго цікаўнага малечу за каўнер і выцягнуць на бераг. Чорнавухі толькі дружалюбна завурчэў, матляючы беленькім хвосцікам, і збег да няўважлівых гаспадароў.
Доўга ці коратка вандраваў адважны і рызыкоўны каток Рыжык, толькі ў вялікі горад ён увайшоў упэўнена і ў добрым настроі. Яшчэ і цыркавыя афішы парадавалі, абвясціўшы пра новы атракцыён.
Калі пераступіў парог цыркавога будынка, думаў толькі пра тое, як патрапіць унутр яго: папрасіцца да каго на рукі, не пагодзяцца – вялікі ўжо, хутчэй прагоняць як блудлівага. А можа прашмыгнуць незаўважна? На ўваходзе ён ціхенька пралез між нагамі людзей бліжэй да мяжы, якой служыла білецёрка.
І калі тая маладжавая і ветлая жанчына ўзнімала вочы на чарговага шчаслівага ўладальніка квітка, Рыжык прыціскаўся да сцяны і, азіраючыся па баках, каб хто выпадкова не наступіў на яго, незаўважна прашмыгнуў між людскіх ног і схаваўся за шырмай арэны.
– Чым бы гэта сёння здзівіць публіку? – разважаў пра сябе Рыжык. – А каб узяў ды нечакана для ўсіх выбег на арэну ў рундадзе! А што, прыжковая акрабатыка – пераварот з паваротам, які выконваецца спінаю па накіраванню разбегу ў яго яшчэ з маленства выпрацавалася…
Пасля парад-пралога, прывітання да гледачоў на арэне з’явіліся клоуны Федзя і Захар. Яны разыгрывалі буфанадныя камічныя сцэнкі з паветранымі шарамі, якія штораз то ўцякалі, то стралялі аўтаматнымі чэргамі. Рыжыку асабліва спадабаўся вяртлявы, як вугор, клоун Федзя, у якога атрымліваліся спрытныя кульбіты з пераваротам уперад і назад перакатам праз галаву. Ён пільна сачыў за кожным рухам артыста і ўсё намерваўся выскачыць са свайго ўкрыцця і даць ім фору сваімі ёмкімі і больш складанымі кульбітамі. Але стрымліваў сябе. Чакаў галоўнага прадстаўлення.
А клоуны забаўлялі публіку. І гледачы смяяліся. Асабліва, калі яны аблівалі адзін аднаго вадою з патаемных фантанчыкаў, што былі замаскіраваны пад вопраткай і спрацоўвалі пры падняцці артыстамі сваіх ног ці абменьваліся гарачымі апачы – ілжывымі аплявухамі.
Але гэта не надта забаўляла Рыжыка — яму не хапала экстрыму. Ён так чакаў паветраных гімнастаў, ажно лапкі свярбелі і вочкі гарэлі.
Нарэшце загрымелі барабаны, зайграла музыка, і на арэне з’яўляюцца паветраныя гімнасты. І Рыжык разам з залай заапладзіраваў.
Рознакаляровымі агнямі пералівалася арэна, і зыркія, перасякаючыя промні высвечвалі ўзнімаючую пад самы купал смелую гімнастку. Рыжык з заміраннем сэрца задраў голаў і сачыў за кожным рухам той рызыкоўнай гімнасткі. У яго душы штосьці роднаснае адзывалася на падобную рызыку, і яму хацелася нібыта нават падказаць, якія дзеянні павінны быць наступнымі.
Услед за першай пачалі ўзнімацца і другі, і трэці гімнасты... Рыжык наструніўся, бо яму не даводзілася гуртам выконваць піруэты. А тут такое!
Як толькі зверху, з-пад купала, спусціліся вяровачныя лескі, гімнасты пачалі на іх разгойдвацца і пералятаць з адной на другую. І не проста пералятаць, а з паваротам і спрытным прызямленнем ў стойку на руках.
Смоўжык іграе на скрыпачцы (казка)
– Во гэта кла-а-с! – ад радасці Рыжык забыўся пра сваю патаемную прысутнасць і амаль услых вымавіў:
– Банало! Маё практыкаванне! – Так. Назва прыйшла ад прозвішча першага італьянскага выканаўцы. Гімнастычнае практыкаванне – пералёт з аднаго турніка на другі з паваротам на 180 градусаў. Яго выконваў, калі мне не было і паўгода. Ух ты, здорава! Мне б зараз туды! І поўсць яго імгненна ўзнялася дыбам.
Зала ад здзіўлення охае і ахае. І ён чуе, здаецца, знаёмыя галасы.
А гімнасты працавалі – кружыліся, вярцеліся, скакалі..
А як спусціліся ўсе ў святлавы круг арэны, зала шчыра выкупала іх у гарачых апладысментах.
-Ай, малайцы! Бра-а-ва-а! – раздаваліся авацыі.
А калі па нацянутым канаце з балансірам у руках пайшоў чарговы гімнаст, Рыжык ледзь стрымаў смех. Для яго гэты нумар быў зусім дзіцячым.
– Ды я па тым канаце хоць зараз прабягу-у ва ўвесь дух без аніякага балансіру, – абураўся Рыжык.
І ўжо хацеў кінуцца ў гушчыню цыркавога прадстаўлення, але стрымаўся.
І толькі, калі выстраіліся дзве акрабатычныя калоны з пяці акрабатаў кожная, стаячых на плячах адзін аднаго з заднім сальта з калоны на калону на вышыні за дваццаць метраў ды без страхоўкі, Рыжык захлопаў першым:
–Здорава! Ма-а-ла-а-йцы! – крычаў, пасмялеўшы Рыжык. – І гэта было страшна захапляльна. І пры гэтым трымаць кураж…
Але тую падзяку ніхто не чуў, бо голас яго патанаў ў глядацкім гаманкім тысячагалоссі.
–А-а-ах! – здзіўлялася зала, калі на манежы з’явіліся два рыжыя статныя канякі. Рыжык у той момант ажно вальсэт (падскок – Аўт.) зрабіў.
І вось нясуцца па манежы два прыгожыя канякі, а іх вершнікі – жанчыны-акрабаты – на бягу выконваюць балетна-акрабатычныя трукі. Гэта і ёсць тое самае па-дэ-дэ – танец удвух.
Не паспеў Рыжык запомніць як след асноўныя элементы практыкавання, як канферансье аб’явіў джыгітоўку. І разагрэліся коні. І панёсся ва ўвесь дух манеж. І яснымі зоркамі засвяціліся вочы ў прысутных. Цікаўныя дзеці нават прыўставаць пачалі.
І запаліўся агеньчык задору ў Рыжыка. Ён успомніў, як некалі ўскочыў на спіну суседскай казе, што пасвілася на прывязі і штораз пацвялялася з яго рыжай поўсці. Яму толькі і заставалася, што паказытаць ёй сівую хрыбеціну. Як тая насілася па крузе! Насілася, ажно пакуль ланцуг не пэнкнуў і не разляцеўся асобнымі звёнамі па сенажаці.
Зорны карагод над возерам (казка)
А як адчула волю, то падскочыла ў акрабатычным кульбіце вышай пяціпавярховага дома, ды як забляе-забляе, што мусіць за сто кіламетраў чуваць была яе радасць. А вершнік стойка вытрымаў накал непачцівасці рагатай артысткі. Толькі з тае пары каза больш ні з каго не пацвяляецца…
–Лацвей на такіх разумных і паслухмяных конях гойсаць! – разважаў Рыжык. – Нават арапнік зрэдчас прымяняюць і тое, каб падахвоціць чацьвераногага артыста да хутчэйшага бегу. – Бо там, дзе засталіся яго браты і сястра, конь не толькі ўпарты, але і злы. Пад аброць яго не кожнаму пад сілу ўзяць, а тым больш верхам праскакаць.
Брава-а-а! Бра-а-ва-а! – раздаюцца зноў жа, нібыта знаёмыя галасы.
І зноў – новы цуд. На арэне – тыгры з ільвамі. Рыжык глядзеў на вялікіх дзікіх кошак і здзіўляўся, як такая дробненькая ўтаймавальніца ладзіць з імі. Але больш у той момант яго цікавілі тыя галасы з залы, што падаліся яму знаёмымі.
Пакуль ён разважаў над уласнымі пытаннямі, выступленне звяроў закончылася.
Раптам выйшаў вясёлы канферансье і нечакана для ўсіх прысутных прапанаваў самаму смеламу і спартыўнаму гледачу паўтарыць хаця б адзін акрабатычны нумар паветраных гімнастаў. Зала сцішылася.
Рыжык, хто з цікавасцю сачыў за кожным рухам паветраных гімнастаў, і сам прызнаў іх сапраўднымі віртуозамі, вырашыў зрабіць смелы крок. А раптам гэта і будзе той самы правільны крок да яго мары?
Ніхто нават і не падазраваў, што звычайны рыжы кот будзе тым адзіным смяльчаком, каторы кіне выклік прафесійным акрабатам. Але ён павінен гэта зрабіць, бо даў слова. А калі штосьці абяцаеш, павінен выконваць.
Вось ён выскачыў з-за шырмы і, як сапраўдны артыст, раскланяўся гледачам, прадставіўся – Рыжык!
І ва ўсёй сваёй рыжай прыгажосці адразу ж выскачыў у заліхвацкай рундадзе. У прыжковай акрабатыцы, як і марыў, калі паварот з пераваротам, выканваецца спінаю па накіраванню разбегу. І ён гэты нумар чыста выканаў.
І зноў жа, без перадыху – на другі снарад. Павіс на спускаючыя з-пад купала цырка вяровачныя лескі. І ў імгненне вока знік там, увысі. Але праз яшчэ адзін узмах маленькі чатырохногі артыст ужо бегаў па канаце. Уявіце толькі: не проста рухаўся маленькімі крокамі з балансірам ці страхоўкай, а запраста, як па тратуарнай сцежцы, бегаў па канаце. Ды яшчэ на такой вышыні!
Зала ўстала. Артысты-прафесіяналы, якія толькі што адпрацавалі самыя складаныя нумары, былі здзіўлены выступленнем Рыжыка.
Зала апладзіравала. Раздаваліся воклічы:
– Малайчына! Брава! –Давай, Рыжык!
Затым круціў на турніку і «сонца» і «сальта-мартале» з … дзесяццю пераваротамі і пад рознымі вугламі. Што ён толькі не вытвараў! На ўсіх снарадах! Гэта было неверагодна: пяці-шасці…кратнае сальта з піруэтамі, кувыркамі, шпагатамі, нібы птушынымі пералётамі за дзесяць метраў з перакладзіны на перакладзіну. І нават лопінг – «мёртвая» пятля па замкнёнаму колу лёгка скарылася пачынаючаму артысту.
Зала гудзела. Зала охала і ахала. Зала хадзіла хадуном. Шчоўкалі фотакамеры. Гулялі сафіты, высвечваючы галоўнага артыста атракцыёна – Рыжыка.
І гэта быў цыркавы цуд! І гэта было цыркавое шчасце!
Як толькі Рыжык выйшаў на паклон да гледачоў, побач з’явіўся дырэктар цырка. Ён уручыў Рыжыку поўны вазок корму.
– А гэта за вошта? – здзівіўся Рыжык.
– За выступленне артыста. Сапраўднага артыста. Вельмі чэсна зароблена.
– Мне б лепш колькі рублікаў на білет на вячэрняе прадстаўленне для маіх братоў і сястрычкі.
– Не патрэбны больш табе білеты, Рыжык. – З гэтай мінуты ты афіцыйна залічаны ў штат цырка. І родных можаш запрашаць на свае спектаклі.
– Здорава! Я працую ў цырку.
Тут падбеглі яго браты Вугалёк, Рабчык, Попел і сястрычка Муся. Яны віншавалі Рыжыка, успаміналі сваю выратавальніцу.
Радаваліся шчаслівай запатрабаванасці. Няхай у самай непрыкметнай справе, абы карысць для іншых была. А тут адразу такое! Іх, рыжае шчасце.