Site icon Слушна

«Цана» п’янства: 20 тысяч смерцяў у год, 50 – штодня. Эксперты распавялі пра наступствы і меры прафілактыкі алкагалізму

Штогод, паводле ацэнак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), у нашай краіне ў выніку хваробаў, звязаных са шкодным ужываннем алкаголю, паміраюць каля 20 тысяч чалавек (прыкладна 50 выпадкаў смерці ў дзень). Такія несуцяшальныя дадзеныя прывёў на сустрэчы з журналістамі ў Нацыянальным прэс-цэнтры каардынатар праграм па грамадскім здароўі Краінавага офіса СААЗ у Беларусі Валянцін Русовіч.

Алкагалізм. Колькасць смяротных выпадкаў за год.

Ён распавёў, што сярод усіх смяротных выпадкаў, якія звязаныя са шкодным ужываннем алкаголю, больш за 11 тысяч – гэта смерць у выніку сардэчна-сасудзiстых захворванняў (інфаркты, інсульты, вострая і хранічная сардэчная недастатковасць). Прыкладна 6 тысяч выпадкаў смерці адбываецца з-за знешніх прычын, у тым ліку суіцыдаў, траўмаў, пажараў, утапленняў і дарожна-транспартных здарэнняў. Прычынай больш за тысячу смерцяў з'яўляецца цыроз печані, яшчэ звыш тысячы – анкалагічныя захворванні.

 
Валянцін Русовіч
Каардынатар праграм па грамадскім здароўі Краінавага офіса СААЗ у Беларусі
СААЗ асацыюе 8 разнавіднасцяў раку, якія звязаныя са шкодным спажываннем алкаголю: злаякасныя новаўтварэнні поласці рота, глоткі, стрававода, печані, прамой кішкі, тоўстага кішэчніка. Да 5% выпадкаў раку малочнай залозы ў жанчын таксама звязаныя са злоўжываннем алкаголем.

Прычынай гібелі людзей становіцца таксама выпадковае атручванне алкаголем. Напрыклад, летась зарэгістравана 1 476 такіх выпадкаў. І не заўсёды гэта адбываецца ў выніку ўжывання метылавага спірту або няякаснай алкагольнай прадукцыі (такіх выпадкаў толькі 10%). Смяротнай дозай могуць стаць 1,5 бутэлькі моцных спіртных напояў, выпітых на працягу 6 гадзін. У выніку перадазіроўкі можа спыніцца дыханне, растлумачыў Валянцін Русовіч.

Сітуацыя са спажываннем алкаголю

У 2018 годзе была апублікаваная справаздача СААЗ, у якой прааналізаваныя дадзеныя двухгадовай даўнасці. Згодна з гэтым дакументам, у нашай краіне знізіўся ўзровень спажывання алкаголю з 17,5 да 11,2 літра на кожнага дарослага чалавека, старэйшага за 15 гадоў. Разам з тым, падкрэсліў Валянцін Русовіч, з пункту гледжання СААЗ гэта ўсё роўна з'яўляецца высокім узроўнем спажывання алкаголю.

 
Валянцін Русовіч
Каардынатар праграм па грамадскім здароўі Краінавага офіса СААЗ у Беларусі
Мужчыны ў Беларусі (старэйшыя за 15 гадоў) ужываюць 18 літраў чыстага спірту, жанчыны – 5,5. Што такое 18 літраў чыстага спірту? Адзін яго літр эквівалентны 5 паўлітровым бутэлькам гарэлкі. 18 літраў у эквіваленце моцных спіртных напояў – гэта 90 бутэлек гарэлкі ў год, на тыдзень гэта – 1,5 бутэлькі гарэлкі.

Выклікае занепакоенасць у спецыялістаў і мадэль спажывання спіртных напояў. У нашай краіне пераважае так званая паўночная, калі ў вялікай колькасці п'юць моцны алкаголь і за кароткі прамежак часу. Так, у структуры спажывання алкаголю ў Беларусі 49% займаюць моцныя спіртныя напоі (гарэлка і каньячныя вырабы), 26% – мацаванае віно.

Эксперт адзначыў, што няма бяспечнага ўзроўню спажывання алкаголю, як няма і мінімальнай дозы, якая б не шкодзіла. У сваіх рэкамендацыях СААЗ раіць не перавышаць узровень так званай мінімальнай рызыкі спажывання алкаголю. Для мужчын гэта – не больш за 2 стандартныя адзінкі ў дзень, для жанчын – не больш за 1 стандартную адзінку. Пры гэтым на працягу тыдня павінна быць не менш за два дні, калі варта ўвогуле ўстрымацца ад алкагольных напояў.

Што такое стандартная адзінка? Гэта 10 грамаў чыстага спірту. Любы алкагольны напой змяшчае пэўны працэнт чыстага алкаголю. 1 стандартная адзінка роўная 1 куфлю піва (0,33 літра) ці 1 келіху сухога віна. Для моцных спіртных напояў 1 стандартная адзінка – гэта чарка аб’ёмам 35 мл.

 
Валянцін Русовіч
Каардынатар праграм па грамадскім здароўі Краінавага офіса СААЗ у Беларусі
Паводле даследавання STEPS, у Беларусі кожны трэці мужчына і 7% жанчын ужываюць алкаголь па найбольш небяспечнай мадэлі, г.зн. 6 стандартных адзінак і больш.

Меры супрацьдзеяння алкагалізму

Як распавёў Валянцін Русовіч, СААЗ прапануе 6 найбольш эфектыўных мер па прафілактыцы алкагалізму. Вось некаторыя з іх.

Самая эфектыўная – гэта акцызная палітыка. Што яна дае? Абмяжоўваецца прывабнасць моцных спіртных напояў, у тым ліку для маладых людзей, змяняецца структура спажывання алкаголю. У якасці прыкладу эксперт прывёў Швецыю. У гэтай краіне моцныя спіртныя напоі ў 10 разоў больш абкладаюцца акцызам за сухое віно і ў 20 разоў больш – за піва.

Абмежаванне па ўзросце, якое прадугледжвае, у тым ліку, даволі жорсткія санкцыі пры парушэнні гэтай забароны: штрафуюцца прадавец пры факце продажу алкаголю непаўналетняму, дырэктар гэтай крамы і ўласнік. Пры факце паўторнага продажу – прыпыненне ліцэнзіі. Напрыклад, такія санкцыі ўведзеныя ў Расіі.

 
Валянцін Русовіч
Каардынатар праграм па грамадскім здароўі Краінавага офіса СААЗ у Беларусі
У Беларусі дастаткова мяккае заканадаўства ў дачыненні да продажу. Штрафуецца толькі канкрэтны прадавец, пры гэтым уласнік ніяк эканамічна не церпіць. Як паказала даследаванне Міністэрства аховы здароўя і ЮНІСЕФ, якое прайшло ў 2016 годзе, 25% непаўналетніх ва ўзросце 14-17 гадоў мелі магчымасць без прад'яўлення пашпарта набыць алкаголь у звычайнай гандлёвай сетцы (куплялі самі, прасілі набыць дарослага або заказвалі ў кавярнях і барах).

У скандынаўскіх краінах, напрыклад, чалавек, якому споўнілася 18 гадоў, мае права купіць толькі слабаалкагольныя напоі, з 20-ці пры прад'яўленні пашпарта – усе віды спіртных напояў.

Забарона начнога продажу алкагольнай прадукцыі і скарачэнне гандлёвых кропак, у якіх прадаюцца моцныя спіртныя напоі. Цяпер у Беларусі, паводле ацэнак, 1 гандлёвая кропка прыпадае на 500-600 чалавек, у скандынаўскіх краінах – 1 кропка на 150-200 тысяч насельніцтва. Такое скарачэнне месцаў, дзе можна набыць алкаголь, знізіць яго даступнасць, упэўнены Валянцін Русовіч.

Беларусь, па словах эксперта, – адзіная краіна на еўрапейскім кантыненце, у якой піва афіцыйна не адносіцца да алкагольных напояў, што дае магчымасць прадаваць яго ў вялікіх ёмістасцях.

 
Валянцін Русовіч
Каардынатар праграм па грамадскім здароўі Краінавага офіса СААЗ у Беларусі
У краінах Еўрапейскага саюза няма піва, спакаванага ў тару, большую за 0,5 літра. Няма паўтара і два літры. Чалавек, які ўжывае паўтара літра піва за вечар, выпівае 80 грамаў чыстага спірту, што адпавядае 8 стандартным адзінкам і аўтаматычна пераводзіць яго ў катэгорыю людзей, якія ўжываюць алкаголь са шкоднымі наступствамі.

Загадчык Рэспубліканскага цэнтра наркалагічнага маніторынгу і прэвенталогіі РНПЦ псіхічнага здароўя Аляксей Кралько адзначыў, што зараз у Беларусі на дыспансерным уліку знаходзяцца 158 тысяч чалавек. Гэта асобы, у якіх ёсць дыягназ «сіндром залежнасці» ад алкаголю і каля 95 тысяч чалавек – пацыенты, якія знаходзяцца пад прафілактычным наглядам.

Exit mobile version