Многія мінчане ўжо ведаюць: двойчы ў месяц медработнікі сталічных паліклінік з'яўляюцца ў самых ажыўленых месцах (гандлёвых цэнтрах, аптэках, крамах), каб вымераць артэрыяльны ціск, выслухаць скаргі мінчан на здароўе і даць рэкамендацыі, распавесці пра прафілактыку хваробаў. Мерапрыемствы праводзяцца ў рамках маштабнага праекта «Цані сваё здароўе!». Яго арганізатары – гарадскі Цэнтр здароўя і камітэт па ахове здароўя Мінгарвыканкама.
У лістападзе такія акцыі прайшлі ўжо двойчы. 6 лістапада ў самых буйных і ажыўленых гіпермаркетах, гандлёвых цэнтрах і ўніверсальных крамах валеолагі, гігіеністы, псіхолагі працавалі з наведвальнікамі і адукоўвалі іх па тэме здароўя, шкодных звычак і прафілактыкі захворванняў. 20 лістапада такія мерапрыемствы прайшлі ў аптэках і на прамысловых прадпрыемствах.
Праект «Цані сваё здароўе!» існуе не толькі для прафілактыкі шкодных звычак. Кожны, хто вырашае ўзяць удзел у акцыі, можа атрымаць індывідуальнае кансультаванне па пытаннях хваробаў сістэмы кровазвароту. Усім удзельнікам прапануюць запоўніць анкеты па раннім выяўленні сардэчна-сасудзiстых захворванняў.
Вядома, шмат у каго ёсць свае ўрачы, да якіх яны звяртаюцца не першы год. Але ёсць і такія людзі, у якіх не хапае часу для паходу да ўрача і чакання ў чарзе. Хтосьці выпадкова аказваецца на месцы правядзення акцыі і згаджаецца пагутарыць з урачом з цікавасці, а хтосьці з энтузіязмам падыходзіць да пытання, бо ведае, што яго ці яе турбуе.
Падчас правядзення акцыі да ўрачоў паступаюць розныя пытанні. Бываюць і цікавыя выпадкі. Напрыклад, урачы, якія працуюць на аб'екце ў гандлёвым цэнтры «Дана мол», ужо прывыклі: штораз да іх прыходзіць адна і тая ж наведвальніца. Паміж сабой яны па-добраму называюць яе «бабуля Рыма». А 2-га кастрычніка ў яе нават узялі каментар для сюжэту канала СТВ.
Нашы супрацоўнікі не проста вымяраюць ціск і маюць стасункі з удзельнікамі. Па скаргах людзей урачы спрабуюць выявіць магчымыя захворванні і ўжо па сваіх падазрэннях накіроўваюць на кансультацыю ў паліклініку.
За 9 месяцаў 2019 года адбылося 1713 мерапрыемстваў, прысвечаных прафілактыцы неінфекцыйных захворванняў. 570 тысяч людзей прайшлі анкетаванне. 512,5 тысячы адзначылі ў сябе розныя фактары рызыкі (курэнне, празмернае ўжыванне алкаголю, залішняя маса цела, нерацыянальнае харчаванне, нізкая рухальная актыўнасць).
Больш за 604 тысячы чалавек вымералі артэрыяльны ціск у прафесіяналаў. У 503 тысяч былі выяўленыя фактары рызыкі артэрыяльнай гіпертэнзіі (АГ). У 379 тысяч адзначаны павышаны артэрыяльны ціск. 39 тысячам удзельнікаў была аказаная неадкладная дапамога. 284 тысячы чалавек былі навучаныя навыкам вымярэння артэрыяльнага ціску. 314 тысяч атрымалі індывідуальнае кансультаванне.
80 тысяч чалавек былі накіраваныя на кансультацыю да спецыялістаў (кардыялогія – 25 тысяч, тэрапеўт – 38 тысяч, іншы профіль – 17 тысяч).
6464 – колькасць інфармацыйнага матэрыялу па фактарах рызыкі неінфекцыйных захворванняў, распаўсюджанага за час правядзення акцыі.
Фота забяспечана гарадскім Цэнтрам здароўя.