Site icon Слушна

Цэнтр рэабілітацыі і магчымасць ананімнага лячэння. Эксперты пра сітуацыю з нарказалежнасцю

Па дадзеных сусветнай статыстыкі, у 2016 годзе каля 275 млн чалавек, або прыкладна 5,6% насельніцтва Зямлі, ва ўзросце ад 15 да 64 гадоў хаця б аднойчы ўжывалі наркатычныя рэчывы. Па падліках Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у 2015 годзе з-за ўжывання наркотыкаў памерлі каля 450 тысяч чалавек.

Пры гэтым частка смерцяў выкліканая менавіта ўжываннем наркотыкаў (напрыклад, перадазіроўкай). Разам з тым, больш за 62% падобных смяротных выпадкаў звязаныя з ужываннем наркотыкаў ускосна (выпадкі смерці ў выніку ВІЧ-інфекцыі, гепатыту С).

Штогод 26 чэрвеня ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы са злоўжываннем наркатычнымі сродкамі і іх незаконным абаротам. Пра сітуацыю ў Беларусі і метады лячэння асоб, якія ўжываюць псіхатропныя рэчывы, а таксама пра новыя спосабы рэабілітацыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры распавялі:

  • Вячаслаў Гранькоў, каардынатар праграм па інфекцыйных захворваннях краінавага офіса СААЗ у Рэспубліцы Беларусь;
  • Генадзь Казакевіч, начальнік галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь;
  • Іна Белаец, загадчыца сектара наркалогіі арганізацыйна-метадычнага аддзела Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя.

СААЗ: Чалавек павінен быць упэўнены ў ананімнасці на 100%

Па словах Вячаслава Гранькова, пазіцыя СААЗ, як і Упраўлення ААН па наркотыках і злачыннасці, заключаецца ў тым, што кожны чалавек, які пакутуе ад залежнасці, павінен атрымліваць поўны комплекс медыцынскіх паслуг. Эксперт распавёў пра важныя прынцыпы аказання дапамогі асобам, якія пакутуюць ад наркатычнай залежнасці. І ў ліку першых ён назваў даступнасць лячэння і яго «прывабнасць», або, іншымі словамі, забеспячэнне канфідэнцыяльнасці звароту ў медыцынскую ўстанову.

 
Вячаслаў Гранькоў
Каардынатар праграм па інфекцыйных захворваннях краінавага офіса СААЗ у Рэспубліцы Беларусь
Чалавек павінен быць на 100% упэўнены, што ўсе паслугі будуць аказаныя канфідэнцыяльна. Гэта асабліва важна, калі ён знаходзіцца ва ўразлівай сітуацыі.

На яго думку, менавіта боязь «уцечкі» інфармацыі становіцца той прычынай, з-за якой многія нарказалежныя не спяшаюцца атрымліваць лячэнне. У пацверджанне сваіх слоў ён прывёў дадзеныя даследавання, якое было праведзена ў Рэспубліканскім цэнтры наркалагічнага маніторынгу і прэвенталогіі. Так, у Мінску з 2012 па 2017 год колькасць ананімных зваротаў па наркалагічную дапамогу скарацілася ў пяць разоў.

 
Вячаслаў Гранькоў
Каардынатар праграм па інфекцыйных захворваннях краінавага офіса СААЗ у Рэспубліцы Беларусь
Пры гэтым мы павінны разумець, што колькасць наркаспажыўцоў у краіне вялікая і значна перавышае колькасць людзей, якія знаходзяцца ў полі зроку спецыялістаў наркалагічных арганізацый. Так, сярод спажыўцоў ін'екцыйных наркотыкаў на аднаго нарказалежнага, які знаходзіцца на ўліку, прыпадае каля 5 чалавек, якія знаходзяцца па-за полем зроку медработнікаў. Калі вывучаліся прычыны, па якіх яны не звяртаюцца да ўрачоў, былі названыя: страх пастаноўкі на ўлік, боязь траплення ў поле зроку МУС, арышту і пазбаўлення волі, адсутнасць ананімнасці і асуджальнае меркаванне соцыума.

Новы цэнтр працяглай рэабілітацыі і сайт для дзяцей

Прафілактыка наркаманіі

Як адзначыў Генадзь Казакевіч, нягледзячы на тое, што ўзровень наркапагрозы ў краіне захоўваецца (па дадзеных МУС, рэальная колькасць наркаспажыўцоў у Беларусі складае не менш за 88,5 тысячы чалавек), праца праваахоўных органаў дае свае станоўчыя вынікі.

 
Генадзь Казакевіч
Начальнік галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь
З 2014 года колькасць выпадкаў перадазіровак зменшылася ў 4 разы, а сярод непаўналетніх – у 22 разы. Гэта абсалютна аб'ектыўны медыцынскі паказчык, які ніяк не звязаны з крымінальнай статыстыкай. З 2015 года не рэгіструюцца смяротныя выпадкі сярод падлеткаў. У цэлым колькасць выпадкаў перадазіровак са смяротным зыходам на 100 тысяч насельніцтва ў нашай краіне – 0,3. Для параўнання: у Эстоніі гэты паказчык складае 10,3 на 100 тысяч, ЗША – 16,1 на 100 тысяч насельніцтва.

Звярнуў увагу Генадзь Казакевіч і на праблему стыгматызацыі нарказалежных у нашым грамадстве. Пры ўсім пры гэтым, падкрэсліў прадстаўнік МУС, памылкова меркаваць, што кожны нарказалежны, які звярнуўся да нарколагаў па дапамогу, аўтаматычна патрапіць у поле зроку МУС.

 
Генадзь Казакевіч
Начальнік галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь
У нашай краіне існуе магчымасць атрымання медыцынскай дапамогі альбо нізкапарогавых паслуг ананімна. Дастаткова сказаць, што толькі ў адну грамадскую арганізацыю «Пазітыўны рух» у Мінску за год звяртаюцца прыкладна 20 тысяч спажыўцоў толькі ін'екцыйных наркотыкаў. Мы не ставім на мэце іх ідэнтыфікаваць.

Як расказаў спецыяліст, МУС выступіла з ініцыятывай, якую падтрымалі міністэрства аховы здароўя, працы і сацыяльнай абароны. Прапанова датычыцца стварэння цэнтра працяглай медыцынскай і сацыяльнай рэабілітацыі нарказалежных асоб. Ён адчыніцца да заканчэння гэтага года на базе РНПЦ псіхічнага здароўя. Праграма рэабілітацыі будзе ўключаць як медыцынскі, так і сацыяльны складнік. Першапачаткова цэнтр будзе арыентаваны на Мінск і Мінскую вобласць.

 
Генадзь Казакевіч
Начальнік галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь
На першым этапе нарказалежнымі займаюцца медыкі. Затым – працяглы, да паўгода, перыяд сацыяльнай рэабілітацыі, які ўключае аднаўленне сацыяльных сувязяў, дакументаў, вызначэнне месца жыхарства і працы. Мы спадзяемся, што зможам аказаць рэальную дапамогу такім людзям.

Зараз ужо распрацаваная дарожная карта, пакрокава распісаныя абавязкі кожнага члена мультыдысцыплінарнай брыгады. Акрамя гэтага, для тых, хто будзе праходзіць у цэнтры лячэнне і рэабілітацыю, распрацаваная так званая індывідуальная «карта пацыента», якая ў далейшым будзе перадавацца супрацоўнікам, якія займаюцца працаўладкаваннем і занятасцю.

Дарэчы, яшчэ адна ініцыятыва, якую прапанавала МУС, тычыцца прафілактыкі наркаманіі сярод падлеткаў.

На інфармацыйным рэсурсе https://pomogut.by/ з'явіцца інфармацыя і для дзяцей.

 

 
Генадзь Казакевіч
Начальнік галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь
Гэта будзе не толькі інфармаванне дзяцей. У іх з'явіцца магчымасць атрымаць канкрэтную ананімную дапамогу ў асобна ўзятай сітуацыі. Акрамя таго, ёсць папярэдняя дамоўленасць, што гэты інфармацыйны рэсурс будзе ўведзены ў адукацыйны працэс.

Стацыянарнае лячэнне і замяшчальная тэрапія

Як патлумачыла Іна Белаец, лячэнне нарказалежных у нашай краіне ажыццяўляецца на бясплатнай і платнай аснове. Рэабілітацыйныя праграмы ў стацыянарах разлічаныя на 21-28 дзён.

Для наркаманаў, якія ўжываюць ін'екцыйныя наркотыкі, дзейнічаюць праграмы замяшчальнай тэрапіі (метадонам). Зараз у Міністэрстве аховы здароўя разглядаецца магчымасць правядзення замяшчальнай тэрапіі іншымі прэпаратамі. Усяго ў Беларусі дзейнічае 19 кабінетаў, у якіх ажыццяўляецца праграма замяшчальнай тэрапіі метадонам.

Іна Белаец
Загадчыца сектара наркалогіі арганізацыйна-метадычнага аддзела Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя
Праграма мае на ўвазе не толькі выдачу прэпарата. З нарказалежнымі працуюць нарколагі, псіхіятры, псіхолагі, псіхатэрапеўты і інфекцыяністы. Гэта дае магчымасць паралельна з правядзеннем замяшчальнай тэрапіі вырашыць і іншыя праблемы.
Exit mobile version