Site icon Слушна

Чаго хоча жанчына… адразу пасля родаў? 9 самых частых пытанняў да гінеколага

Якія асаблівасці інтымнай гігіены, калі ёсць швы ў вобласці пахвіны? Калі скончацца пасляродавыя выдзяленні? Калі прыйдзе малако? Праз які тэрмін можна пачынаць займацца аднаўленнем фігуры? Ці трэба засцерагацца мамам, якія кормяць? Калі можна вяртацца да інтымнага жыцця? Як прадухіліць развіццё пасляродавай дэпрэсіі? Па прызнанні акушэраў-гінеколагаў, гэтыя пытанні хвалююць абсалютна ўсіх жанчын, якія толькі сталі мамамі ці рыхтуюцца да гэтай падзеі ў найбліжэйшым будучым.

Роды. Пытанні да гінеколага.

Пра асаблівасці пасляродавага перыяду распавяла падчас анлайн-марафону жаночага здароўя Святлана Стасевіч, загадчыца акушэрска-абсервацыйнага аддзялення 1-й ГКБ г.Мінска, акушэр-гінеколаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Мерапрыемства было арганізаванае па ініцыятыве камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама.

Пытанне 1. Калі ў мяне спыняцца выдзяленні?

Пасляродавы перыяд пачынаецца адразу пасля заканчэння родаў і доўжыцца 6-8 тыдняў. У ім адрозніваюць ранні пасляродавы перыяд (першыя 24 гадзіны) і позні. Пасляродавыя выдзяленні называюцца лохіі. Іх з'яўленне абсалютна нармальнае.

 
Святлана Стасевіч
Загадчыца акушэрска-абсервацыйнага аддзялення 1-й ГКБ г.Мінска, акушэр-гінеколаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі
Першыя трое сутак лохіі чырвонага колеру, да 5-7 дня яны робяцца сукравічна-карычняватымі. Да 10 дня – белаватыя-жоўтыя. Цалкам спыненне выдзяленняў адбываецца да 5-6 тыдня пасля родаў.

Пытанне 2. Чаму мяне ўсё яшчэ турбуюць схваткі, я ж ужо нарадзіла?

На працягу 6-8 тыдняў пасля родаў памеры маткі памяншаюцца, яе маса зніжаецца з 1000 г да 60-70 г. Паступова вяртаюцца да працы ў ранейшым рэжыме ўсе органы, якія неслі падчас цяжарнасці двайную нагрузку (ныркі, печань, сэрца, лёгкія і інш.).

 
Святлана Стасевіч
Загадчыца акушэрска-абсервацыйнага аддзялення 1-й ГКБ г.Мінска, акушэр-гінеколаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі
Інвалюцыя маткі можа суправаджацца нерэгулярнымі, але балючымі скарачэннямі міяметрыю, якія больш выяўленыя ў тых, хто нараджае паўторна. Хвалявацца з гэтай нагоды не трэба. Гэтыя скарачэнні асабліва інтэнсіўныя падчас кармлення дзіцяці. Таму праз грудное малако не толькі паступаюць пажыўныя рэчывы ад мамы да нованароджанага, не толькі ўзнікае больш цесны кантакт паміж імі, але і адбываецца прафілактыка ўсіх гнойна-запаленчых захворванняў у пасляродавым перыядзе. У першыя дні пасля родаў можа турбаваць і непастаянны слабы боль у вобласці траўмаў мяккіх тканак родавых шляхоў.

Пытанне 3. Калі ў мяне з'явіцца малако?

Усё больш жанчын арыентаваныя на тое, каб арганізаваць для свайго малога грудное выкормліванне. Спрыяе гэтаму і палітыка сумеснага знаходжання маці і дзіцяці ў радзільным доме.

 
Святлана Стасевіч
Загадчыца акушэрска-абсервацыйнага аддзялення 1-й ГКБ г.Мінска, акушэр-гінеколаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі
У першыя 2-3 дні пасля родаў малочныя залозы выпрацоўваюць малодзіва. З 4-5 па 15-18 дзень пасля родаў адбываецца выпрацоўка «пераходнага» малака, і толькі пасля гэтага распачынаецца сапраўднае грудное малако з адносна стабільным складам. Пасля родаў здаровая парадзіха можа вярнуцца да звыклага для яе рацыёну харчавання. Першыя трое сутак ежа павінна быць багатая на клятчатку, малочна-кіслыя прадукты, якія ўтрымліваюць лакта- і фітабактэрыі. Гэта трэба для таго, каб аднавіць функцыю кішэчніка. Не трэба злоўжываць вугляводнай ежай, цукрам, кандытарскімі вырабамі, крупамі. Гэта аказвае ўплыў на склад малака, у ім зніжаецца ўтрыманне бялкоў. Неабходна абмежаваць ужыванне так званых аблігатных алергенаў (прадуктаў, якія найбольш часта выклікаюць алергічныя рэакцыі): шакаладу, кавы, какавы, арэхаў, мёду, грыбоў, цытрусавых, трускалак, некаторых морапрадуктаў, бо яны могуць выклікаць непажаданыя рэакцыі ў дзіцяці. Катэгарычна забаронены прыём алкаголю і ўжыванне тытуню.

Пытанне 4. Калі можна пачынаць заняткі спортам? Турбуюся пра тое, каб вярнуць сабе колішнюю форму.

Інстаграм-мамы дражняць публіку, з'яўляючыся з ідэальнымі фігурамі ўжо праз 7-10 дзён пасля родаў. У рэальным жа жыцці без фоташопу і фільтраў з пачаткам заняткаў фізкультурай часцяком трэба пачакаць.

 
Святлана Стасевіч
Загадчыца акушэрска-абсервацыйнага аддзялення 1-й ГКБ г.Мінска, акушэр-гінеколаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі
Калі роды прайшлі без парываў і разрэзаў, няма абсалютна ніякіх супрацьпаказанняў, дык спортам можна пачынаць займацца нават на наступны дзень пасля выпіскі. Гэта можа быць ранішняя гімнастыка: практыкаванні для шыі, рук, спіны, прэсу. А таксама практыкаванні Кегеля – рытмічныя скарачэнні пахвіны. Іх трэба рабіць 5-6 разоў на дзень па 8-10 падыходаў. Пасля натуральных родаў з разрывамі/разрэзамі дазваляць мінімальную нагрузку можна толькі праз месяц. Да больш цяжкіх трэніровак (фітнэс, заняткі ў трэнажорнай зале, басейн) можна прыступаць толькі праз 2 месяцы. Аднаўленне пасля кесарава – больш складаны і працаёмкі працэс. Першыя нагрузкі можна сабе дазволіць толькі праз 2 месяцы пасля нараджэння дзіцяці, тут важная паступовасць. Рэкамендаваныя доўгія пешыя прагулкі.

Пытанне 5. У мяне шоў на пахвіне пасля родаў. Як правільна падмывацца?

Разрывы і разрэзы падчас натуральных родаў – частая з'ява. Такія швы патрабуюць стараннага выканання правілаў інтымнай гігіены.

 
Святлана Стасевіч
Загадчыца акушэрска-абсервацыйнага аддзялення 1-й ГКБ г.Мінска, акушэр-гінеколаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі
Прымаць ванну, наведваць сауну, гарачы душ, купацца ў адкрытых вадаёмах, басейнах першыя 6 тыдняў пасля родаў забараняецца. Можна прымаць толькі цёплы душ з мылам – раніцай і ўвечары. А падмывацца трэба пасля кожнага наведвання прыбіральні (не меней за 4-5 разоў на дзень) цёплай вадой, пажадана з вадкім мылам без араматызатараў, цякучым струменем, абмываць палавыя органы спераду назад (ад лабка да задняга праходу). Жанчыны часта кажуць: «У мяне швы, як я магу мыцца?» Не бойцеся. Пасля кожнага наведвання прыбіральні намыльваеце мылам руку і вымываеце ўсе свае швы на пахвіне. А затым прамакаеце іх мяккім ручніком. Церці швы ні ў якім разе нельга. Наогул у пасляродавым перыядзе пасля прыёму душа рэкамендуюцца так званыя паветраныя ванны: 15-20 хвілін пабыць без адзення. Гэта ідзе на карысць малочным залозам і спрыяе лепшаму гаенню швоў. Катэгарычна выключаецца выкарыстанне ў пасляродавым перыядзе бялізны, якая ўцягвае. Сподняя і пасцельная бялізна павінны быць баваўнянымі. Можна выкарыстоўваць аднаразовую. Але гэта не павінна быць карункавая, шчыльная бялізна, стрынгі. Сачыце таксама за чысцінёй пракладак, мяняйце іх праз 3-4 гадзіны па-за залежнасці ад напоўненасці. Пры наяўнасці швоў на пахвіне жанчыне 7-14 дзён (у залежнасці ад ступені пашкоджання) нельга садзіцца. Здараецца, што на месцы шва ўзнікае пачырваненне, раздражненне, крывяністыя або гнойныя выдзяленні. Гэта сведчыць пра нагнаенне альбо разыходжанне швоў. Тады вам неадкладна трэба звярнуцца да ўрача ў жаночую кансультацыю.

Пытанне 6. Як даглядаць шоў пасля кесарава сячэння?

Аднаўленне пасля кесарава сячэння пачынаецца з догляду швоў. У першыя дні пасля аперацыі апрацоўку праводзіць медыцынскі персанал. На 5-я суткі пасля аперацыі швы здымаюць.

 
Святлана Стасевіч
Загадчыца акушэрска-абсервацыйнага аддзялення 1-й ГКБ г.Мінска, акушэр-гінеколаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі
Самастойны догляд раны абавязкова мае на ўвазе выкананне правілаў інтымнай гігіены, нашэнне натуральнай баваўнянай бялізны. Пачынаць апрацоўку рубца неабходна толькі пасля прыняцця душа. Падчас купання забаронена ўжываць мачалку ў вобласці раны або церці яе шчоткай. Пакуль шоў цалкам не зажыве, парадзісе забароненая цяжкая фізічная праца, узняцце цяжару. Неабходна пазбягаць працы, якая звязаная з нахіламі, прысяданнямі, напругай мышцаў прэса. Знаходзячыся ў хатніх умовах, жанчына павінна з асаблівай дбайнасцю кантраляваць стан раны, сачыць за хуткасцю фарміравання келоіду. Пры з'яўленні якіх-небудзь падазроных сімптомаў (ушчыльнення, інфільтрацыі, выдзялення з вобласці швоў) абавязковы візіт у паліклініку.

Пытанне 7. Калі можна аднаўляць інтымнае жыццё пасля родаў?

Рэкамендуецца ўстрымацца ад палавой блізкасці на працягу 6-8 тыдняў пасля родаў. Чаму?

 
Святлана Стасевіч
Загадчыца акушэрска-абсервацыйнага аддзялення 1-й ГКБ г.Мінска, акушэр-гінеколаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі
Устрыманне на гэты час неабходнае для скарачэння маткі, аднаўлення пашкоджаных тканак. Да гэтага шыйка маткі адкрытая, і праз яе магчымае паступленне патагенных мікраарганізмаў, якія могуць прывесці да запаленчых зменаў маткі. Таму, пакуль не скончацца крывяністыя выдзяленні з похвы, рэкамендуецца пачакаць з аднаўленнем інтымнага жыцця.

Пытанне 8. Ці трэба засцерагацца адразу пасля родаў?

Лактацыйная аменарэя доўжыцца прыкладна 6 месяцаў пасля родаў. Некаторыя жанчыны ўскладаюць надзею на перыяд груднога выкормлівання, лічачы, што рызыкі зацяжарыць у гэты перыяд няма. Ці так гэта?

 
Святлана Стасевіч
Загадчыца акушэрска-абсервацыйнага аддзялення 1-й ГКБ г.Мінска, акушэр-гінеколаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі
Лактацыя – не метад кантрацэпцыі, нават калі вы часта прыкладваеце дзіця да грудзей. Пасля звычайных родаў засцерагацца варта да года. Пасля кесарава сячэння – паўтара-два гады. Выбар метаду кантрацэпцыі (унутрыматачная кантрацэпцыя, гестаген-змяшчальныя прэпараты (міні-пілі), бар'ерныя метады, добраахвотная хірургічная стэрылізацыя) залежыць ад стану жанчыны, лабараторных паказчыкаў. Па гэтым пытанні трэба звярнуцца ў жаночую кансультацыю і не займацца самалячэннем.

Пытанне 9. Баюся пасляродавай дэпрэсіі. Ці можна яе пазбегнуць?

Тэрмін «пасляродавая дэпрэсія» знаёмы ў наш час усім. Прычынаў для таго мноства: сучаснае жыццё поўнае стрэсаў. У выпадках, калі стан цяжкі, не абысціся без дапамогі спецыяліста. Але ў многіх выпадках досыць уважлівага і беражлівага стаўлення сям'і.

 
Святлана Стасевіч
Загадчыца акушэрска-абсервацыйнага аддзялення 1-й ГКБ г.Мінска, акушэр-гінеколаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі
Прафілактыку пасляродавай дэпрэсіі трэба праводзіць, пачынаючы з 6-га дня пасля родаў на працягу як мінімум 2 тыдняў. Асноўнае значэнне мае падтрымка і разуменне родных і блізкіх, у першую чаргу мужа. У першы месяц трэба абмежаваць прыём гасцей, нават з самымі добрымі намерамі, бо гэта патрабуе ад жанчыны дадатковых намаганняў. Важна не перагружаць нарадзіўшую жанчыну клопатамі па хатняй гаспадарцы, дазволіць ёй аднаўляць свае сілы, адаптавацца да новай для яе ролі маці. Карысна высыпацца, у тым ліку класціся паспаць 1-2 разы днём. Яшчэ адзін фактар – паўнавартаснае збалансаванае харчаванне, якое дапамагае арганізму аднаўляцца: ежа, багатая на бялок, павольныя вугляводы, дастатковую колькасць тлушчаў, – усё гэта непасрэдна ўплывае на стан мамы.

Пасляродавы перыяд – асаблівы час знаёмства з самым маленечкім сямейнікам, прыняццем новых роляў і клопатаў. Звычка, якая сфармавалася за час цяжарнасці, – чуйна рэагаваць на стан свайго цела – і некалькі важных правілаў дазволяць жанчыне прайсці гэты этап максімальна спакойна і без узрушэнняў. Гледзячы на немаўля, якое спіць, можна з упэўненасцю сказаць: гэта таго вартае!

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Exit mobile version