Свята авангарда — так можна назваць апошнюю выстаўку мастака, прадстаўніка другой хвалі беларускага авангарду Уладзіміра Акулава, які жыццё прысвяціў мастацтву, яго праслаўленню. Мастацкі праект прадстаўлены ў галерэі «ART-фабрыка»
Уладзімір Акулаў шмат гадоў застаецца загадкавай асобай: творцу зрэдку асабіста можна ўбачыць на публіцы, практычна ніколі самастоёна ён не прэзентуе выстаўкі, шмат працуе і жадае пазбегнуць вялікай увагі да сябе як чалавека. Гэтым разам праект прэзентаваў сябар, прыхільнік творчасці і, як кажуць, мэнэджар Уладзіміра Іванавіча Яўген Ксеневіч, які больш за трыццаць год займаецца вывучэннем і папулярызацыяй творчасці авангардыста.
— Я шчаслівы, што час Акулава прыйшоў. — адзначае Яўген Ксеневіч. — Праз творчасць аўтара, безумоўна, можна прасачыць яго стаўленне да мастацтва і жыцця. Мастацтва і ўласнае жыццё Акулаў не падзяляе, і ўсё яго існаванне змяшчаецца ў творчасці. Нейкага іншага жыцця, у тым ліку бытавога, сямейнага, за межамі мастацтва, у яго проста няма. Легендарнасць Уладзіміра Акулава выяўляецца ў мастацкай моцы таго, што ён напісаў. Яго творы маляўнічыя, пераканаўчыя, абсалютна пазнавальныя. Яны лёгка і надоўга запамінаюцца, захоўваюцца ў памяці. Акулава немагчыма з кімсьці пераблытаць, ён упэўнена ідзе ўласным шляхам, выпрацаваў асаблівы мастацкі стыль.
Уладзімір Іванавіч з удзячнасцю ставіцца да мастацтва, служыць яму. Яго не хвалююць узнагароды, званні і любыя іншыя знешнія праявы поспеху, а па-сапраўднаму турбуе толькі рэалізацыя творчых задач. Яму важна паспець зрабіць тое, што задумаў і запланаваў у жыцці як мастак.
Уладзімір Акулаў — чалавек-энергія. Ён жыве ў своеасаблівай адасобленасці ад знешняга міра, ад, так званай, творчай тусоўкі, абсалютна не імкнецца піярыць сябе і атрымліваць толькі станоўчыя водгукі. Для мастака каштоўнее — свабода ад усялякіх фармальных рэчаў і з’яў. Яму цікава вывучаць, спакойна разважаць над рознымі працэсамі: рэлігійнымі, гістарычнымі, сацыяльнымі. Пра гэта сведчаць творы.
У экспазіцыю увайшлі выбраныя работы з прыватнай калекцыі, выкананыя ў розныя перыяды дзейнасці мастака, што дае магчымасць гледачу прасачыць эвалюцыю жывапіснай манеры аўтара.
Сярод карцін Уладзіміра Акулава прадстаўлены нацюрморты, партрэты, пейзажы.
Аўтар сфарміраваўся ў творчасці на каштоўнасцях мастацкай школы, якія былі закладзены Казімірам Малевічам, Маркам Шагалам, Верай Ярмолавай, Элем Лісіцкім… Мастакі другой хвалі авангарда адрозніваліся тым, што ведалі, як выглядае добры жывапіс, разумелі, што ў мастацтве ёсць колер і эмоцыя і сваёй, магчыма, не для ўсіх даступнай мовай перадавалі яе людзям. Уладзімір Акулаў працуе так жа: яго колеравая палітра змешана з унутранымі перажываннямі, ён раскрывае пачуцці, правакуе гледача на разважанне і адзнаку сюжэта.
— Уладзіміра Акулава характарызуюць аскетызм, вялікая працавітасць, а любы талент можна рэалізаваць толькі велізарнай працай, — адзначае Яўген Ксеневіч. — Ен адукаваны і начытаны чалавек з шырокім літаратурным і філасофскім кругаглядам. Таму ў яго так шмат розных глыбокіх тэм і сюжэтаў. Акрамя жывапісу, ён актыўна працуе з графікай, паэзіяй. Як куратар выставак і мастацтвазнаўца, больш за 30 гадоў займаюся сучасным беларускім мастацтвам і працую з творчасцю мастака. Сустрэча з Уладзімірам Акулавым — вялікі поспех майго куратарскага жыцця. Я лічу майстра — велічынёй сусветнага ўзроўню, усё больш і больш знаёмлю гледачоў з яго творчасцю. Думаю, што хутка Беларусь будзе ганарыцца Акулавым, як ганарыцца сёння Маркам Шагалам, Хаімам Суціным.
Энергетычны запал мастака адчуваецца ў работах: ёсць пэўнае напружанне, якое не дазваляе быць разняволеным і абыякавым да мастацтва. Яно быццам бы сціскае цябе і матывуе аналізаваць, параўноўваць перыяды.
Уладзімір Акулаў не спыняецца — шукае новыя тэмы, якія б змаглі зачапіць актуальнасцю, глыбінёй і нават вечнасцю. Напрыклад, рэлігійныя сюжэты, матывы — яны заўсёды краналі, былі блізкімі мастаку. І для многіх гледачоў гэтая тэма таксама адгукаецца ў душы.
Многія мастацтвазнаўцы адзначаюць, што не гледзячы на тое, што Уладзімір Акулаў — вядомы аўтар у айчыннай мастацкай прасторы, яго творчасць не да канца ацэненая грамадствам, хоць гэтага заслугоўвае. Напрыклад, у мастака з такімі выдатнымі здольнасцямі яшчэ не было выстаўкі ў Нацыянальным мастацкім музеі, а між іншым за ўсю творчую дзейнасць ён напісаў больш тысячы выдатных работ.
Як падкрэслівае мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн, мастацтва Уладзіміра Акулава абсалютна арганічна прыжылася б у Францыі, было б там запатрабаваным.
Увесь час пра Уладзіміра Акулава хадзілі розныя чуткі, асабліва калі ён выпадаў з творчага асяроддзя на некалькі гадоў. Яго называлі нелюдзімым, прыпісвалі шмат непраўдзівых гісторый. Але ж кожны раз мастак так жа нечакана вяртаўся ў мастацкую суполку з грандыёзнымі, маштабнымі праектамі: не заўсёды арганізоўваў іх сам, але ўсё роўна заставаўся на слыху. Ён сапраўды чалавек-легенда, пра якога хацелася б ведаць больш, а атрымліваецца ведаць столькі, колькі ён дазваляе.
https://bel.24health.by/perspektyvy-kurs-na-etnagrafichnasc-yak-u-minsku-praxodzic-vosenski-salon-2023/