Калі раней існавала меркаванне, што мужчына павінен быць толькі крыху прыгажэйшым за малпу, дык сёння прадстаўнікі моцнага полу могуць скласці канкурэнцыю жанчынам па колькасці сродкаў догляду на палічках у ванным пакоі. І ўжо зразумела, што на конкурсе прыгажосці мы чакаем убачыць гламурнага і «прылізанага» субтыльнага юнака.
Госць праекта «Пра што маўчаць мужчыны», удзельнік міжнароднага конкурсу прыгажосці Mister Ocean 2017 Ігар Сенюць разбівае гэты стэрэатып. Мы пагутарылі з Ігарам і даведаліся, чым, на яго думку, характарызуецца сапраўдная мужчынская прыгажосць. І ці справядлівыя ўяўленні пра тое, што прыгожы аўтаматычна азначае не дужа разумны, легкадумны.
Мужчынская прыгажосць
Ігар, раскажы крыху пра сябе. Чым займаешся па жыцці? Як звязаны з мадэлінгам і чаму вырашыў удзельнічаць у конкурсе прыгажосці?
Я працую бізнэс-аналітыкам. Адказная і напружаная сфера дзейнасці. Каб не раскісаць і захоўваць цікавасць да жыцця, актыўнасць, заўсёды імкнуся знаходзіць захапленні. Спорт са мной з маіх 3-х гадоў, калі бацька пачаў прывіваць мне любоў да фізічных нагрузак. Не ўяўляю сваю раніцу без расцяжкі.
У бок мадэльнага бізнэсу я не глядзеў. Не думаў, што падыходжу. Звычайна мадэлі худзенькія, а я хутчэй хлопец байцоўскага тыпу. Да таго ж, захапленні рукапашным боем даюць пра сябе ведаць: на твары ёсць шнары. А дзеля індустрыі прыгажосці гэта непрымальна. Але ўсё ж такі, калі сябры распавялі пра тое, што спартыўны клуб шукае мадэль для рэкламы, вырашыў рызыкнуць. Мяне выбралі, так я трапіў у маладое мадэльнае агенцтва K&Q models. Там мне і прапанавалі паспрабаваць свае сілы на міжнароднай арэне.
І я падумаў: «Чаму б не здзейсніць штосьці незвычайнае і запамінальнае на сваё 30-годдзе?!» Нягледзячы на тое, што ўзрост удзельнікаў быў да 28 гадоў, арганізатары мяне запрасілі. Дарэчы, аказалася потым, што сярод канкурсантаў былі 32-гадовыя і 35-гадовыя хлопцы. А самаму малодшаму з Казахстана ледзь пераваліла за 16. Ён увесь час хацеў дадому. Даводзілася яму тлумачыць, што гэта конкурс, дзе ён з'яўляецца прадстаўніком сваёй краіны.
Распавядзі падрабязна пра конкурс. Дзе ён праходзіў? Колькі краінаў удзельнічала? На што звярталі ўвагу суддзі?
Конкурс праходзіў у Тайвані ў лістападзе 2017 года. У ім бралі ўдзел прадстаўнікі 49 краінаў. На працягу двух тыдняў мы рыхтаваліся да фінальнага шоу, удзельнічалі ў фотасесіях, а таксама падарожнічалі па ўсёй краіне, знаёміліся з яе культурай. Гэта сталася самым цікавым. Увесь гэты час арганізатары, якіх мы спачатку нават не ведалі ў твар, сачылі за намі, слухалі размовы, назіралі за паводзінамі. І ў выніку кагосьці адзначалі як кандыдата ў «чорны» спіс, а кагосьці выдзялялі станоўча.
Улічвалася ўсё: як ты можаш вырашыць канфлікт, як стасуешся з іншымі, ці паважліва адгукаешся пра мясцовую кухню, ці атрымліваеш асалоду ад гасціннасці гаспадароў альбо ўвесь час незадаволены. Праглядаліся і сацыяльныя сеткі: што ўдзельнік піша пра конкурс, што публікуе, як адгукаецца. Бо на спаборніцтвах на сцэне лёгка быць пазітыўным, усмешлівым чалавекам, добрым акцёрам. Важна тое, якім ты застаешся, калі вяртаешся ў рэальнае жыццё. Мне ў гэтым плане было цікава кінуць сабе выклік.
Сярод удзельнікаў былі людзі з цалкам розных культур. Мне хацелася пагутарыць з кожным, гэта незабыўны міжнародны вопыт узаемадзеяння. Пасля конкурсу я зразумеў, што мы, людзі, абсалютна аднолькавыя. У нас адны і тыя ж звычкі, жарсці, жаданні, мары. Дзякуючы кіно, музыцы нашы культуры робяцца інтэрнацыянальнымі, падобнымі шмат у чым. Але важна берагчы і свае традыцыі. Яны робяць цябе багацейшым, цікавейшым.
Напрыклад, хлопцы не маглі зразумець, навошта мы даем нырца ў палонку ў мароз. Я растлумачыў ім, што гэта пераадоленне, фізічнае і духоўнае ачышчэнне. Для іх гэта было дзіўным, але выклікала шмат захаплення.
Ёсць меркаванне, што ўдзельнікі конкурсаў прыгажосці – не надта разумныя людзі...
Пабываўшы на конкурсе, магу сцвярджаць, што гэта не так. Знешнасць у такіх спаборніцтвах, вядома, адыгрывае ролю, але калі ёсць толькі яна, дык разглядаць цябе сур'ёзна як канкурэнта ніхто не будзе. У 90% удзельнікаў, акрамя знешніх дадзеных, ёсць яшчэ незвычайныя захапленні, інтарэсы ў жыцці, амбіцыйныя праекты і г.д.
Суддзі і фундатары вырашалі, хто лепшы. Я выйшаў у паўфінал. Але ў топ-5 пераможцаў не трапіў. Каб туды патрапіць, трэба мець добрых фундатараў, якія прасоўваюць мадэль. Перамогу атрымаў прадстаўнік Босніі і Герцагавіны, другое месца дасталася Чарнагорыі, трэцяе – Японіі, а чацвёртае і пятае – Румыніі і Перу адпаведна. Я перамог у самой мужчынскай намінацыі – «Mister Best Body».
Як ты ставішся да гэтага тытулу? Ён неяк дапамог табе ў жыцці?
Мне падабаецца тытул «Лепшае мужчынскае цела». Гэта азначае, што тое, што я ўкладваў у сябе, ацанілі і суддзі з усяго свету. Многія хлопцы пачалі пытацца ў мяне пра мой лад жыцця, трэніроўкі. Я зразумеў, што зараз магу даваць парады больш упэўнена, бо мой досвед падмацаваны і меркаваннем сусветнай грамадскасці.
Цяпер шмат розных гуру, кніг, парадаў пра тое, як трэба жыць, харчавацца, трэніравацца. Магу сказаць, што важна слухаць сваю інтуіцыю. Для падтрымання здаровага цела вельмі важны паўнавартасны сон. У плане харчавання я стараюся слухаць свой арганізм і есці тое, што ў дадзены момант больш патрабуецца. Гэта датычыцца і прысмакаў, і мяса. Зараз у любых прадуктах мноства кансервантаў, таму хлеб і малако магу па паўгадзіны выбіраць, вывучаючы этыкеткі.
Я супраць любых хімікатаў для росту мышцаў Лічу, што лепшае, – гэта знаходзіцца на піку сваёй генетычнай формы. Ну, а пасля конкурсу арганізатары адзначылі не толькі маю фізічную падрыхтоўку, але і дысцыпліну (дапамагла служба ў войску), дыпламатычнасць. Таму мяне запрасілі стаць адным з арганізатараў жаночага конкурсу прыгажосці. Ён прайшоў у Кітаі ў верасні 2019 года.
Дык у чым жа заключаецца сучасная мужчынская прыгажосць? Любому мужчыну, які хоча быць прыгожым, абавязкова мець рэльефнае цела?
Цела – пытанне густу. Чытаў неяк даследаванне пра тое, каго схільныя слухаць людзі: мужчыну з вялізнымі напампаванымі мышцамі ці нармальнага, але падцягнутага і моцнага. Аказалася, што другога. У мужчынскай прыгажосці, на мой погляд, галоўнае – харызма, мужчынскі стрыжань, здольнасць пераадольваць цяжкасці, ставіць сабе мэты і ісці да іх.
А знешнасць – справа другарадная. Абавязкова быць чыстым, ахайным, дагледжаным, але без усіх гэтых празмернасцяў, якія ўласцівыя хутчэй жанчынам. Хаця, калі я збіраўся ехаць на конкурс, арганізатары напісалі, каб усе бралі з сабой сваю касметыку. Я яшчэ здзівіўся, пра што яны. Прыехаў, а там у хлопцаў – па два чамаданы крэмаў. І танальнік, і сродкі для пятак, локцяў... Для мяне гэта незразумела.
Дарэчы, першапачаткова перад конкурсам, праглядаючы анкеты канкурсантаў, я быў упэўнены, што шанцаў у мяне няма ніякіх. Ідэальныя кубікі прэса, параметры цела, да якіх мне яшчэ трэніравацца і трэніравацца. Аказалася, што граматныя фотасесіі і фоташоп робяць цуды.
У рэальнасці я хлопцаў з малюнка не ўбачыў. І нават былі неспадзяванкі. Паколькі спалі мы па 2-3 гадзіны ў суткі, елі пры 40-градуснай спякоце мала (а некаторыя наогул не пераносілі нацыянальную кітайскую кухню), дык многія «качкі», якія былі раздзьмутымі за кошт хіміі, за 2 тыдні добра так «здзьмуліся». Ну, а я застаўся такім жа, што павялічыла маю канкурэнтную перавагу.
Дарэчы, падобная сітуацыя была і з жаночымі конкурсамі прыгажосці. Дзяўчаты выглядалі зусім не так, як на фота. Няроўнасці скуры, цэлюліт спісвалі на «цяжкі пералёт». Затое калі ўбачыў канкурсантак на сцэне, быў уражаны. Гэта былі дзівы. Узнікла нават пытанне: гэта конкурс прыгажосці ці касметыкі?! Я ўсё ж такі за натуральнасць.
Наколькі ведаю, удзельнічаць у звычайных конкурсах прыгажосці могуць толькі незамужнія/нежанатыя, але ты на час правядзення Mister Ocean 2017 быў жанаты. Гэта не сталася прычынай разладу ў сям'і?
У конкурсах удзельнічаюць людзі з самым розным статусам. Просьбы, каб чалавек быў вольным, звязаныя з тым, што звычайна на хвалі поспеху ў многіх зносіць дах, і яны спяшаюцца разбурыць адносіны.
Асабіста я да гэтага падышоў па-іншаму. Паколькі займаюся баявымі мастацтвамі, дык і прытрымліваюся адпаведнай філасофіі: пераадолець у першую чаргу трэба сябе. Я ведаў, што пасля конкурсу да мяне будзе шмат увагі з боку дзяўчат. Так і было. Я атрымліваў шмат лістоў з усяго свету. Але не сышоў з дому, не разваліў шлюб, бо дакладна ведаў свае прыярытэты. І мне нават цікава было сябе праверыць: ці змагу выстаяць.
Мець стасункі з жанчынамі мне цікава больш у плане пашырэння кругагляду. Але тэматыкі строга абмежаваныя. Я не магу заляцацца да кожнай, ажаніцца з кожнай і г.д. Мая жонка заўсёды мяне падтрымлівае, ведае пра мае каштоўнасці. А цяпер і я ўгаворваю яе паўдзельнічаць у конкурсе прыгажосці. Бо гэта выдатная магчымасць прайсціся па ўсіх сваіх ўнутрыасобасных якасцях.
Фота – Аксана Жураўлёва і з асабістага архіва Ігара Сенюця.
Відэа – Святлана Стахоўская, Андрэй Васкрасенскі.