Site icon Слушна

Чаму алкаголь дрэннае заспакаяльнае і снатворнае

У народзе алкаголь ці то жартам, ці то ўсур'ёз называюць самым танным і даступным транквілізатарам. Напэўна, сярод нашых чытачоў таксама знойдуцца тыя, хто хаця б раз у жыцці здымаў стрэс ці ўзнімаў настрой «100 грамамі». Алкаголь сапраўды валодае заспакаяльным, супрацьтрывожным і расслабляльным эфектамі.

Алкаголь. Калі эфект заспакаяльны.

Лепей за ўсё здымаюць напружанне чырвонае віно і піва. Менавіта гэтыя напоі ў якасці рэлаксантаў назвалі больш за палову рэспандэнтаў маштабнага даследавання, у якім узялі ўдзел каля 30 тысяч чалавек з 21 краіны свету.

І ўсё ж такі ўжываць алкаголь у якасці «заспакаяльных лекаў» ніякаватая ідэя. Чаму? Даведаліся ад галоўнага ўрача Гарадскога клінічнага наркалагічнага дыспансера г.Мінска Аляксандра Алішэвіча.

Як супакойвае алкаголь

Мозг адным з першых трапляе пад уздзеянне алкаголю. Даказана, што этанол можна выявіць у клетках галаўнога мозгу ўжо на 2-й хвіліне пасля пачатку ўжывання. А калі, напрыклад, піць віно, затрымліваючы ў роце і смакуючы, пераганяць напой з адной шчакі ў іншую, алкаголь патрапіць у мозг яшчэ хутчэй.

 
Аляксандр Алішэвіч
Галоўны ўрач Гарадскога клінічнага наркалагічнага дыспансера г.Мінска
Алкаголь уздзейнічае на тыя ж бензадыязепінавыя рэцэптары галаўнога мозгу, што і транквілізатары. Адсюль і падобныя эфекты. Але ёсць адна істотная дэталь. Алкаголь не лекі, якія прымаюць строга дазавана, кроплямі. Пры гэтым эфект заспакаення праяўляецца толькі на самым пачатку і пры вельмі невялікіх дозах спіртнога. Алкаголю ж заўсёды дастаткова шмат (як мінімум келіх або чарка, а далей – як пойдзе). У гэтым выпадку на першы план выступае разбуральнае ўздзеянне на мембраны нейронаў.

У «нетэрапеўтычных» дозах уздзеянне алкаголю адрозніваецца двухфазнасцю.

Падчас першай фазы выключаюцца так званыя тармазныя нейроны нервовай сістэмы. У жыцці гэта праяўляецца тым, што сарамлівы чалавек пасля прынятай дозы спіртнога раптам робіцца душой кампаніі, у маўчуна з’яўляецца дар красамоўства і г.д. Гэта і ёсць растарможвальны эфект алкаголю. Калі пасля гэтага не працягваць піць, арганізм паступова «абясшкодзіць», перапрацуе і выведзе этанол. І па меры працверажэння сарамлівы маўчун зноў замкнецца ў сабе.

Калі ж застолле працягваецца і канцэнтрацыя алкаголю нарастае, надыходзіць наступная фаза – дэпрэсантная. Гэта выяўляецца прыгнётам функцый цэнтральнай нервовай сістэмы. Чым вышэйшая канцэнтрацыя алкаголю, тым больш выяўленае яго прыгнятальнае дзеянне: дыханне робіцца радзейшым. Слабее дзейнасць сардэчна-сасудзістай сістэмы. Пры крытычных дозах алкаголю гэта можа прывесці ажно да спынення дыхання і работы сэрца.

А вось разлічыць хаця б прыблізны аб'ём алкаголю, які абумоўлівае пераход яго дзеяння з адной фазы ў іншую, немагчыма па адной простай прычыне. Усё залежыць ад індывідуальных асаблівасцяў кожнага канкрэтнага чалавека: яго ўзросту, полу, вагі, росту, індывідуальнай успрымальнасці да этанолу, стану здароўя, гарманальнага балансу ў арганізме і шмат чаго іншага.

Алкаголь і праблемы сну

Яшчэ больш неадназначнае дзеянне ў алкаголю як снатворнага.

З аднаго боку, этанол выклікае дрымотнасць, паколькі ўплывае на сінтэз гармонаў і рэчываў, якія падтрымліваюць бадзёры стан. Заспакаяльны і расслабляльны эфекты таксама спрыяюць засынанню. У фазе прыгнёту чалавек хутчэй «выключаецца», чым засынае.

Але нават без ужывання вялікіх дозаў алкаголю і пераходу ў дэпрэсантную фазу яго дзеяння сон чалавека пад уплывам спіртнога больш павярхоўны, больш чулы да знешніх раздражняльнікаў.

 
Аляксандр Алішэвіч
Галоўны ўрач Гарадскога клінічнага наркалагічнага дыспансера г.Мінска
Сон працякае ў строгай паслядоўнасці і працягласці розных фазаў, якія змяняюць адна адну. Так закладзена прыродай для нармальнага цвярозага арганізма. Пры ўжыванні алкаголю гэтая рытміка, якая ўключае змяняльнасць, працягласць фазаў сну, парушаецца. У выніку атрымліваецца, што алкаголь быццам бы паспрыяў таму, каб чалавек заснуў. Але якасць гэтага сну значна горшая, адпаведна, не адбываецца перазагрузка арганізма. У чалавека, які выпіў, сны вельмі часта носяць кашмарны змест. Сон часцей павярхоўны, кароткі, не дае пасля абуджэння пачуцця адпачынку.

Для людзей, якія пакутуюць ад апноэ, ужыванне алкаголю – наогул вельмі небяспечная задума. Улічваючы, што ў пэўнай, асабліва індывідуальнай для кожнага чалавека канцэнтрацыі этанол аказвае прыгнятальнае дзеянне на дыхальны цэнтр мозгу і падаўляе рэфлекс абуджэння пры прыпынку дыхання, сон можа стацца вечным. Чалавек папросту рызыкуе задыхнуцца.

 
Аляксандр Алішэвіч
Галоўны ўрач Гарадскога клінічнага наркалагічнага дыспансера г.Мінска
Ёсць яшчэ адзін нюанс, чаму алкаголь не варта ўжываць перад сном. Справа ў тым, што ферменты, якія адказваюць за расшчапленне і вывядзенне этанолу з арганізма (алкагольдэгідрагеназа і ацэтальдэгідрагеназа), эфектыўна працуюць, калі чалавек не спіць. Калі ён засынае, ферменты таксама «засынаюць». Адпаведна, у стане сну абясшкоджваецца нязначная доза алкаголю, асноўная – фактычна кансервуецца на час ад засынання да абуджэння.

Менавіта таму, чым больш выпіта алкаголю напярэдадні, тым мацнейшае пахмелле і тым больш працы трэба будзе ферментам-антыдотам на наступны дзень. Ці варта здзіўляцца, што раніца пасля застолля вельмі рэдка бывае добрай.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Exit mobile version