Site icon Слушна

Чаму на зубах белыя плямкі і чорны налёт? Тлумачыць стаматолаг

На пытанні чытачоў адказвае Наталля Шакавец – загадчыца кафедры стаматалогіі дзіцячага ўзросту БДМУ, д.м.н., прафесар.

Кансультацыя стаматолага

Наталля Шакавец.

Зубны налет, белыя плямкі, крывяць дзёсны

У мяне разнаполыя двайняты, 9 гадоў, даношаныя, прыроджаных захворванняў няма. Пачынаючы з 5 гадоў, наведваем стаматолага кожныя 3 месяцы. На кожным прыёме выяўляюцца па 2-5 новых дзірак. Ужо з пломбамі і пастаянныя 6-кі. Чысцім 2 разы на дзень пастамі з амінафтарыдам ад 900ppm, перад сном – ніткай. Прысмакі дазваляю толькі раніцай і ўвечары, г.зн. непасрэдна перад чысткай зубоў. Таксама эмаль неаднастайна афарбаваная, ёсць белыя плямкі. Акрамя гэтага, у дачкі сыходзяць крывёй дзясны пры чыстцы шчоткай і ніткай, яны як быццам друзлыя. Хацелася б пачуць каментар і парады прафесіянала.

Наталля Шакавец:

— Такі хуткі прырост карыесу нельга растлумачыць толькі працэсамі, якія адбываюцца ў поласці рота. Гэта паказвае на магчымыя саматычныя парушэнні. Можна меркаваць, што на двайнятак проста «не хапіла» неабходнай колькасці кальцыю, фасфатаў, фтарыдаў для фарміравання карыесаўстойлівай эмалі.

Пасты з амінафтарыдам ад 900ppm недастаткова. Дзеці з 6 гадоў павінны чысціць зубы пастай з утрыманнем 1450 ppm фтарыду. Гэта значыць, можна карыстацца адной «дарослай» пастай усім сямейнікам. Чыстка з выкарыстаннем ніткі – абсалютна правільна.

З нагоды белых плямак на эмалі рэкамендую звярнуцца да стаматолага. Яны могуць быць праявай гіпаплазіі – парушэння пабудовы эмалі з-за недахопу мінералаў у перыяд унутрычэраўнага развіцця дзіцяці.

Ці гэта можа быць флюароз – некарыёзнае пашкоджанне зубной эмалі з-за залішняй колькасці фтарыду, які паступае ў арганізм. Як правіла, гэта звязанае з месцам пражывання, напрыклад, лішкам фтарыду ў вадзе ў дадзенай мясцовасці. Белыя плямы могуць быць пачатковым карыесам. Яго можна прадухіліць.

У дзяцей ва ўзросце 9 гадоў гінгівіт (крывацечнасць дзяснаў) можа быць звязаны з недастатковай гігіенай поласці рота. Калі зубны налёт захоўваецца ў прыдзяснавай вобласці, ён раздражняе дзясну і выклікае крывацечнасць. Часта ў такіх выпадках людзі пачынаюць чысціць зубы больш беражліва, думаючы, што раздражненне дзясны выклікае шчотка. І атрымліваецца, налёт назапашваецца яшчэ больш. Пакуль зубы не будуць ідэальна чыстымі, гэтая крывацечнасць не спыніцца. Каб праверыць ступень чысціні зубоў, можна акунуць ватовую палачку ў фарбавальнік (фуксін, ёдынол) і правесці па зубах пасля чысткі. Калі адбываецца афарбоўванне, значыць, налёт застаўся і трэба дачысціць зубы. Таксама можна выкарыстоўваць апаласквальнікі для індыкацыі зубнога налёту.

У 12-13 гадоў крывацечнасць дзяснаў часта звязаная з гарманальнай перабудовай арганізма.

Ці можа жаўтаваты колер зубоў паказваць на недахоп чаго-небудзь у арганізме? Дачцэ 8 гадоў, зубы чысцім раніцай і ўвечары з маленства, стаматолага наведваем рэгулярна. Малочныя зубы белыя і роўныя, а пастаянныя – нават жаўцейшыя на некалькі тонаў. У другой дачкі пастаянныя зубы белыя і роўныя. З чым гэта звязана?

Наталля Шакавец:

— Часовыя зубы называюць малочнымі не таму, што яны прарэзваюцца ў перыяд груднога выкормлівання, а якраз з-за іх малочнага колеру. Пастаянныя зубы заўсёды нават жаўцейшыя за часовыя, бо ў іх іншая структура эмалі. Калі ўсе зубы будуць пастаяннымі, яны ўжо не будуць прыцягваць увагу кантрастам.

Таксама больш цёмны колер зубоў можа быць звязаны з частым ужываннем антыбіётыкаў у перыяд іх фарміравання. Калі дзеці ад 6-і месяцаў да 4-гадовага ўзросту неаднаразова прымалі антыбіётыкі, гэта цалкам магло паўплываць на колер зубоў. Таму, да прыкладу, педыятрам не дазваляюць прызначаць тэтрацыклін, бо ад яго зубы робяцца жоўта-карычневага колеру. Іншыя групы антыбіётыкаў таксама могуць змяніць колер зубоў. Гэта не крытычна, галоўнае, каб зубы былі здаровыя.

Калі ў будучым гэты жаўтаваты колер будзе моцна бянтэжыць, выклікаць комплексы, дык пасля 18 гадоў можна правесці адбельванне. Структура зубоў ад працэдуры адбельвання, вядома, пакутуе, але калі іх колер перашкаджае жыць, дык, магчыма, лепей гэта зрабіць – для большай упэўненасці ў сабе.

Мне 37 гадоў. Больш за 15 з іх з'яўляецца чорны налёт на зубах. Заўсёды зубы былі здаровыя, лячыць даводзілася рэдка, камянёў няма. Складаней за карыес ніякіх захворванняў не было. Хваробаў страўніка ніколі не дыягнаставалі. Чысціцца налёт у кабінеце ў стаматолага з вялікай цяжкасцю. Пасля прафесійнай чысткі праз 2 месяцы чорны налёт пачынае з'яўляцца зноў, праз паўгода практычна ўсе зубы чорныя ля дзяснаў. Ніколі не паліла, кавы не п'ю, прысмакі не ем. Стаматолаг упэўненая, што гэта ад жалеза ў арганізме, якое нібыта недаакісляецца, адзін доктар гэта абверг. З чым гэта можа быць звязанае? Як змагацца, акрамя прафесійнага догляду?

Наталля Шакавец:

— Гэтая паталогія называецца налётам Прыстлі. Ён выпрацоўваецца мікраарганізмамі, якія ў працэсе сваёй жыццядзейнасці вылучаюць цёмны пігмент. Мабыць, дадзеная мікрафлора падаўляе карыесагенную, бо ў такіх людзей звычайна наогул не бывае карыесу.

Няма дакладных навуковых дадзеных, у сувязі з чым утвараецца налёт Прыстлі. Ёсць тэорыя пра генетычную схільнасць. Таксама змены мікрафлоры магчымыя ў перыяд гарманальных зменаў. Некаторыя жанчыны адзначаюць, што чорны налёт з'явіўся падчас цяжарнасці, а ў дзяцей 13-14 гадоў, у пубертатны перыяд, ён наадварот знікае, што паказвае на ўзаемасувязь паміж гэтай мікрафлорай і гарманальным фонам.

На жаль, дадзены налёт можна выдаліць толькі пры прафесійным доглядзе. Іншых спосабаў лячэння пакуль няма.

Карыес паміж зубоў і пад пломбамі

Да 30 гадоў праблемаў з зубамі не было наогул. А пасля 30 – палова з карыесам. Карыес па баках зубоў, дзе яны датыкаюцца адзін да аднаго. Што можна зрабіць?

Наталля Шакавец:

— Гэта так званы праксімальны карыес. Для яго прафілактыкі трэба праводзіць флосінг (ачышчэнне зубной ніткай) міжзубнай прасторы перад агульнай чысткай зубоў. На нітку таксама можна нанесці зубную пасту. Гэта лепей рабіць 3-4 разы на тыдзень.

Таксама можна выкарыстоўваць ірыгатар, які з дапамогай струменю вады ці антысептыку ачышчае міжзубныя прамежкі. Працэдуру дастаткова рабіць адзін раз у суткі ўвечары. Гэта эфектыўная прафілактыка карыесу і захворванняў дзяснаў.

У мяне вельмі шмат пломбаў. У чым можа быць прычына, што зубы разбураюцца знутры і нават пад пломбамі? Гэта толькі дэмінералізація? Ці могуць уплываць захворванні накшталт гастрыту?

Наталля Шакавец:

— Прычына множнага карыесу – комплексная. Магчыма, мінералізацыя зубоў дрэнная, недастатковая ўстойлівасць зубоў да ўздзеяння кіслотаў, якія выпрацоўваюцца мікраарганізмамі. Гэта можа быць звязана з эндакрыннымі праблемамі. На гэта ўплываюць ўласцівасці сліны: яна можа быць больш вязкай і ўтрымліваць менш мінералаў, што парушае яе ачышчальныя ўласцівасці. Гэта могуць быць захворванні страўнікава-кішэчнага тракта (СКТ), звязаныя з павышанай кіслотнасцю. Поласць рота – гэта першы аддзел СКТ, і зніжэнне pH вядзе да парушэння нейтралізуючай здольнасці сліны.

Рэкамендую наведваць стаматолага не менш за 4 разы ў год для прафесійнай гігіены поласці рота, своечасовага кантролю стану пломбаў, аплікацый лаку, які ўтрымлівае фтарыд. Гэты лак захоўваецца на паверхні зуба некалькі сутак, але дзякуючы яго ўздзеянню павышаная канцэнтрацыя мінералаў знаходзіцца ў павярхоўных слаях эмалі да некалькіх месяцаў, што абараняе зубы ад кіслотаў.

Для высвятлення прычыны можна здаць агульны аналіз крыві і паглядзець кальцый звязаны, іянізаваны, вольны.

Вельмі часта такое назіраецца пасля цяжарнасці, і жанчыны кажуць, што «аддалі» ўвесь свой кальцый дзіцяці, што няправільна. Разбурэнне зубоў звязанае з перабудовай гарманальнага фону і парушэннем балансу мінералаў у тканках і ў сасудах. Карыес – не імгненны працэс, ён развіваецца на працягу некалькіх месяцаў і гадоў. Пачатак магло быць закладзены раней, а праблемы выявіліся пазней.

Маглі быць кішэчныя захворванні, у выніку чаго парушылася засваяльнасць кальцыю. Магчыма, маецца дэфіцыт вітаміну Д, які таксама неабходны для яго засваення. Як бачыце, прычынаў шмат. У залежнасці ад іх трэба звяртацца да розных спецыялістаў.

Пасля чысткі зубоў пастай у роце з'яўляецца кіслы прысмак (асабліва ўвечары). Пры змене пасты прысмак застаецца ў большай ці меншай ступені. У чым можа быць прычына?

Наталля Шакавец:

— Такое пытанне сустракаю ўпершыню. Кіслы прысмак можа быць звязаны са складнікамі зубной пасты. Можна паспрабаваць пасту з содай, пасля яе застаецца шчолачны прысмак. У любым выпадку, гэтыя адчуванні не звязаныя з паталогіяй зубоў і поласці рота.

Калі раніцай пачынаю чысціць зубы з унутранага боку, пачынае ванітаваць. Увечары ўсё чысціцца нармальна. Чым гэта растлумачыць?

Наталля Шакавец:

— Раніцай у многіх людзей выяўлены рвотны рэфлекс: арганізм адпачыў, і нервовая сістэма рэагуе на найменшыя раздражняльныя рухі пры дакрананні да задняй часткі языка, а таксама на чыстку спінкі языка. Таму такім людзям я рэкамендую праводзіць чыстку языка і ўнутранай паверхні зубоў увечары.

Фота – Віталь Гіль і з адкрытых інтэрнэт-крыніц.

Што яшчэ карысна ведаць:

Як захаваць свае зубы? Адказваюць стаматолагі

Чаму на зубах белыя плямкі і чорны налёт? Тлумачыць стаматолаг

5 звычак, якія псуюць зубы

Exit mobile version