Такое можа напаткаць у любым узросце. Спачатку не атрымліваецца прыгадаць прозвішча суседа па лецішчы… Затым – назву любімай кнігі… Надоўга задумваемся, перш чым у памяці ўсплыве назоў элементарнага, здаецца, прадмета… «Гэта склероз?!» – пужаемся мы. Ды ў большасці выпадкаў – проста памяць трэба трэніраваць. І дапаможа нам у гэтым… Піфагор!
Так, той самы старажытнагрэчаскі філосаф і матэматык, які жыў каля 570-490 гадоў да н.э. Ці была гэтая методыка сапраўды прыдуманая ім, нам цяпер ужо не даведацца. Затое можна скарыстацца ёю і, па меркаванні тых, хто праверыў, добра палепшыць сваю памяць. А гэта, у сваю чаргу, палепшыць і якасць жыцця.
І нічога складанага (на першы погляд)! Ніякіх тэарэмаў!
Проста перад сном трэба прыгадаць усё, што адбылося з вамі за дзень, што вы рабілі – з падрабязнасцямі і па парадку, не пераскокваючы.
Пачынаем з самага пачатку.
У колькі вы прачнуліся, па званку будзільніка з мабільнага альбо самі, зараней? Што адразу ўбачылі? Пра што падумалі? З якой нагі ўсталі – з правай ці левай? А можа, апусцілі на падлогу адразу абедзьве? Ці, яшчэ лежачы ў ложку, пачалі выконваць спецыяльны комплекс ранішняй гімнастыкі?
І так прыгадваем цэлы свой дзень. Калі на пачатку думкі ўсё ж будуць скакаць – не злуйцеся і не кідайце прыгадваць, што і як вы рабілі. Напачатку так бывае ва ўсіх. А паляпшэнне нам абяцаюць ужо на трэці дзень. І ведаеце, чаму? Таксама ніякіх сакрэтаў няма.
Проста калі вы будзеце памятаць пра тое, што ўвечары трэба будзе ўсё-ўсё прыгадаць… Вы мімаволі будзеце старацца зафіксаваць кожны момант у памяці. А гэта, уласна кажучы, і вырашае праблемы з запамінаннем. Сапраўды, усё геніяльнае – проста.
Увогуле-то, кажуць, што Піфагор і яго вучні прымянялі гэтую методыку раніцай. Але дзе ж у нас знойдзецца час яшчэ і на гэта?! Таму ўвечары – самае тое! І нават рэкамендуецца. Бо – вы здзівіцеся! – дапамагае, апроч іншага, заснуць. Паколькі такое прыгадванне адносіцца да цяжкай працы мозгу.
Так што больш не трэба аднастайна лічыць авечак! А тут жа яшчэ і бонусам – добры настрой, калі штосьці ўдзень вас натхніла, уразіла, парадавала. Можна яшчэ раз перажыць прыемныя хвіліны. А калі было штосьці непрыемнае… Вы ўспомніце пра яго – і адпусціце… Каб больш не прыгадваць.
Калі такая трэніроўка ўвойдзе ў штодзённую практыку, нам абяцаюць лепшае запамінанне нумароў тэлефонаў, датаў, прозвішчаў, спісаў прадуктаў, якія трэба набыць у краме, і г.д. Плюс перад вамі паўстане малюнак дня і тыя справы ці заняткі, без якіх цалкам можна было б абысціся і тым самым зэканоміць каштоўны час для чагосьці больш патрэбнага.
Гэта ўсё роўна як запісваць усе справы ў штодзённік, а затым іх аналізаваць. Толькі лепей. Бо памяць жа трэніруецца!
А ў каго хапае часу з раніцы, можаце паспрабаваць патрэніраваць памяць і ўранні. А затым параўнаць, калі больш зручна і вынікова атрымліваецца.
Ну, і самае галоўнае. Памяць можна (і трэба!) трэніраваць у любым узросце. Таму методыка Піфагора падыходзіць абсалютна для ўсіх. І, я ўпэўненая, у многіх з вас, шаноўныя сябры, ёсць і іншыя методыкі ды прыёмы для запамінання, спосабы трэніроўкі памяці.
Гэта вельмі важна – не запускаць працэс. Як толькі злавілі сябе на думцы, што не можаце хутка ўспомніць тое і тое, дык адразу ж – наперад! Памяць трэніраваць. І не варта адразу ж кідацца ў медыкаментознае лячэнне. Усё ж лішняя хімія ў арганізме ў выглядзе таблетак можа і пачакаць. Ці яшчэ доўга не спатрэбіцца. Альбо не спатрэбіцца ўвогуле.
Я ўчора паспрабавала прымяніць методыку Піфагора. І – так. Незаўважна заснула недзе на пералічэнні спраў у раёне абеду. 🙂 Ну, хоць такая карысць. А працягваць, вядома ж, буду. Бо сапраўды, часцяком не магу прыгадаць прозвішча кагосьці, хаця, здаецца, круціцца на языку. І нават памятаю, колькі літар у прозвішчы…
Тады пачынаю перабіраць алфавіт. Падалася пачатковая літара знаёмай?! Далей падстаўляю па парадку другую. І ў абсалютнай большасці выпадкаў сапраўды ўспамінаю. Але ж часу займае…
Так што давайце скарыстоўвацца парадамі Піфагора! Поспехаў усім! 🙂