Site icon Слушна

Чаму жанчыны не сыходзяць ад аб’юзераў

Аб'юзер 2

Штораз пад публікацыямі пра аб'юзіўныя адносіны ў пары або сям'і (аб'юзер – чалавек, які ўчыняе гвалт, выходзячы за рамкі дапушчальнага. – заўв. рэд.) з'яўляецца каментатар, які задае адно і тое ж пытанне: «Чаму жанчыны не сыходзяць, калі ўсё так дрэнна?»

Шмат каму здаецца, што ў сучасным свеце разарваць адносіны нічога не варта: статус адзінокага ці разведзенага чалавека больш не з'яўляецца кляймом і не ганіцца грамадствам. А ў паводзінах жанчын, якія не разрываюць відавочна аб'юзіўныя адносіны, актыўна шукаецца падвох. Як у выпадку са згвалтаваннямі: занадта задзірліва апранулася, выпіла лішку, пайшла ўвечары ў клуб.

Аб'юз 1

Толькі тут супраць пацярпелай прыводзяцца іншыя аргументы. Людзі лічаць, што жанчына застаецца ў хваравітых адносінах дзеля ўласнай выгады. Ці таму, што ёй падабаецца быць падуладнай. Або – трэба быць больш памяркоўнай, давяла мужыка. У любым выпадку меркаванне большасці зводзіцца да аднаго: не разрываць адносіны – выбар самой жанчыны і, адпаведна, яе ж праблемы. Але не сыходзяць жанчыны не таму. Няздольнасць разарваць адносіны, што прыгнятаюць, падмацоўваецца шматлікімі іншымі фактарамі, пра якія мы распавядзем падрабязней разам з псіхолагам Юліяй Мызянковай.

Аб'юзер падпарадкоўвае ахвяру

Аб'юзіўныя адносіны будуюцца на маніпуляцыях, якія пераконваюць ахвяру ва ўласнай бездапаможнасці, мізэрнасці і безабароннасці. І – немагчымасці пражыць без аб'юзера. Жанчына не проста робіцца залежнай, а пераконвае сябе ў гэтым. Яна пачынае сапраўды верыць, што яе жыццё без гэтага партнёра немагчымае. А аб'юзер крок за крокам працягвае разбураць і падпарадкоўваць яе асобу.

У аснове падобных адносінаў ляжыць прага бязмежнай улады над чалавекам. А звыклы фармат адносінаў, калі мужчына – здабытчык, а жанчына – захавальніца агню, аб'юзеру толькі выгадны: розніца паміж кантролем і клопатам звычайна не ўсведамляецца да апошняга. Яго мэта – кантраляваць сваю ахвяру, таму, прыкрываючыся клопатам, аб'юзер пачынае пераразаць усе нітачкі, якія злучаюць жанчыну з іншымі людзьмі, прыкрываючыся добрымі намерамі.

Выбіраць ёй тую вопратку, якая падабаецца яму: «Я хачу, каб ты была самая прыгожая». Забараняць хадзіць кудысьці не з ім, бо «я баюся за цябе, раптам з табой нешта здарыцца?!» Выдаляць кантакты ў тэлефоне, бо «гэтыя сяброўкі на цябе дрэнна ўплываюць». Папрасіць сысці з працы, бо «навошта табе напружвацца, я дастаткова зарабляю». Перашкаджаць стасункам з бацькамі: «Твае бацькі мяне не любяць, я не хачу, каб мы з-за гэтага сварыліся». А потым ахвяра аказваецца ў шчыльным кокане «клопату», які цалкам пазбаўляе яе самастойнасці.

Ахвяра ўсё яшчэ кахае і спадзяецца на лепшае

Пачуцці не знікаюць па загадзе. На жаль, такая чалавечая прырода. А разам з надзеяй на лепшае гэта прыводзіць менавіта да таго, што жанчына трымаецца за адносіны толькі з-за кахання. Самая вялікая памылка ў падобных адносінах – «ён зменіцца».

Аб'юзер часцяком будуе ў галаве ахвяры ідэальную карцінку сябе – і таму жанчына нават не ўсведамляе, чаму партнёр так змяніўся, бо ён быў такім абачлівым, клапатлівым, уважлівым... І ва ўсім вінаваціць сябе, і імкнецца гэта выправіць, верачы, што як толькі зменіцца яна, усё вернецца на свае месцы.

З эмацыянальных арэляў цяжка саскочыць

Аб'юзер часцей за ўсё чаргуе перыяды клопату з перыядамі гвалту. Гвалт ужываецца не толькі псіхалагічны: падпарадкоўваць ахвяру эфектыўна і сілай. У нашым грамадстве распаўсюджана меркаванне пра тое, што біць сваіх жанчын – гэта нармальна: так павялося спрадвеку. І многія жанчыны зміраюцца з гэтым.

 

Пабоі ў звычайных і аб'юзіўных адносінах адрозніваюцца сваёй перыядычнасцю: аб'юзер наўмысна арганізуе перыяд зацішша пасля збіцця, акружаючы жанчыну нерэальнымі клопатам і ўвагай і ўнушаючы ёй думку: гвалт быў выпадковасцю, больш такога не паўторыцца. І падчас кожнай «адлігі» жанчына пачынае верыць: шлюб альбо адносіны яшчэ можна выратаваць. Але, даючы шанц аб'юзеру, яна забірае яго ў сябе.

Ахвяра «сама вінаватая» ва ўсім

Натуральна, аб'юзер ніколі не прызнаецца, што ён у чымсьці вінаваты. Для яго лепшы спосаб павярнуць сітуацыю ў свой бок – перакласці віну на жанчыну. А ў ахвяры, як мы памятаем, «прамытыя мазгі».

Многімі маніпуляцыямі аб'юзер з самага пачатку адносінаў пераконвае жанчыну ў тым, што яна заўсёды «больш вінаватая» за іншых. Спачатку мякка і пяшчотна, потым – агрэсіўна: разбіла талерку – «дурнічка мая крыварукая, будзь больш акуратнай наступным разам». Перасаліла суп – «пашанцавала табе, што я такую няўмеху ў жонкі ўзяў, хто б яшчэ з табой ажаніўся».

Затрымалася на працы з-за аўралу – «сама вінаватая, не ўмееш рабіць усё ў тэрмін». Не прыгатавала тое, што ён хацеў – «ты ніколі мяне не слухаеш і робіш усё па-свойму». Збіў яе – «гэта ты мяне справакавала: не так глядзела, голас павысіла» і г.д.

Загадзя аб'юзер яшчэ і «праграмуе» ахвяру, распавядаючы ёй, што не варта рабіць і якое пакаранне за гэта будзе. Дроў у агонь падкладаюць і навакольныя, сумняваючыся ў праўдзе, прапаноўваючы жанчыне пашукаць прычыну ў сабе – і паўтараючы тое самае «сама вінаватая».

Ахвяры няма куды сыходзіць

Лёгка раіць пасля першага ўдару збіраць чамаданы і бегчы ад тырана. Гэта ідэальны выхад толькі ў тэорыі: часцяком ахвяры проста няма куды ісці. Бацькі могуць не прыняць дачку назад – невядома, якія ў іх адносіны. Запаветныя «па 500» у нашай краіне зарабляюць далёка не ўсе.

І ўявіце, якія шанцы ў жанчын, што працуюць на нізкааплатных спецыяльнасцях ці не працуюць наогул па падгаворванні мужа. І калі адной у такіх умовах яшчэ можна выжыць, дык пры наяўнасці дзяцей  парада збіраць чамаданы не працуе ад слова «зусім».

Ахвяра запалоханая

Нярэдка аб'юзер дае ахвяры зразумець, што будзе, калі яна сыдзе. Спойлер: нічога добрага. Асабліва калі практыкуецца фізічны гвалт: збіўшы жанчыну да паўсмерці, аб'юзер можа прыстрашыць, што наступны раз можа быць апошнім. І яна паверыць у гэта, улічваючы ўсю падаплёку падобных адносінаў.

Няма нікога больш небяспечнага за садыста, які можа пазбавіцца каханай марыянеткі. Ён пагражае не толькі самой жанчыне, але і яе блізкім. І з-за страху гэтыя адносіны не разрываюцца.

Адказаць на галоўнае пытанне можна проста: жанчыны не сыходзяць, бо не могуць. Па сутнасці, яны псіхалагічна зламаныя, загнаныя ў пастку, з якой без старонняй дапамогі не выбрацца. І самае горшае, што грамадства можа зрабіць для іх, – працягваць пераконваць у тым, што ахвяра сама вінаватая ва ўласным выбары і гвалце, учыненым над ёй. Гвалт ёсць гвалт, фізічны або псіхалагічны – не  мае значэння. І ні ў якім разе нельга яго апраўдваць.

Exit mobile version