Гэтага дня асабіста я чакаю з нецярплівасцю і надзеяй. 27 ліпеня 2019 года ўступае ў сілу антытытунёвы Дэкрэт №2. Вядома ж, не спадзяюся, што ўсе разам кінуць паліць… Хаця так хацелася б... Проста цяпер як быццам бы ў нас, пасіўных курыльшчыкаў, якіх дзень за днём шматразова прымушаюць удыхаць атруту, будзе больш правоў. І больш месцаў, дзе курэнне альбо цалкам забароняць, альбо будуць там толькі спецыяльна выдзеленыя для яго зоны.
Калі яшчэ 27 студзеня пісала свае разважанні на гэтую тэму, ліпеньская дата была далёкай і нерэальнай. Але вось ужо заўтра і першы дзень каляндарнага лета. І закруціцца яно, панясецца, паляціць гэтак жа хутка, як зіма і вясна… А сёння, між іншым, Сусветны дзень без тытуню. Ён жа – Сусветны дзень барацьбы з курэннем! Чым не нагода, каб кінуць паліць?!
Многія ўпэўненыя, што гэта немагчыма ў прынцыпе – пазбавіцца ад заганнай звычкі. Хтосьці спасылаецца на слабую сілу волі, хтосьці на тое, што гэта ўжо хвароба… Мне спадабалася меркаванне знаёмага доктара, які прывёў у якасці прыкладу вось гэты сумны анекдот.
«Завезлі на бязлюдны востраў хворага на туберкулёз, хворага на анкалогію, заўзятага курца, наркамана і пакінулі там на год. Пасля вызначанага тэрміну прыязджаюць і бачаць такі малюнак. Хворыя на туберкулёз і анкалогію памерлі. Курэц і наркаман бегаюць такія здаровыя, з ружовымі шчокамі… Курэц крычыць: «Дайце хутчэй цыгарэту! Я ж цэлы год не паліў!» Наркаман: «А я год не шыраўся! Дайце «дуры»!»
«Дык хто з іх сапраўдны хворы?!» – спытаўся мой знаёмы доктар. І дадаў: «А калі людзі толькі спрабуюць, толькі пачынаюць паліць ці выпіваць… Яны што – хворыя?!»
На шчасце, ведаю сапраўды шмат людзей, маіх знаёмых, якія кінулі паліць 10, 20 гадоў таму. І не цягне. З імі прыемна сустракацца ў любы час і ў любым месцы, бо дакладна ведаю: не абкураць, не прымусяць удыхаць дым… І вось ведаеце, сапраўды іх паважаю за тое, што атрымалася кінуць. А не так, як яшчэ ў адным… Анекдоце-не анекдоце… Вядомым выслоўі: «Кінуць паліць? Дык гэта сапраўды лёгка! Ведаеце, колькі разоў я сам кідаў?!» Як кажуць, без каметароў…
Мне рэальна дрэнна ад цыгарэтнага дыму. Адразу пачынаецца кашаль. Стрымлівай-не стрымлівай, а ён прарываецца. І гэта не мая прыхамаць, а індывідуальная рэакцыя арганізма. Вось таму так пакутліва штодня праходзіць па вуліцах Мінска і Чэрвеня. Асабліва праз аўтобусныя прыпынкі, дзе тых аматараў зацягнуцца столькі… Стараюся не ўдыхаць атрутнае паветра, калі іду міма. Але калі ланцужок курцоў расцягнуты не на адзін метр… Ажно лёгкія затым баляць…
Я разумею, што дарослых людзей ужо не перавучыш. І што колькі б у Сусветны дзень барацьбы з курэннем ні ўшчувалі б іх, колькі б лозунгаў ні абвяшчалі, колькі б акцый ні праводзілі… Масавых вялікіх аднамомантных зрухаў мы, на жаль, не ўбачым. Магчыма, хтосьці задумаецца. Магчыма, зменшыць спажыванне, а затым і зусім кіне. Але такіх мала… Іх так мала!
І чаму курцы не задумваюцца пра сваё здароўе?! Чаму самаўпэўнена думаюць: «Мяне гэта не датычыцца», «Са мной гэта ніколі не здарыцца…» А калі ўсё ж здараецца, дык шчыра не разумеюць, што гэта – наступствы курэння.
Яны не вераць, што рызыка ўзнікнення інфаркта міякарду ўзрастае прама прапарцыянальна колькасці спажытых цыгарэт. Што абсалютная большасць выпадкаў аклюзіённых паражэнняў перыферычных сасудаў канечнасцяў звязана з курэннем. А смяротнасць ад сардэчна-сасудзiстых захворванняў у тых, хто паліць, у 2 разы перавышае той жа паказчык сярод людзей, у якіх няма гэтай шкоднай звычкі. А калі і задумваюцца, дык часцяком запознена…
І ўсё ж я чакаю 27 ліпеня 2019 года! І яшчэ больш – дзён наступных. А раптам шэрагі аматараў палення, асабліва ля прыпыначных пунктаў, сапраўды парадзеюць?! І больш не давядзецца пераадольваць іх подбегам, старанна зацсікаючы нос і імкнучыся не выкашляць лёгкія… Пачакаем?!