Чарапаха сімвалізуе мудрасць, даўгалецце і багацце. У яе гонар заснавана міжнароднае свята. Сусветны дзень чарапахі адзначаюць 23 мая. Яго мэта — прыцягнуць увагу грамадства да пытанняў захавання папуляцыі гэтых жывёл.
З нагоды свята мы вырашылі расказаць пра чарапах, якіх можна ўбачыць у Беларусі.
Чарапахі ў Беларусі
На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь можна сустрэць толькі адзін від чарапах, гэта Балотная чарапаха, якая ўваходзіць у сямейства прэснаводных.
Гэты від распаўсюджаны ў паўднёвых рэгіёнах рэспублікі, але тут варта адразу нагадаць, што папуляцыя гэтых паўзуноў дастаткова абмежаваная, і чарапаха ўнесена ў 1981 годзе ў Чырвоную кнігу Беларусі.
Дзе можна сустрэць рэдкую чарапаху?
Увесь час яна жыве на Палессі, хоць асобных прадстаўнікоў можна ўбачыць у любым раёне краіны. Але шанцаў больш каля Пружан, Белаазёрску, Целяхан, Дзякавіч, Добруша. Дарэчы, вясна — гэта час, калі балотная чарапаха з'яўляецца пасля працяглай зімоўкі. Яна закопваецца ў глей у кастрычніку-лістападзе, і можа спаць так 4-6 месяцаў
Унікальнасць беларускай балотнай чарапахі і яе роля ў экасістэме
У адрозненне ад сваіх суродзічаў з Паўночнай Афрыкі, Азіі і іншых частак Еўропы беларуская балотная чарапаха мае цёмны, практычна чорны панцыр. У той час як найбольш звыклы колер чарапахі гэта аліўкавы або зялёны. Шчыткі панцыра дарослых асобін рэльефныя, маюць добра прыкметныя гадавыя кольцы. Абалонка вачэй чырвоная або карычнявата-бурая.
У мясцовай балотнай чарапахі высокая пладавітасць, у тым ліку за кошт таго, што яна дастаткова буйная. Дасягаючы палавой сталасці ў 5-9 гадоў, самка здзяйсняе адну кладку у сезон, адкладаючы пры гэтым да 22 яек.
У Беларусі балотныя чарапахі жывуць пераважна ў лясістай і балоцістай мясцовасці. Таму для кладкі яек на пяшчаных тэрыторыях ім даводзіцца пераадольваць адлегласці да 1000 метраў.
Балотныя чарапахі з'яўляюцца часткай экасістэмы, яны ствараюць біямасу і адыгрываюць важную ролю ў харчовых ланцужках. Напрыклад, чарапахамі сілкуюцца некаторыя віды драпежных рыб, а птушкі ядуць чарапашыя яйкі і іх дзіцянят.
У месцах свайго пасялення балотная чарапаха актыўна выконвае функцыю своеасаблівага санітара вадаёма – яна сілкуецца падалкай, снулой, хворай ці параненай рыбай, трупамі вадаплаўных птушак. Іх сховішчы ў зямлі выкарыстоўваюць казуркі, змеі, лісы і зайцы. Вядучы жыццядзейнасць адначасова ў вадзе і на сушы, балотныя чарапахі займаюць унікальную экалагічную нішу.
Маленькая колькасць балотных чарапах у свеце робіць іх яшчэ больш важнымі для краіны і патрабуе адмысловых, дадатковых мер па выяўленні і ахове месцаў размнажэння.
Цікавыя факты пра балотных чарапах
- Даўжыня яе панцыра дасягае 12—21 см. Маса чарапахі можа дасягаць 1,5 кг.
- Даўжыня панцыра маладых асобін адразу пасля ад 25 да 30 мм, маса — 5,7-6,5 грамаў.
- У Беларусі балотныя чарапахі жывуць каля 27 гадоў.
- Балотная чарапаха ўсяядна, але асноўнай ежай для яе з'яўляюцца розныя невялікія жывёлы, у першую чаргу малюскі, ракападобныя чарвякі, водныя і наземныя казуркі і іх лічынкі. Балотная чарапаха можа паляваць і на дробных пазваночных: амфібій і іх лічынак, маладых змей.
- Самка чарапахі горлам вызначае тэмпературу мясцовасці і знаходзіць цёплае і сухое месца.
- У сезон у адным месцы можна назіраць адначасова да 15 самак, якія адкладаюць яйкі. А за два тыдні адкласці яйкі ў адным месцы могуць каля 250 самак.
Выратаванне папуляцыі ў заказніку «Спораўскі»
Рэспубліканскі біялагічны заказнік «Спораўскі» ў Бярозаўскім раёне — адно з нямногіх месцаў, дзе балотную чарапаху можна сустрэць у дзікай прыродзе. Больш за год таму супрацоўнікі заказніка знайшлі там спустошанае гняздо балотнай чарапахі. Большая частка кладкі была знішчана лісіцай, але некалькі яек усё ж засталіся некранутымі.
Вяртанне лісіцы было ўсяго толькі пытаннем часу, шанцаў ацалець у пакінутых яек не было. Каб захаваць дзіцянят чарапахі, яйкі перадалі вучоным з інстытута па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь для інкубацыі, падрошчвання і далейшага вяртання ў прыроду.
Праз год падросшыя чарапашкі былі выпушчаныя ў сажалку на тэрыторыі заказніка «Спораўскі» і цяпер насяляюць месную тэрыторыю, радуюяы вока яе наведвальнікаў.
https://bel.24health.by/unikalnae-mesca-dlya-adpachynku-raskazvaem-pra-admetnasci-lipichanskaj-pushchy/