Усё пачалося, калі я ляжала ў калысцы. Яна стаяла ў самым светлай частцы дома. Дзе сонца сутыкалася з месяцам за права ззяць мне больш. Апошні перамагаў, бо было гэта ў сярэдзіне восені. Дзень рабіўся больш, даўжэй, амаль што адчуваўся навобмацак. Я працягвалася маленькія ручкі, спрабуючы ўхапіць прастору. Бацькі радаваліся і клікалі іншых людзей паглядзець на мяне.
Ноччу, калі я не магла заснуць, то бачыла шмат людзей вакол сябе. Яны хадзілі вакол мяне, разглядалі. Мужчыны, жанчыны, усе адметна прыгожыя, не маладыя, але светлыя. Яны ззялі і часам скрозь іх можна было ўбачыць пакой. Яны зачаравана назіралі за мной і маімі рухамі.
Ад іх усіх пахла так звыкла, знаёма, як пахла ад маіх бацькоў, якія нярэдка прыціскалі мяне да грудзей. Ні матуля, ні татачка іх не бачылі. Затое бабуля заўважала гэтых людзей, абыходзіла іх, ды насіла мяне з сабой. Па дарозе да лесу, які быў побач, яна любіла ўзгадваць былое.
Я зусім не ведала, што значыць яе гісторыі, ды і не запамінала іх. Тая ўспамінала, як некалі з адной вёскі ў другую выйшла замуж, як згарэў стары дом, ды як бацька мой забраў частку таго дома для свайго новага. Як у сям'і ўсе чакалі, калі я нараджуся.
Маці не любіла, калі бабуля хадзіла са мной доўга. Чым старэйшай я станавілася, тым часцей заставалася адна. Слухаючы страшныя крыкі і лаянку за сцяной, я баялася туды пасунуцца. Я напружвала слых, цела, вочы, але не ішла. Чым больш я трымцела ад страху, тым слабей бачыла людзей навокал.
Яны з бачных асоб пераўтварыліся ў ледзь улоўны цені. Я ўжо не чула іх слоў, ды не магла разлічыць колер вачэй. Істоты працягвалі паглядаць на мяне, але больш не краналіся. Пакуль аднойчы сярод ночы не прачнулася.
Дома было зусім ціха, але за акном брахалі сабакі. Цені людзей зусім зніклі, затое я раптам зразумела, што наш дом хочуць падпаліць. Я раззлавана кінулася да акна, але там нікога не было. Я ўглядалася, баючыся парушыць сон бацькоў, але людзі сышлі. З той пары я амаль кожную ноч чакала падпальшчыкаў і заўсёды чула, як яны набліжаюцца.
Ліпкі гарачы страх зрабіў так, што я не адразу зразумела — вакол мяне няма людзей. Тых істот і постацей, якія супакойвалі мяне і падтрымлівалі. Чым далей я была ад той маленькай дзяўчынкі, якую невядомыя рукі калыхалі і ціха спявалі невядомыя спевы на незнаёмай мове, тым больш расло ў ва мне нешта.
(іншы пачатак)
Сталай жанчынай я выгадавала пад сабой кветку трывогі. Вялікая буйная расліна зялёнага колеру з салатавымі і смарагдавымі пералівамі. Блізка да сонца, яно не апальвае. У розныя бакі разыходзіліся галінкі і лісце, а на самым версе каронай буйнела кветка.
Складзеная з ружовых, пунсовых, чырвоных і пурпуровых пялёсткаў. Сімвалы страху, гневу, рэўнасці і крыўды. Яны буялі яскравымі фарбамі, раз на год выпадалі, ператвараліся ўгнаеннямі, каб дапамагчы новым кветкам вырасці яшчэ большымі.
Паглядзеўшы аднойчы знізу ўверх, знаходзячыся ў самым сэрцы кветкі, я зразумела, што зусім перастала бачыць людзей. Што вечарам пялёсткі шчыльным коканам ахоўвалі мяне і з кожным днём усё менш адпускалі, жадаючы працягнуць мой сон. Людзі былі падобны да плям, якія цягнулі да мяне рукі і я цягнула да іх, але адлегласць была занадта вялікая.
Наверсе пад сонейкам так добра, але так адзінока. Пялёсткі так агартаюць і падтрымліваюць. Але ўнутры мяне ўсё так імкнулася да людзей. Аднойчы я наўмысна вывалілася з калыскі кветкі трывогі. Я доўга ляцела ўніз, кувыркалася і змяняла накірунак. Пялёсткі і лісце спрабавалі мяне падхапіць, але я нязгодна аштурхоўвала іх.
Ды калі прыйшоў час ударыцца аб зямлю, то я адчула пад сабой мяккі ложак сваёй мінскай кватэры. Хтосьці званіў у званок, адчайна і настойліва. Паправіўшы памаранчавыя піжамныя штаны і чорную майку, заспяшалася адкрыць.
На парозе стаяла дзяўчынка. Яна склала рукі на грудзі, ды задаволена на мяне паглядала. Светлыя яшчэ не доўгія валасы былі сабраны ззаду ў смешныя хвосцікі. Яна бліснула вачыма і па-гаспадарску ўвайшла ўнутр.
—Дык ты тут зараз жывеш? — яна аглядала аднапакаёвую кватэру. — Здымаеш?
— Не, манцірую, — ад разгубленасці аджартавалася я.
— Ахаха смешна! — зарагатала яна і рукі яе саслізнулі з занадта дарослага жэста, ды прыйшлі да жыцця, сталі рухацца. — Ого, якія прыгожыя надпісы на сценах.
Яна скінула сандалі ў калідоры ды прайшла ўнутр. Я спалохана ўбачыла, што на вуліцы люты, за акном адчайна ідзе снег. Па-летняму апранутая дзяўчынка выглядала не змерзлай. Усё ў яе адназначна было добра.
Невядомая хадзіла па кватэры, разглядала надпісы на сценах, якія зрабіла яшчэ гаспадыня кватэры, з захапленнем гладзіла кветкі, якія раслі ў маім мастацкім куточку, разглядала мноства партрэтаў мяне, зробленыя маімі блізкімі сяброўкамі-мастачкамі.
— І ты жывеш зусім адна? — яна прайшла на кухню, села за стол, ды ўзяла з талерачкі шакаладную цукерку.
Я задаволена кіўнула.
— Як я і марыла.
Я стала побач і таксама ўзяла цукерку. Мы селі іх есці, ведаючы, што ніхто не патурбуе нас, ды можна з'есці колькі захочацца. Стаміўшыся быць на адным месцы, дзяўчынка прайшла зноў у вялікі пакой і зачаравана спынілася ля паліцы з журналамі.
— Ты нарэшце пачала іх набываць? — яна разглядала каштоўныя выданні пра кіно, рэдкія літаратурныя альманахі і экзэмпляры газеты, дзе я працую.
— Я там пачала працаваць, усіх абхітрыла, — засмяялася я, узіраючыся ў плаўныя рысы дзіцячага твара. Пасля маіх слоў у яе вочы палезлі на лоб.
— Ахахах як цудоўна! — яна падскочыла на месцы і задаволена замахала рукамі.
Яна заскокнула на ложак, змінаючы покрыўку і бялізну. Ды размахваючы рукамі пачала прадстаўленне. Распавядала мне гісторыі, якія з ёй адбыліся, як яна вярталася дадому, як любіць сваіх сабак і сям'ю. Столькі імпэту і сілы хавалася ў гэтай маленькай дзяўчынцы. А голас разносіўся па ўсёй кватэры, што напэўна нават суседзі, якія палілі на леснічнай пляцоўцы, чулі.
Спатрэбілася шчэ некалькі хвілін, каб маленькі віхр зрабіў некалькі колаў па кватэры, а я пазнала стварэнне. Ад разумення падкасіліся ногі, ды я асела на падлогу. Дзяўчынка падскочыла да мяне і стала побач. Тонкія дзіцячыя пальцы гладзілі мае валасы, якія я ізноў расціла.
— Ты мяне такой уяўляла? — запыталася я, працягваючы свае вялікія дарослыя далоні да яе твару.
— Я раней увогуле нічога не ўяўляла, думала, што не перажыву, — яна працягнула мне свае далоні, але не ў сілах стаяць на месцы пачала нагамі танцаваць беларускі народны танец, які вывучыла перад тэлевізарам — Але ты! Ты проста супер! Я такіх рэчаў нават уявіць не магла.
Недзе на вуліцы разам са снегам ападалі на зямлю і пялёсткі вялікай кветкі. Страх, гнеў, рэўнасць і крыўда рассыпаліся разам з іншым, ператвараліся ў снег, які мусіць расстаяць увесну. Бясстрашна маленькая дзяўчынка глядзела на вуліцу, а пасля смела абняла мяне.
Адчуваючы цеплыню яе, нібыта ад цэлай печкі, я прыціснула добра знаёмага чалавека да сябе. Падхапіла на рукі. Прымала і адчувала. Яна паказала рукой на вялікае люстэрка. Раней у нас такога не было.
Параўняўшыся з люстэркам у поўны чалавечы рост, мы паглядзелі адна на адну скрозь яго. Тыя ж самыя прычоскі, пшанічныя валасы, толькі васількоў не хапае, светлая скура і ўжо бачны ганарысты нос. З захапленнем ад памераў дзяўчынка дакранулася да майго носа.
— Ты вось дарослая, а не ведаеш, — яна павярнула галаву да люстэрка, ды ткнула рукой у яго. — У нас між іншым не проста блакітны колер вачэй.
— Ты жартуеш? — я асцярожна паправіла яе валасы, спрабуючы зразумець, што яна мае на ўвазе. — Я заўсёды кажу, што ў мяне блакітныя.
— Ахахха вось жа насмяшыла, — яна паказала рукамі на свае вочы. — Якія блакітныя. Паглядзі на гэтае жоўтае кола вакол зрэнкі. Гэта мае навуковую назву. Ведаеш якую?
— Не, — але я ведала.
— Гетерахрамія! — задаволена паведаміла мне яна.
Мы засмяяліся. Я з пяшчотай прыціснула дзяўчынку да сябе. Яна, адчуваючы ласку і спакой, сцішана пасміхнулася. Знайшоўшы адна адну, мы зноў паглядзелі ў люстэрка. Больш не было навокал кватэры. Адзін за адным з'яўляліся за нашай спіной людзі.
Я адразу пазнала іх. Яны былі такімі ж як у маім дзяцінстве і маленстве. Шэрыя постаці ў простых рубахах. Людзі былі не маладыя, але такія пазнавальна прыгожыя. У мяне было тое, што належала кожнаму з іх. Шчокі, падбароддзе, колер валосся, дуга бравей, зубы. Калісьці ў гэтыя рысы, якія мела я, закахаліся яны.
Усе сем кален, якія толькі можа захаваць памяць чалавека, сталі ў шэрагі за мной. Чым далей, тым больш іх рабілася. Яны ўсміхаліся, радасна глядзелі на нас з дзяўчынкай. У шэрым святле археалагічнай аддаленасці у кожнага другога ззялі вочы. Блакітныя з жоўтым колам вакол.
https://bel.24health.by/chornae-pole-filasofskaya-kazka/