Site icon Слушна

Чэмпіёны па р(г)адасцях (казка) + аўдыё

Хатка на курыных лапках

https://bel.24health.by/wp-content/uploads/2022/03/Champiyony-pa-gadascyam.mp3?_=1

 

Аднойчы ў цёмным лесе, у хатцы на курачай лапцы сядзелі пры стале і гулялі ў шашкі Баба-Яга – касцяная нага і Цуда-Юда паганае.

Праўду сказаць, мухлявалі больш, чым гулялі – тры галавы Цуды-Юды так саплі, што перамешвалі чорныя шашкі з белымі і здзімалі іх з дошкі. Бабуся Ягуся не адставала – спрытна хапала фігуркі праціўніка і хавала іх у сваіх лахманах. Праз гэта яны бясконца сварыліся і намагаліся давесці адно аднаму, што гулец насупраць і ёсць сапраўдны гад печаны.

Сонечная казачка

Гулялі дзень, гулялі два – на трэці стаміліся, стала не цікава. Засумавалі. Бабуся Ягуся наварыла супу з мухамораў. Пад’елі – але не павесялелі. Запарылі гарбату з гадзючай цыбулі, папілі – радасней не стала. Пачалі думаць, чым яшчэ сябе заняць.

Баба Яга

Раптам у небе загуло, і над хаткай праляцеў самалёт.

–  Разлёталіся, –  сцяўшы зубы на ўсіх пашчах, прасычэла Цуда-Юда. – За гэтымі самалётамі ў неба не падняцца, як бачыш саб’юць!

–  І не кажы, –  згодна заківала галавой Баба-Яга. – Ужо і я асцерагаюся лятаць! Неяк трапілася на дарозе аднаму летаку – ледзь адбілася памялом. Яму толькі крыло падрапала, а я памяло зламала – напакутвалася, пакуль наладзіла.

–  Тут засумуеш! – у адзін голас уздыхнулі Баба Яга і Цуда-Юда.

Раптам у вачах Бабусі-Ягусі заскакалі чэрці.

–  Прыдумала! – закруцілася яна на касцяной ножцы. – Будзем конкурс ладзіць! От павесялімся!

–  Які такі конкурс? – здзівілася Цуда-Юда і натапырыла вушы.

–  Чула я днямі, як птушкі выхваляліся перад ляснымі жыхарамі, што яны найлепшыя стварэнні! Вычыталі ў энцыклапедыі – дужа разумнай кнізе, якую займеў вучоны Сыч –  што летакі-самалёты ад птушак пачатак бяруць!

–  А што ты думаеш, усё можа быць, – цыркнула слінай Цуда-Юда.

–  Няхай сабе! – паціраючы рукі, прамовіла баба Яга. – А вось ад якіх менавіта птушак? Зладзім конкурс – няхай кожная давядзе сваё права продкамі летакоў-самалётаў звацца!

–  А весяліцца калі? – не скеміла Цуда-Юда.

– Эх, ты! – пакруціла галавой Баба-Яга. – Як пачнуць паміж сабой высвятляць, хто лепшы –  паб’юцца абавязкова. Вось і павесялімся!

–  А Бабусенька, а Ягусенька! – нарэшце скеміла Цуда-Юда. – Без сумневу –  ты чэмпіёнка па розным радасцям-гадасцям!

–  Ды ўжо ж стараюся ад цябе не адставаць! – зарагатала задаволеная Баба-Яга, ускочыла ў ступу, махнула памялом – і ўзмыла пад аблокі. Яна паляцела паведаміць птушкам пра конкурс, і ў хуткім часе ўсё наваколле гуло ад навіны.

Мяне завуць Лахнэска

Пазляталіся да хаткі на курачай лапцы птушкі з усяго свету, а Бабуся-Ягуся і Цуда-Юда паселі суддзямі. Конкурс пачаўся з даклада вучонага Сыча.

–  «Мара пра палёты спрадвеку была ў людзей – старажытныя грэцкія міфы таксама расказваюць пра яе. Майстра Дэдал зрабіў крылы з пёркаў і воску, каб Ікар мог падняцца ў неба», – зачытаў вучоны Сыч з энцыклапедыі і спытаў прысутных: –  Што гэта, як не спроба людзей пераймаць птушак?

Птушкі ўхвальна зашчабяталі, зачырыкалі, застракаталі, закаркалі. Шумелі так, што давялося Бабусі-Ягусі і Цуду-Юду ваты ў вушы напхаць. Абмеркаваўшы, што ў самалётаў, як і ў птушак, ёсць крылы, хвост, галава, лапы-шасі, птушкі агледзелі кожная сябе і суседзяў – нібы першы раз бачылі – і яшчэ раз пацвердзілі:

–  Бясспрэчна, сталёвыя гіганты пайшлі ад нас!

У маленькіх птушак ажно сілы прыбыло – вось якая адметная яны грамада!

–  Цудоўненька! – ялейным галаском прамовіла Бабуся Ягуся і штурхнула ў бок Цуду-Юду. – Але ж, пэўна, былі і першыя птушкі, на якіх сталі звяртаць увагу майстры? Не забывайцеся: пераможцам будзе той, хто давядзе сваё першынства.

Дужа хацелася кожнай птушцы вылучыцца і звацца першай!

Паважна выступілі наперад Гарадскія Галубы:

–  Думаем, што гэта былі мы! – правуркаталі яны. – Мы спрадвеку жывём побач з людзьмі. Няйнакш, яны на нас нагледзеліся!

–  Вось невукі, а яшчэ радня! – абурыліся Галубы Лясныя. – Пакуль гарадоў набудавалі і вы ў іх атабарыліся, былі мы! Людзі на нас глядзелі.

–  Чакайце,  панове! – заклекатаў Журавель. Ад хвалявання ў яго на галаве ажно запалымнела чырвоная шапачка. – Прыгледзьцеся добра: магутныя летакі падобныя да журавоў!

–  Падобныя!!! – абурана зашыпелі Лебедзі-Шыпуны. – У гэткай важнай справе хіба можна быць недакладнымі! Падобныя ці не падобныя –  пытанне спрэчнае. Мы вось чулі, што ёсць адмысловыя самалёты, якія завуцца «Белы лебедзь».

–  Калі на тое пайшло, –  загагаталі Гусі, –  дык і мы маем што сказаць. – Ці вы не чулі пра Самалёта-гуся? А ён, між іншым, у музеі ў Амерыцы стаіць! Хто яшчэ мае такі важкі доказ?

Ох, што пачалося пасля гусінай заявы! Лёталі ластаўкі, маланкай мільгалі стрыжы, планавалі ў паветры буслы, узмывалі над зямлёй чайкі. Крычалі, спрачаліся пра размах крылаў і хуткасць палёту. Зачапілі за жывое каршуноў, груганоў, ястрабаў – драпежных птушак. А ў тых гаворка кароткая – хапу-лапу – і паперлі меншых крыкуноў за аблокі.

Пер’е ляціць, гвалт стаіць, птушкі ўжо і забыліся, з чаго сыр-бор разгарэўся. Распалася грамада!

Як зайка Шустрык вясну сустракаў?

А Бабуся-Ягуся з Цудам-Юдам нацешыцца не могуць! Як сапраўдныя чэмпіёны пры стале сядзяць, зёлкі папіваюць, мухаморамі заядаюць, з вакна за птушынай бойкай назіраюць і больш не сумуюць: конкурс задаўся выдатны!

Exit mobile version