Не, мы не памыліліся ў вызначэнні. Супы гатуюць не толькі са звыклых для гэтай стравы прадуктаў: агародніны, круп, мяса, птушкі, рыбы, малака, – але таксама з садавіны і ягад. Вядома, у якасці асноўнай стравы ў абедзеным меню яны наўрад ці падыдуць. Але як дэсерт ідэальныя: салодкія, з крэмавай тэкстурай, багатыя на вітаміны і з мінімумам калорый.
Сёння мы прапануем вам прыгатаваць суп з чарніц. Гэта выдатны спосаб сумясціць прыемнае з карысным. Гатуецца суп імгненна, затое цудоўнае свежае задавальненне, якое вы атрымаеце ад яго, застанецца з вамі надоўга.
- свежыя чарніцы – 400 г;
- апельсінавы сок – 1 л;
- цукар – 0,5 шклянкі;
- молатая карыца – ¼ ч. л.;
- соль – на кончыку нажа;
- сок цытрыны – 1 ч. л.;
- свежая мята.
Спосаб прыгатавання:
У вялікі рондаль насыпце чыстыя свежыя чарніцы, дадайце апельсінавы сок, цукар, соль і молатую карыцу. Змяшайце і пастаўце на сярэдні агонь. Суп, памешваючы, трэба давесці да кіпення, але не кіпяціць. Са з'яўленнем першых бурбалак зніміце рондаль з агню і злёгку астудзіце суп.
Затым дадайце ў страву лімонны сок і змешвайце ў блендары да таго часу, пакуль тэкстура супу не стане гладкай і аднастайнай.
Суп можна падаваць цёплым або папярэдне астудзіўшы ў халадзільніку. Ён выдатна глядзіцца ў парцыённых крэманках, упрыгожаны лісцікам свежай мяты.
Перад падачай у кожную порцыю можна дадаць па 1 сталовай лыжцы натуральнага ёгурта. Гэта надасць супу лёгкае сметанковае адценне.
Найбуйнейшым у свеце вытворцам чарніц з'яўляюцца ЗША. А амерыканскі горад Хамантан, штат Нью-Джэрсі, з поўным правам прэтэндуе на званне «чарнічнай сталіцы свету». Менавіта тут кожны год праходзіць фестываль чарніц, на які з'язджаюцца дзясяткі тысяч людзей з усяго свету. У 2011 годзе тут быў пастаўлены своеасаблівы рэкорд: падчас фестывалю, які доўжыцца ўсяго адзін дзень, было прададзена каля 2 мільёнаў пінт чарніц (1 пінта = 0,55 л).
Гатаваць дэсертныя супы можна практычна з любых ягад і садавіны. Мона- і шматкампанентныя. На цукровым сіропе, соку або малацэ. З салодкім пламбірам - для дзіцячага свята, і з пеністым шампанскім – для нясумнай вечарыны 18+. Ёсць толькі адно непарушнае правіла іх прыгатавання: ніякіх правілаў няма! А таму даверцеся сваёй фантазіі і, варожачы на кухні, дамагайцеся таго самага смакавага спалучэння, якое палюбіць уся ваша сям'я.
Смачна есці!