Што зробіць большасць (ну добра-добра, не большасць, а частка) з нас, калі ўбачыць, што дарогу хуценька так (каб не спынілі!!!) перабягае чорная котка?! А калі насустрач ідзе жанчына з пустым вядром?! Альбо пачакаем, альбо зробім пэўныя рытуальныя дзеянні, альбо хаця б падумаем аб прымхах… Ці не так?!
Можна тыя прымхі-прыкметы прымаць ці не прымаць, лічыць супадзеннямі… І нават ставіцца да іх з гумарам. Бо невыпадкова ў сеціве з’явілася такое: «А што рабіць, калі сустрэнеш чорную котку з пустым вядром?!» Уявілі?! Я таксама! І ўсміхнулася… А значыць, усё не так ужо і безнадзейна.
Вось як вы ставіцеся, сябры,напрыклад, да пятніцы, 13-га?! Не-не ды і ёкне штосьці ўнутры пры думцы пра такое супадзенне, праўда?! Нават калі зусім, ну вось цалкам – рэаліст ды матэрыяліст… А яшчэ ж калі што і насамрэч здарыцца… Вось і тлумачэнне гатовае. Ад якога хаця б крыху, але лягчэй.
Зразумела ж, я таксама – не выключэнне. Але вось ужо больш за 15 гадоў, наадварот, думаю: «Якое шчаслівае гэтае супадзенне для мяне…» І сапраўды, цяпер звычайна нават здараецца штосьці прыемнае ў пятніцу, 13-га. А памяняліся адносіны на пачатку 2000-х – пасля шчырай гутаркі з народным паэтам Беларусі Рыгорам Барадуліным. Светлая яму памяць…
Тады я яшчэ працавала ў чэрвеньскай школе выкладчыцай беларускай мовы і літаратуры. І адначасова была няштатным аўтарам нашай мясцовай «раёнкі». Калі мне прапанавалі ўзяць інтэрв’ю ў слыннага паэта, які прыязджае да нас у Чэрвень, я, вядома ж, вельмі ўзрадавалася. Бо яго вершы сапраўды адны з самых любімых.
Да інтэрв’ю давялося рыхтавацца, шукаючы публікацыі пра Рыгора Барадуліна ў бібліятэцы. Там, апрача іншага, знайшла ўзгадкі пра яго хатняга гадаванца – ката Мірона, чорнага колеру, але з белымі лапкамі і манішкай. А сустрэча наша адбылася… Ну, так! У пятніцу, 13-га.
… Калі папыталася ў паэта, як ён ставіцца да такога супадзення, дык мой суразмоўца адказаў, што няма такога ліку – «13», а ёсць «1+3=4». А чацвёрка для яго сімвалізуе трываласць, грунтоўнасць, спакой. Што датычыцца ката Мірона, дык белы колер у яго поўсці, па меркаванні гаспадара, пераважвае чорны. Не па колькасці, а па якасці…
І так гэтае тлумачэнне лягло мне на душу, што з таго часу і я перастала баяцца пятніцы, 13-га. Ужо амаль пяць гадоў прайшло, як Рыгора Барадуліна няма з намі, а ў мяне да гэтага часу перад вачыма тая сустрэча… І нават голас яго, здаецца, чую…
Думаю, кожны здольны сам знайсці тлумачэнні прымхам і прыкметам, якія, можа, будуць зусім не містычнымі, але дапамогуць захаваць душэўную раўнавагу. Ці пачуць іх ад іншых і гэтак жа пранікнуцца.
І ўсё ў нас будзе добра! І чорная котка з пустым вядром памахае пры сустрэчы вольнай лапкай і пажадае: «Выдатнага дня!» А ў пятніцу, 13-га, адбудзецца штосьці надзвычай прыемнае. І гэтае супадзенне станецца самым шчаслівым!