Site icon Слушна

Каб свята не скончылася ў бальніцы… Панкрэатыт

Панкрэатыт

Абвастрэнне панкрэатыту падчас навагодніх святаў, на жаль, зрабілася ўжо традыцыйнай праблемай. Як правіла, пакутуюць тыя, хто не ўлічыў у святочным меню «перавагі» падстраўнікавай залозы. Багацце тлустай ежы і алкаголю зусім не спрыяе здароўю гэтага важнага органа.

Пра тое, як захаваць «добрае самаадчуванне» падстраўнікавай залозы і пазбегнуць панкрэатыту, журналісту Слушна распавёў дацэнт 2-й кафедры хірургічных хваробаў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, кандыдат медыцынскіх навук Вячаслаў Казлоў.

 

Что такое панкрэатыт?

Падстраўнікавая залоза – важны орган чалавечага арганізма, які адыгрывае значную ролю ў працэсах стрававання і абмену рэчываў. Акрамя выдзялення панкрэатычнага соку, які ўдзельнічае ў страваванні, падстраўнікавая залоза выпрацоўвае гармоны (напрыклад, інсулін), якія рэгулююць вугляводны і тлушчавы абмены. Размяшчаецца падстраўнікавая залоза ззаду страўніка, за што і атрымала адпаведную назву.

Запаленне падстраўнікавай залозы, якое і называецца панкрэатытам, прыводзіць да таго, што яна пачынае «ператраўліваць»... сама сябе.

З-за гэтага пачынаецца некроз (адміранне) клетак, цэлых фрагментаў або нават усёй залозы. Калі пацыент выжывае, на месцы некрозаў утвараюцца рубцы і кісты, якія замяшчаюць пашкоджаныя ўчасткі. Без падстраўнікавай залозы чалавечы арганізм не можа функцыянаваць, патрабуецца замяшчальная тэрапія інсулінам і панкрэатычнымі ферментамі. Нярэдка прыступ панкрэатыту заканчваецца смерцю пацыента.

Вячаслаў Казлоў:

– Смяротнасць у выніку панкрэатыту, па розных дадзеных, складае ад 5 да 30% усіх выпадкаў цяжкіх формаў гэтага захворвання. Падступства панкрэатыту яшчэ і ў тым, што немагчыма прадбачыць напрамак яго развіцця. Гэта захворванне, якое мы заўсёды лечым «наўздагон», спрабуючы спыніць каскад запаленчых і ферментатыўных працэсаў, якія прыводзяць да сур'ёзных ускладненняў. Часам развіваюцца вокамгненныя формы панкрэатыту, пры якіх чалавек памірае на працягу некалькіх сутак, нават на фоне поўнага комплексу сучасных метадаў лячэння.

Прычыны панкрэатыту

Безумоўна, панкрэатыт не развіваецца на пустым месцы. Гэтаму спрыяюць шматлікія фактары. Але галоўныя «забойцы» падстраўнікавай залозы – алкаголь і жоўцевыя камяні. Частата вострага панкрэатыту вырастае да 60-гадовага ўзросту. Зрэшты, гэта зусім не значыць, што сутыкнуцца з гэтай праблемай нельга і раней.

Вячаслаў Казлоў
Дацэнт 2-й кафедры хірургічных хваробаў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, кандыдат медыцынскіх навук
Спалучэнне дзвюх вядучых прычынаў неспрыяльна адбіваецца на «здароўі» падстраўнікавай залозы. Кожная з іх здольная дзейнічаць як паасобку, так і ў дадатку адна да адной. Яны выклікаюць развіццё панкрэатыту ў 70-80% усіх выпадкаў гэтага захворвання ў большасці заходніх краінаў, у тым ліку і Беларусі.
  • Алкаголь

Хранічнае і рэгулярнае ўжыванне алкаголю стварае спрыяльную глебу для магчымага развіцця панкрэатыту. Прычым рызыка развіцця гэтага захворвання павялічваецца нават пры ўжыванні 60 грамаў алкаголю ў дзень і больш.

  • Жоўцекамянёвая хвароба

Жоўцевыя камяні могуць стаць прычынай развіцця так званага біліярнага панкрэатыту.

У печані ўтвараецца жоўць, якая назапашваецца і канцэнтруецца ў жоўцевым пузыры. У норме ў адказ на харчовыя раздражняльнікі жоўць з жоўцевага пузыра прасоўваецца па жоўцевай пратоцы і трапляе ў дванаццаціперсную кішку. Калі па якой-небудзь прычыне нармальны ток жоўці парушаецца або робіцца немагчымым, яна можа закідвацца ў пратоку падстраўнікавай залозы.

З-за гэтага ўнутры пратокі залозы ўзрастае ціск, што прыводзіць да разрыву дробных пратокаў, трапленню жоўці ў тканкі падстраўнікавай і пашкоджання яе клетак актыўнымі жоўцевымі кіслотамі. Разрыў дробных пратокаў выклікае таксама сакрэцыю стрававальных ферментаў у тоўшчу залозы, іх актывацыю жоўцю і запуск працэсу «самаператраўлівання» падстраўнікавай.

Вячаслаў Казлоў
Дацэнт 2-й кафедры хірургічных хваробаў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, кандыдат медыцынскіх навук
Сярод мноства фактараў рызыкі развіцця жоўцекамянёвай хваробы – спадчынная схільнасць, генетычныя асаблівасці, жаночы пол, узрост. Акрамя гэтага, прычынамі ўтварэння камянёў з'яўляюцца залішняя вага або рэзкае яе зніжэнне, змены ліпіднага спектру, цукровы дыябет, нізкая фізічная актыўнасць, некаторыя лекавыя прэпараты, высокакаларыйная дыета, спадарожныя хваробы (напрыклад, цыроз печані).
  • Гарэлка, салацік і... панкрэатыт?

Звычайная сітуацыя, якая суправаджае прыступы панкрэатыту, – доўгае і багатае застолле. Падстраўнікавая залоза проста вымушаная працаваць на мяжы, каб перапрацаваць ежу і алкаголь. Яна вылучае ўдарную дозу соку, з-за гэтага ціск у пратоках павышаецца, клеткі падстраўнікавай разрываюцца.

Ферменты, якія павінны былі ператраўліваць ежу, пачынаюць літаральна з'ядаць тканкі падстраўнікавай залозы. Іншы варыянт развіцця падзей: алкаголь і багатая ежа могуць прывесці да «руху» камянёў у жоўцевым пузыры і выклікаць спазм сфінктарнага апарата. Гэта прыводзіць да парушэння току жоўці і соку падстраўнікавай залозы. Вынік – біліярны панкрэатыт.

Вельмі часта востры прыступ панкрэатыту можа справакаваць развіццё хранічнай формы захворвання, пры якой незваротныя змены прагрэсуюць на працягу ўсяго жыцця чалавека. На думку некаторых даследчыкаў, магчымая і зваротная паслядоўнасць падзей: вострае запаленне ўзнікае на фоне ўжо наяўных зменаў, характэрных для хранічнага панкрэатыту.

Абедзве формы гэтай хваробы патрабуюць ад пацыента поўнай адмовы ад алкаголю і спынення курэння. Акрамя таго, неабходнае захаванне пажыццёвай дыеты, індывідуальныя асаблівасці якой павінны быць абмеркаваныя з урачом.

Агульныя прынцыпы харчавання пацыентаў пасля панкрэатыту:

  • выключыць газаваныя і ледзяныя напоі;
  • выключыць молатую каву (з кафеінам і без яго);

Рэчывы, якія ўтвараюцца ў працэсе абсмажвання кавы, аказваюць выяўленае стымулюючае ўздзеянне на сістэму стрававання.

  • варта пазбягаць ужывання гідрагенізаваных тлушчаў, якія вырабляюцца з раслінных алеяў (напрыклад, маргарын);

Такія тлушчы патрабуюць значна большай колькасці жоўці для эмульгіравання (змешвання тлушчаў з вадой) і большай колькасці ліпазы (фермент падстраўнікавай залозы) для іх расшчаплення. Гідрагенезаваныя тлушчы шырока выкарыстоўваюцца ў хлебабулачных і кандытарскіх вырабах, паколькі яны таннейшыя і дапамагаюць павялічыць тэрміны захоўвання прадуктаў.

  • варта пазбягаць ужывання тлустай, смажанай, вэнджанай ежы;
  • выключыць ужыванне марынадаў і грыбоў;
  • пры з'явах сакраторнай недастатковасці падстраўнікавай залозы ўрач можа рэкамендаваць выкарыстанне ферментных прэпаратаў і інгібітараў пратоннай помпы (лекаў, якія падаўляюць прадукцыю салянай кіслаты слізістай абалонкай страўніка).

Сімптомы панкрэатыту

Як правіла, першыя сімптомы панкрэатыту з'яўляюцца на працягу першых 2 сутак пасля ўжывання алкаголю і багатага застолля. Часам прыступ пачынаецца практычна імгненна.

Неадкладна трэба выклікаць хуткую медыцынскую дапамогу, калі:

  • пачаўся інтэнсіўны боль у верхнім аддзеле жывата. Ён можа аддаваць у спіну ці апяразваць, як быццам сціскаць абручом;
  • боль можа суправаджацца моцнай млоснасцю і ванітамі.
Вячаслаў Казлоў
Дацэнт 2-й кафедры хірургічных хваробаў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, кандыдат медыцынскіх навук
Да прыезду брыгады хуткай медыцынскай дапамогі можна выпіць лекавы сродак з шэрагу спазмалітыкаў (но-шпа, дротаверын, папаверын). Але не больш за тое! Прыкладваць гарачую грэлку да жывата ні ў якім разе нельга!

Прафілактыка панкэатыту

Для таго, каб навагодняе ды і любое іншае застолле не скончылася на бальнічным ложку, спецыялісты рэкамендуюць быць умеранымі і адказна ставіцца да свайго здароўя:

  • не злоўжываць алкаголем. Ні ў святочныя дні, ні ў паўсядзённым жыцці;
  • не варта налягаць на тлустую і высокакаларыйную ежу. Асабліва гэтым грашаць тыя, хто пасціўся. За час посту наш арганізм прывыкае да пэўнага набору прадуктаў, і калі вы рэзка нагружаеце падстраўнікавую залозу, як і ўсю сістэму стрававання, яна папросту не можа справіцца з нагрузкай;
  • рэгулярна абследавацца на наяўнасць камянёў у жоўцевым пузыры (УГД брушной поласці). Калі яны знойдзеныя, іх неабходна выдаліць, і лепей гэта зрабіць у планавым парадку. У 30-60% выпадкаў біліярнага панкрэатыту жоўцевыя камяні могуць стаць прычынай паўторнага прыступу.
Вячаслаў Казлоў
Дацэнт 2-й кафедры хірургічных хваробаў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, кандыдат медыцынскіх навук
Калі ўсё ж такі вы пераелі, можна прыняць прэпараты, якія ўтрымліваюць стрававальныя ферменты (мезім, крэон, панрэатын). Яны дапамогуць справіцца з ператраўліваннем лішкаў святочных пачастункаў. Разам з тым, прымаць іх увесь час без прызначэння ўрача нельга. Гэта можа прывесці да таго, што арганізм прывыкне атрымліваць неабходныя стрававальныя ферменты звонку і перастане іх выпрацоўваць у дастатковай колькасці.

https://bel.24health.by/zhoucevakamennaya-xvaroba-prychyny-razviccya-faktary-ryzyki-simptomy/

Exit mobile version