Site icon Слушна

Чым небяспечныя скачкі на батуце. Распавядае траўматолаг

Усе дзеці любяць скакаць на батуце, а мамы і таты са спакойнай душой адпускаюць іх у батутныя цэнтры ці купляюць гэтае спартыўнае абсталяванне на дачу. Разам з тым, траўматолагі занепакоеныя ростам траўмаў у дзяцей, у прыватнасці, кампрэсійнага пералому пазваночніка, атрыманага падчас скачкоў на батуце. З-за працяглай і нязвыклай нагрузкі павялічваецца вертыкальны ціск (кампрэсія) на цела пазванкоў, а таксама на каленныя і галёнкаступнёвыя суставы.

Кампрэсійны пералом пазваночніка. Небяспека батутаў.

У гутарцы з журналістам інфармацыйнага партала Здаровыя людзі траўматолаг-артапед прыёмнага аддзялення РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Андрэй Ярашэвіч распавёў, што кожны тыдзень у цэнтр звяртаюцца ад 3 да 5 чалавек з кампрэсійным пераломам пазваночніка – з-за скачкоў на батуце.

Пра тое, што такое кампрэсійны пералом пазваночніка, чым ён небяспечны і чаму траўма адбываецца падчас працяглых скачкоў на батуце, чытайце ў нашым матэрыяле.

Кампрэсійны пералом пазваночніка. Дыягностыка

Кампрэсійны пералом пазваночніка – гэта не пералом у звыклым нам разуменні. Пры гэтай траўме з-за кампрэсіі (сціскання) адбываецца сплюшчванне цела аднаго або некалькіх пазванкоў. Касцяная тканка дэфармуецца. У дарослага чалавека часцей за ўсё пакутуе паяснічны аддзел пазваночніка, у дзяцей – грудны. З-за дэфармацыі, якая прыходзіць у выніку ўздзеяння сіл, накіраваных зверху ўніз, цела пазванка робіцца клінападобнай формы, тады як у норме яно нагадвае цыліндр.

Небяспека гэтай траўмы ў тым, што ў дзяцей кампрэсійны пералом пазваночніка дрэнна дыягнастуецца.

 
Андрэй Ярашэвіч
Траўматолаг-артапед прыёмнага аддзялення РНПЦ траўматалогіі і артапедыі
У дзяцей касцёвая сістэма дастаткова пластычная і не такая ўстойлівая да нагрузак, не такая паўнавартасна моцная, як у дарослага чалавека. У пэўныя перыяды росту адбываецца змена цела пазванка, насычэнне яго кальцыем і ўмацаванне структураў. У дзіцяці пазванкі яшчэ, скажам так, як губка. З-за гэтага пры кампрэсійным пераломе цела пазванка можа дэфармавацца і ўжо не расправіцца.

Клінападобная дэфармацыя можа быць настолькі невялікая, што на звычайных рэнтгенаўскіх здымках яна не бачная. Таму для больш дакладнай дыягностыкі выкарыстоўваецца МРТ-даследаванне, падчас якога можна таксама вызначыць, ці даўно была атрыманая траўма, ці гэта яшчэ «свежы» пералом.

 
Андрэй Ярашэвіч
Траўматолаг-артапед прыёмнага аддзялення РНПЦ траўматалогіі і артапедыі
У дзяцей з-за асаблівасці арганізма на рэнтгенаўскіх здымках усе пазванкі будуць аднолькавыя. І толькі на МРТ можна ўбачыць розніцу за кошт таго, што адбываецца ўнутрыкасцявы ацёк – унутрыкасцявое кровазліццё, да якога прыводзіць сцісканне.

Як адбываецца кампрэсійны пералом

Падчас скачкоў на батуце дзіця, як правіла, расслабленае, знаходзіцца ў стане лёгкага ўзбуджэння і не кантралюе сваю паставу, галава і рукі расслабленыя. Паяснічная вобласць больш напружаная. Пазваночнік за кошт напругі мышцаў бы стабілізуецца ў паясніцы, а расслабленая верхняя частка цела прымушае пазваночнік адхіляцца наперад, што прыводзіць да большай нагрузкі ў грудным аддзеле. У выніку адбываецца доўгае пераменнае сцісканне целаў грудных пазванкоў.

 
Андрэй Ярашэвіч
Траўматолаг-артапед прыёмнага аддзялення РНПЦ траўматалогіі і артапедыі
Падчас працяглых скачкоў цяжкая верхняя палова расслабленага цела – галава і рукі пастаянна ціснуць на грудны аддзел пазваночніка. Прычым, як правіла, уздзеянню падвяргаюцца ад 5-га да 8-га груднога пазванка. Дарэчы, у нас нядаўна было дзіця, у якога ўжо бачная клінападобная дэфармацыя. Зрабілі МРТ – пашкоджаныя з другога па восьмы пазванок! У анамнэзе – скачкі на батуце.

Астэахандроз і скрыўленне пазваночніка. Наступствы траўмы

Калі своечасова не дыягнаставаць і не вылечыць кампрэсійны пералом пазваночніка, у дзяцей можа адбыцца фарміраванне юнацкага астэахандрозу. Траўма ў наступным прыводзіць да скрыўлення пазваночніка. Кампрэсійны пералом не прыводзіць да інвалідызацыі, але значна абмяжоўвае магчымасці дзіцяці ў будучым.

 
Андрэй Ярашэвіч
Траўматолаг-артапед прыёмнага аддзялення РНПЦ траўматалогіі і артапедыі
Пры сур'ёзнай кампрэсіі ўзнікае сцісканне карэньчыкавых структураў і спіннога мозгу. У выніку гэтага на пазванках фарміруюцца ўтварэнні, што нагадваюць шыпы (астэахандроз), якія, у сваю чаргу, з усіх бакоў ціснуць на спінны мозг.

Клінападобная дэфармацыя пазванка прыводзіць да няправільнага фарміравання паставы. Прычым змены могуць адбываецца не толькі ў пярэдне-заднім, але і ў бакавых накірунках.

Нялечаны кампрэсійны пералом пазваночніка можа прывесці ў далейшым да працяглага болевага сіндрому, а дэфармацыі могуць захоўвацца ўсё жыццё. Як вынік – паказанне для аператыўнага ўмяшання ў наступным.

Тры дні без болю. Першыя сімптомы і лячэнне

Як правіла, кампрэсійны пералом пазваночніка першыя тры дні можа ніяк сябе не праяўляць. Болю ў спіне не будзе. Дэфармацыя яшчэ невялікая, але разам з тым, калі дзіця працягвае нагружаць яго, хадзіць, у пазваночніку працягваюць адбывацца змены.

 
Андрэй Ярашэвіч
Траўматолаг-артапед прыёмнага аддзялення РНПЦ траўматалогіі і артапедыі
Што павінна насцярожыць бацькоў? Боль у спіне, якая з'явілася на другія-трэція суткі, асабліва калі да гэтага дзіця доўга скакала на батуце. Прычым боль не праходзіць, а паступова нарастае. Магчымы таксама боль і цяжар за грудзінай пры ўдыху. У такіх выпадках наведванне ўрача павінна быць неадкладным.

Лячэнне кампрэсійнага пералому пазваночніка ў дзяцей з-за асаблівасцяў арганізма – кансерватыўнае. Як правіла, прызначаецца пасцельны рэжым на працягу 1-1,5 месяца. Хадзіць дазваляецца толькі пры вялікай неабходнасці. Больш за палову часу – становішча лежачы на спіне. Магчыма выкананне спецыяльных практыкаванняў на карачках з прагнутаю спіной. У наступным неабходна нашэнне карэктара паставы для груднога аддзела пазваночніка. Забарона на заняткі фізкультурай на працягу 2-3 месяцаў, заняткі ЛФК на ўмацаванне мышцаў спіны. Добра дапамагае плаванне.

 
Андрэй Ярашэвіч
Траўматолаг-артапед прыёмнага аддзялення РНПЦ траўматалогіі і артапедыі
У дарослых пры такой траўме, як правіла, паказанае аператыўнае ўмяшанне. Вырабляецца фіксацыя з дапамогай канструкцыі, якая ўводзіцца ў пазваночнік, і целы пазванкоў рассоўваюцца механічным чынам. У дзіцяці падобную аперацыю выканаць немагчыма, бо пазваночнік яшчэ расце і фарміруецца, а падобныя канструкцыі будуць замінаць гэтым працэсам.

Не забараняць, але кантраляваць

Як і любы новы від фізічнай нагрузкі, скачкі на батуце патрабуюць захавання пэўных правілаў. Нагружаць  пазваночнік і суставы дзіцяці, якія яшчэ фарміруюцца, працяглымі скачкамі не варта. Калі дзіця не падрыхтаванае да актыўных фізічных практыкаванняў, яго пазваночнік не ўмацаваны мышачным гарсэтам, адсутнічае папярэдняя натрэніраванасць, дык у дзяцей, якія не прывыклі да доўгай фізічнай нагрузкі, пакутуюць «слабыя месцы» пазваночніка, шыі, суставаў.

 
Андрэй Ярашэвіч
Траўматолаг-артапед прыёмнага аддзялення РНПЦ траўматалогіі і артапедыі
Мы ні ў якім разе не выступаем за забароны скачкоў на батуце. Аднак вельмі важна кантраляваць дзяцей падчас гэтай забавы. Трэба выконваць дакладны рэгламент і не дазваляць скакаць без перапынку на працягу доўгага часу. Калі ёсць магчымасць, вазьміце пару ўрокаў у дасведчанага інструктара, які навучыць дзіця правільна групавацца падчас скачкоў, напружваць мышцы верхняга аддзела плечавога пояса, каб пазваночнік быў стабілізаваны. Батуты – гэта спартыўнае абсталяванне і, як любое іншае, патрабуе захавання пэўных правілаў бяспекі. Правільнае і граматнае стаўленне да такой забаўкі значна знізіць рызыку непажаданай траўмы.

Спецыяліст дадаў таксама, што пры першых скаргах дзіцяці на боль у спіне пасля скачкоў на батуце абавязкова трэба звярнуцца да ўрача. Расказаць доктару, што дзіця скакала на батуце. Гэта дапаможа правільна дыягнаставаць траўму і своечасова пачаць лячэнне, якое пры ўмове выканання ўсіх рэкамендацый урача дазволіць пазбегнуць праблемаў у будучым.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Exit mobile version