Дзіцячая кніга — не проста збор цікавых гісторый і каляровых ілюстрацый, але і сапраўднае мастацтва. Дакранаючыся да дзіцячых выданняў, адразу паглыбляешся ва ўспаміны, цёплыя моманты жыцця. Гартаючы старонкі, вяртаешся ў імгненні бесклапотнасці, летуценнасці, шчырых эмоцый.
Днямі ў Літаратурным музее-сядзібе Якуба Коласа прайшоў I фестываль дзіцячай кнігі «Міхасёвы прыгоды», які сабраў на адной пляцоўцы маленькіх гасцей, захопленых літаратурай, пісьменнікаў, выдаўцоў і прадстаўнікоў бібліятэчнай сістэмы.
Назва фестывалю была выбрана ў гонар зборніка твораў для дзяцей «Міхасёвы прыгоды» Якуба Коласа, які складаецца з 18 твораў.
Пастаўленая фестывалем мэта — прыцягнуць увагу выдаўца і чытача да кнігі. Для гэтага створаны «механізм камунікацыі». Фестываль імкнецца аб'яднаць намаганні крытыкаў, экспертаў, бібліятэкараў і распаўсюджвальнікаў, што можа павялічыць тыражы кніг, а значыць, павялічыць і колькасць зацікаўленых дзяцей.
Арганізатары інтэлектуальнага фэста падрыхтавалі даволі разнастайную праграму. Кожны знайшоў для сябе нешта цікавае. І ніхто не пайшоў дадому з пустымі рукамі.
На двух паверхах музея ў рэжыме нон-стоп праходзілі майстар-класы, працавалі творчыя майстэрні, арганізоўвалі чытанне кніг і лекцый, паказвалі спектаклі і давалі канцэрты. Актыўна быў задзейнічаны ўнутраны дворык сядзібы: тут ладзілі інтэрактыўныя гульні.
Ганаровымі гасцямі фестывалю дзіцячай кнігі сталі вядомыя беларускія дзіцячыя пісьменнікі, якія не толькі прачыталі дзецям урыўкі са сваіх твораў, але і расказалі, адкуль бяруцца ідэі сюжэтаў іх апавяданняў і аповесцей. Дзеткі пазнаёміліся з аўтарамі Інай Фраловай, Жанай Міус, Віктарам Кажурам, Людмілай Рублеўскай, Таццянай Дашкевіч і іншымі пісьменнікамі.
Марыя Міцкевіч, публіцыст, педагог, унучка Якуба Коласа:
— Для мяне фестываль не проста ўрачыстае мерапрыемства, але яшчэ і магчымасць зацікаўленым людзям пазнаёміцца бліжэй з творчасцю і асаблівасцямі характару нашага Якуба Коласа. Пісьменнік вельмі любіў жыццё і прыроду. Хоць нарадзіўся ў сям’і паляўнічага, да навакольнага свету і жывёл ставіўся з павагай, любоўю. У хаце пісьменніка заўсёды жылі каты і сабакі, увесь навакольны свет быў яго натхненнем. Паэмы Якуба Коласа ўводзяць нас у рамантыку рэчак, азёраў, лясоў. Таму вельмі добра, што наш фестываль «Міхасёвы прыгоды» праходзіць у такім зялёным месцы. Кнігі — наш скарб, таму я з задавальненнем назіраю за чытацкай актыўнасцю дзетак.
Вельмі зацікавілі маленькіх гасцей майстар-класы па стварэнню мастацкіх закладак для кніг. Дзеці з захапленнем пад кіраўніцтвам педагогаў выразалі з паперы персанажаў з твораў Якуба Коласа, а пасля ўвасаблялі іх у закладкі. Так і бавілі час — весела, інтэлектуальна і інтэрактыўна!
Фестываль прайшоў упершыню, але ж арганізатары ўпэўнены — працяг будзе. Камунікацыя чытачоў, пісьменнікаў і выдаўцоў дазволіць зацікаўленаму колу людзей аб’яднацца і разумець адзін адзін аднаго, знаходзіць прадуктыўныя шляхі развіцця і папулярызацыі дзіцячай літаратуры ў краіне.