Працягваем замацоўваць карысную інфармацыю пра здароўе, якую агучвалі ў нашых матэрыялах гастраэнтэролагі, мануальныя тэрапеўты, неўролагі, клетачныя хірургі, гінеколагі і псіхатэрапеўты.
Праверце, ці сапраўды вы ведаеце «лагістыку» пякоткі і як адрозніць эрозію шыйкі маткі ад псеўдаэрозіі.
Чаму ў некаторых людзей пры нахілах пачынаецца пякотка?
- Кіслата са страўніка выліваецца ў стрававод, адсюль і паленне.
- Сціскаецца страўнік, ежа прэсуецца, ад гэтага дыскамфорт.
- Галаўны мозг такім чынам дасылае імпульс прыняць нармальнае становішча для прыёму ежы.
Адказ: 1
Ёсць такое захворванне – гастраэзафагеяльная рэфлюксная хвароба. Пры ёй, калі чалавек нахіляецца, робіць фізічную працу, кіслае змесціва страўніка трапляе ў стрававод – і ўзнікае пякотка.
Падрабязна, як пазбавіцца ад пякоткі ды іншых захворванняў СКТ, – тут.
Чаму небяспечна выцягваць шыю наперад?
- У сэнсе, нельга? Глупства, выцягваю – і да гэтага часу жывы.
- Можа заклініць шыйны пазванок і звесці сківіцу.
- Бо павялічваецца нагрузка на пазваночнік.
Адказ: 3
Выцягваць шыю наперад вельмі шкодна: пры нахіле галавы наперад усяго на 2,5 см ад правільнай пазіцыі нагрузка на пазваночнік павялічваецца на 0,5 кг. Таму неабходна займаць правільнае становішча: вонкавы слыхавы праход і тазасцегнавы сустаў павінны знаходзіцца практычна на вертыкальнай лініі.
Пра тое, як кантраляваць паставу і не дапускаць болю ў спіне, – тут.
Пры біпалярным расстройстве псіхатэрапеўты просяць пацыентаў маляваць у календары хмары і сонейкі. Навошта?
- Каб людзі маглі адсочваць перапады ў сваім настроі і своечасова звяртацца да ўрача.
- Гэта арт-тэрапія, якая часам дапамагае пры псіхічных захворваннях.
- Назіранне за надвор'ем дапамагае адэкватна ацэньваць рэальнасць.
Адказ: 1.
Біпалярнае афектыўнае расстройства – гэта «арэлі настрою», калі эйфарычны настрой змяняецца глыбокай дэпрэсіяй ажно да суіцыдальных думак. Таму псіхатэрапеўты рэкамендуюць пацыентам весці дзённік настрою ці проста ў календары адзначаць сонейкам альбо хмарамі сваё самаадчуванне, каб убачыць надыход дэпрэсіўнага ці маніякальнага эпізоду.
Падрабязна пра біпалярнае расстройства і эфектыўныя метады псіхатэрапіі – тут.
Ці можа вырасці новы храсток у суставе пры артрозе 3-4 ступені?
- Можа, калі ўкараніць у нашу ДНК ген бессмяротнай медузы Turritopsis Nutricula, якая можа аднаўляць тканкі бясконцую колькасць разоў.
- Не, экстрасэнсам я не веру.
- Сёння гэта робяць пры дапамозе ствалавых клетак.
Адказ: 3.
Cтвалавыя клеткі здольныя самаўзнаўляцца і ператварацца ў клеткі розных органаў і тканак. Калі іх ўвесці ў сустаў, утворыцца гіялінападобны храсток, які верне суставу функцыянальнасць.
Падрабязна пра метад лячэння артрозу ствалавымі клеткамі – тут.
Ці можна паставіць дыягназ «эрозія шыйкі маткі» візуальна?
- Так. Мне ўрач пасля агляду адразу сказаў: гэта эрозія.
- Не. Трэба дадатковае даследаванне.
- Эрозія бачная па вылучэннях з шыйкі.
Адказ: 2.
Часта дыягназ «эрозія шыйкі маткі» ставяць на падставе простага візуальнага агляду ў гінекалагічных люстэрках. Гэта няправільна. Неабходна прайсці кальпаскапію, каб выключыць псеўдаэрозію, якая праходзіць сама. Няправільнае лячэнне можа прывесці да траўмавання шыйкі маткі.
Падрабязна пра фонавыя захворванні раку шыйкі маткі – тут.
Ці можа быць інсульт у маладым узросце?
- Вядома не, гэта хвароба сталых.
- Можа, тромбы могуць быць у любым узросце.
- Не, у маладога мозгу вялікі рэзерв абароны.
Адказ: 2.
Актрыса Эмілія Кларк з «Гульні прастолаў», да прыкладу, перанесла два інсульты ў 25 гадоў. Інсульт у маладым узросце можа быць выкліканы спадчыннымі захворваннямі, парокамі сэрца, курэннем, прыёмам аральных кантрацэптываў, якія прыводзяць да тромбаўтварэння.
Больш падрабязна аб прычынах інсульту ў маладых – тут.
Якое першае пытанне неабходна задаць доктару, калі вам прапануюць аперацыю або цяжкія антыбіётыкі?
- Гэта балюча?
- Што адбудзецца, калі я нічога не буду рабіць?
- Ці сапраўды гэта неабходна?
Адказ: 3
«Ці сапраўды гэта неабходна»? Гэтае пытанне можа памяняць тэрапію кардынальным чынам. Прычым яно важнае не толькі для пацыентаў, урачы таксама маюць шмат карысці ад правільнага пытання. «Што адбудзецца, калі я нічога не буду рабіць?» Таксама трэба спытацца, але не ў першую чаргу.
Больш падрабязна пра логіку ўрачоў і правільныя пытанні пацыентаў – тут.