Site icon Слушна

Ці ёсць у беларусаў легенды пра нябёсных жыхароў? Падборка кніг па астраноміі

Кнігі па астраноміі

Калі вы ходзіце ўнурыўшыся і не ўзіраецеся ў зорнае неба — значыць, яшчэ не трымалі ў руках і не чыталі ўнікальных кніг, пра якія сёння пойдзе гаворка.

Першая з іх — «Над намі — неба» (Міфы і паданні пра планеты, зоркі і сузор’і: для сярэд. і ст. шк. узросту. — Мінск: Мастацкая літаратура) збіраліся аўтарам, Кастусём Цыркуном, на працягу многіх гадоў і выкарыстоўвалася на занятках астранамічнага гуртка Рэспубліканскага цэнтра тэхнічнай творчасці навучэнцаў, друкавалася на старонках часопіса «Роднае слова» ў 2000 – 2007 гг. Кнігай жа стала ва ўжо далёкім 2009 годзе і ў продажы яе днём з агнём не адшукаеш. Таму і нагадваю раз за разам: цікавыя беларускія кнігі спяшайцеся набываць! Аднак, думаю, выданне можна знайсці ў бібліятэках —  пытайцеся, ахвотныя.

Над намі неба

2009 год слаўны тым, што быў абвешчаны Міжнародным годам астраноміі з дэвізам «Сусвет – для вас» —  на памяць пра знакавую ў астраноміі падзею. Чатырыста гадоў таму італьянскі астраном, фізік і матэматык Галілеа Галілей упершыню прымяніў тэлескоп для назіранняў за зорным небам. 3 дапамогай тэлескопа ён убачыў кратэры і горы на Месяцы, спадарожнікі Юпітэра, фазы Венеры…

Беларусы ж у 2009 пабачылі кнігу «Над намі неба». Упершыню быў здзейснены такі зорна-астранамічны праект.

Гэтая кніга — пра найбольш цікавыя сузор'і, якія можна знайсці на зорным небе Беларусі, пра Сонца і Сонечную сістэму, планеты, астэроіды, каметы, метэоры, сонечныя зацьменні і зацьменні Месяца. Яна ўключае астранамічныя звесткі і міфы, паданні, легенды пра нябесныя аб'екты.

У кнізе не толькі падаюцца міфы і легенды пра нябесныя аб'екты, а і сабраныя беларускія паданні пра зоркі і планеты, прыведзеныя іх беларускія назвы. Змяшчаецца інфармацыя, з дапамогай якой лёгка адшукаць сузор'і, зоркі, планеты на начным небе, — расказвае пра кнігу аўтар і дадае: а для закаханых кніга стане сапраўдным даведнікам пра зорнае неба.

Кніжная паліца. Што пачытаць дзеткам па-беларуску?

Завяршаецца кніга паэтычным пасляслоўем рэдактара кнігі, светлай памяці Міхася Шавыркіна «Зорны спеў».

Маладзік, ветах, поўня, квадра – гэта ўсё пра Месяц у розных яго фазах. А вось беларускія назвы некаторых зор і сузор’яў:

Тры Каралі, Тры Сястры, Граблі, Грабелькі, Косы, Крэселка Пана Езуса – гэта Арыён.

Каромысла, Вышэзар, Ласажар, Стажар’я – Малая Мядзведзіца…

Наступная кніга — «Паміж небам і зямлёй. Этнаэстраномія» Цімафея Авіліна (Мінск, «Тэхналогія». 2015). У звароце да чытача аўтар зважае на тое, што кніга ў першую чаргу расказвае не пра нябесныя свяцілы, а пра чалавека – яго пачуцці, уяўленні і жыццёвыя мэты.

 

«Мы ведаем старажытныя міфы і легенды розных народаў пра зоркі. А ці былі ў беларусаў свае легенды пра нябёсных жыхароў? Як чалавек традыцыйнай культуры ўспрымаў неба і аб’екты на ім?» На гэтыя ды іншыя пытанні чытач знойдзе адказы ў прапанаванай кнізе.

«Этнаастраномія» Цімафея Авіліна — першая спроба абагульнення беларускага матэрыялу з этнаастраноміі, астраніміі і ўвогуле традыцыйных ведаў, датычных нябёсных целаў і першая грунтоўная праца па этнаастраноміі на ўсёй постсавецкай прасторы! Крыніцамі матэрыялу паслужылі экспедыцыйныя запісы аўтара і іншых даследнікаў, творы беларускага фальклору, а таксама «кніжная» народная астраномія з старажытнай усходнеславянскай літаратуры.

У кнізе падаюцца народныя ўяўленні, звязаныя з зоркамі, сузор’ямі, метэорамі і Месяцам.

Адкуль на Месяцы ўзяліся плямы?

Самая распаўсюджаная легенда ў беларусаў – пра «братазабойства». Месяц пабіўся ў плямы, як большы брат праз зайздрасць меньшага брата забіў.

Альбо яшчэ – што Каін Авеля ўзняў на вілы і трымае.

Ёсць яшчэ версія, што на Месяцы сядзяць Праўда і Крыўда! «У вярху праўда, а ўнізу крыўда».

Ёсць і сучасная трансфармацыя легенды.

«Ужо ж казалі, што заехалі на Месяц, трактар завязлі, і нагаралі, і насеялі».

«На Месяцы ёсць чалавек, які едзе на кане і валамі арэ», – абірайце, якой версіі верыць!

«Этнаастраномія» – выданне навуковае, «Над намі неба» – папулярнае выданне для шырокага кола чытачоў. Але кожная кніга паасобку – а тым больш яны разам – гэта беларускі космас у руках і на вашых кніжных паліцах. «Разам ляцець да зор…»  з імі пазнавальна, паэтычна, захапляльна.

Чаму дзецям важна чытаць экалагічныя казкі? Гісторыя «зялёнага» жанру

Exit mobile version