Наша краіна ў культурным свеце славіцца мастацкімі дынастыямі. Колькі на нашай зямлі нарадзілася таленавітых творцаў, якія змаглі перадаць сваім дзецям, унукам прафесійныя веды, а галоўнае захапленне творчасцю. Дынастыя Вашчанка, безумоўна, цікавы і яскравы прыклад сям’і, у якой мастацтва з’яўляецца не проста прафесіяй, але і галоўнай місіяй ў жыцці.
У студзені ў Палацы мастацтваў адкрылі выставачны праект «Дынастыя», на якім прадстаўлены работы трох цікавых мастакоў — Гаўрылы, Канстанціна і Ангеліны Вашчанка. Экспазіцыя дае магчымасць прасачыць, як на працягу трох пакаленняў майстроў выяўленчага мастацтва мяняюцца мастацкая мова, пластыка, пачуццёвая арганіка, матэрыял і іншыя выразныя сродкі. Нязменныя толькі —духоўнасць і дабрыня.
Заснавальнік творчай дынастыі — Гаўрыла Харытановіч Вашчанка. Сёлета беларусы адзначаюць 95-годдзе з дня нараджэння мастака. Мінула ўжо амаль дзевяць гадоў, як творца пайшоў з жыцця. Але ён пакінуў такую неверагодную мастацкую спадчыну, якой можа ганарыцца не толькі сям’я, але ж і ўся краіна.
Гаўрыла Харытановіч вядомы як мастак-манументаліст з маштабнымі мысленнем і велічнымі палотнамі. Але манументальнасць можа быць і ў малым фармаце, які дазваляе гледачу засяродзіцца на галоўным сэнсе твора, разгледзець тэхніку жывапісу, убачыць нюансы каларыстыкі, не адыходзячы на вялікую адлегласць ад карціны і не адцягваючыся на іншыя работы альбо інтэр'ер.
Творы майстра вылучаюцца жанравай і тэматычнай разнастайнасцю, разважаннем аб праблемах часу і мінулым роднай зямлі. Асабліва дарагім і блізкім было для мастака ўсё, што звязана з Палессем — месцам, дзе нарадзіўся і прайшло дзяцінства. Палессе — гэта разуменне радзімы творцы.
Мабыць, таму і пісаў мастак людзей з мазолістымі рукамі, глыбокія блакітныя азёры, коней, што пасуцца на лугах, буслоў, якія заўсёды падабаліся мастаку прыгожымі сілуэтамі.
— Безумоўна, гэты праект прысвечаны стваральніку манументальнай школы ў Беларусі, чалавеку вялікай душы — Гаўрылу Вашчанку, — падкрэсліла намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч. — Гэту выстаўку назвалі «Дынастыя», таму што майстар у сваёй сям’і змог вырасціць сапраўдных творцаў, якія любяць і развіваюць мастацкі кірунак. Праходзячы скрозь выстаўку, вы можаце ўбачыць, што кожны з гэтых трох мастакоў сапраўды асоба. Аднойчы падчас сустрэчы з Гаўрылай Харытонавічам у яго майстэрні ён мне сказаў такую рэч: «Можна хадзіць на эцюды, можна ездзіць на пленэры, але карціна нараджаецца толькі з галавы».
Творчая спадчына Гаўрыла Вашчанкі адрозніваецца неверагоднай разнастайнасцю. Ён працаваў у галіне станковага і манументальнага жывапісу, акварэлі, у жанрах сюжэтна-тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа і нацюрморта. У сваіх творах мастак звяртаўся да тэм глыбокага грамадзянскага зместу, патрыятызму, любові да радзімы. Шэраг карцін ён прысвяціў падзеям мінулага і гістарычным асобам.
Значнымі работамі мастака ў галіне манументальнага мастацтва з'яўляюцца роспісы ў Палацы культуры Светлагорска, Доме настаўніка, вітражы ў касцёле святых Сімяона і Алены, кінатэатры «Масква» у Мінску.
Глыбока перадаюць адчуванне самабытнасці беларускай зямлі краявіды мастака. Яго называюць стваральнікам бурштынавага пейзажу, які адрозніваецца цёплым каларытам, празрыстасцю, перавагай залацістых тонаў.
— Прыйшоўшы на выстаўку, мы зноў вяртаемся ў сад гэтага геніяльнага беларускага мастака, геніяльнага па сваім маштабе мыслення, па сваёй адчувальнасці, тонкасці, — адзначыў на адкрыцці праекта вучань Гаўрылы Харытонавіча, народны мастак Беларусі Уладзімір Тоўсцік. — Безумоўна, Гаўрыла Вашчанка мастак сваёй зямлі і свайго часу. Гэта дзіўна: колькі гадоў яго ўжо няма з намі, але маштаб асобы творцы ўзрастае з кожным годам. Якраз гэты факт і адлюстроўвае выстаўка «Дынастыя». Гаўрыла Харытонавіч даваў магчымасць развівацца не толькі сабе, але і іншым мастакам. Гэта адлюстравана на прыкладзе яго ўласнай сям'і.
Канстанцін Вашчанка атрымаў прызнанне як мастак, фатограф і дызайнер. Тры дзесяцігоддзі ён паспяхова працуе ў галіне станковай, кніжнай і камп’ютарнай графікі. Прафесійна займаецца фатаграфіяй, кніжнымі выданнямі, плакатамі, календарамі, распрацоўвае наватарскія арт-аб’екты для адкрытай і камернай прасторы. Многія яго ініцыятывы атрымалі шырокую вядомасць як у Беларусі, так і за мяжой. Адна з іх – пяцігадовая праца над дызайнам шматтомнай факсімільнай рэпрадукцыі «Кніжная спадчына Францыска Скарыны», якая была адзначана на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах.
Апошняе дзесяцігоддзе было плённым для Канстанціна Вашчанкі ў галіне жывапісу. Цікавасць аўтара да жывапісу ўзнікла не без уплыву яго бацькі. Верагодна, што менавіта ад бацькі Канстанціну перадалася любоў да роднай зямлі, якая знайшла адлюстраванне ў яго жыцці і творчасці.
У Канстанціна цікавы творчы стыль. Перш за ўсё гэта адлюстравана ў адценнях, якія мастак выкарыстоўвае для сваіх работ. Экспрэсіўныя і дынамічныя творы вельмі захопліваюць увагу, сваей каларыстыкай яны абуджаюць фантазію гледача.
Ангеліна Вашчанка яшчэ вучыцца на кафедры графікі Акадэміі мастацтваў, але ўжо прымае ўдзел у выстааўках, ілюструе кнігі. Работы Ангеліны — працяг фантастычнага свету дзіцячых кніг і ўражанняў ад мастацкага свету карцін Гаўрыіла Вашчанкі, які быў вакол яе з нараджэння.
Наведаўшы выстаўку, глядач у першую чаргу зверне ўвагу на экспрэсію выяў, унутраную напругу ў работах, якія, бяспрэчна, запатрабуюць філасофскіх разважанняў.
Графіка на палатне. Выстаўку памяці Валерыя Шкарубы адкрылі ў Мінску