У гісторыі беларускай літаратуры творчая спадчына Цішкі Гартнага – паэта, празаіка, публіціста, літаратурнага крытыка – цікавая старонка. Сёлета ў лістападзе адзначаюць 136-годдзе з дня нараджэння літаратурнага дзеяча.
Дэталі біяграфіі
Цішка Гартны (літаратурны псеўданім Дзмітрыя Фёдаравіча Жылуновіча) нарадзіўся 4 лістапада 1887 года ў мястэчку Капыль Слуцкага павета. Бацька класіка парцаваў гарбаром, маці – падзёншчыцай. Запаветнай марай гэтых простых людзей была адукацыя сына. Ад бацькі Зміцер навучыўся добра чытаць па-стараславянску. Ён многа і прагна чытаў. У 1905 г. скончыў Капыльскае двухкласнае вучылішча.
Яшчэ ў вучылішчы Цішка Гартны захапляўся дзейнасцю капыльскіх сацыял-дэмакратаў, быў актыўным чытачом іх бібліятэкі. Сярод прачытаных ім кніг былі творы Нікіціна і Някрасава, Чэхава і Надсана, Пісарава і Міхайлоўскага, Талстога і Горкага. У гэты час юнак спрабуе свае літаратурныя сілы і піша вершы і апавяданні на рускай мове.
У 1906 г. Жылуновіч працуе гарбаром-пасадчыкам і становіцца актыўным удзельнікам рэвалюцыйных выступленняў рабочых і сялян Капыля. Яго выбіраюць сябрам камітэта сацыял-дэмакратычнай арганізацыі – адказным за культурна-асветніцкую работу сярод моладзі. За яго дзейнасцю пільна сачылі, не раз былі вобыскі на кватэры.
Спроба маладога рабочага паступіць у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю скончылася няўдачаю; ён не быў прыняты з-за «палітычнай ненадзейнасці». Нягледзячы на цяжкую працу, ен шмат чытае, піша апавяданні, вершы, вядзе дзённікі . У двух дзённіках гэтага часу («Дневник рабочего» і «Дневник посадчика») чытаем пра жудасныя ўмовы працы рабочых у прыватных гарбарных майстэрнях.
Пазней гэтыя дзённікі паслужылі Гартнаму каштоўным матэрыялам для напісання шэрагу твораў.
Літаратурную дзейнасць Цішка Гартны распачаў у 1906 годзе, аднак першыя публікацыі адносяцца да пачатку 1909 года, калі на старонках беларускай газеты «Наша ніва» быў апублікаваны яго верш «Абяздолены», прысвечаны Янку Купалу. Праз чатыры гады выйшла ў свет кніга Гартнага «Песні» (Пецярбург, 1913), асобныя яго творы друкаваліся ў бальшавіцкіх газетах «Зорка» і «Праўда».
Рэвалюцыйная барацьба 1905–1907 гг., у якой малады паэт-рабочы прыняў непасрэдны ўдзел, абумовіла кірунак і тэматыку яго творчасці. Значную ролю ў фарміраванні эстэтычных поглядаў Цішкі Гартнага адыгралі творы Янкі Купалы і Якуба Коласа, а таксама традыцыі рускай рэвалюцыйна-дэмакратычнай і рабочай паэзіі. Актыўныя адносіны да рэчаіснасці, пратэст супраць усялякіх праяў прыгнёту, заклік да вызваленчай барацьбы, аптымізм і вера ў сілы народа, паэтызацыя чалавечай працы – усе гэтыя асаблівасці твораў зборніка «Песні» паказваюць на пераемную сувязь паэзіі Гартнага з творчасцю выдатных прадстаўнікоў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Вырываў зубы без анэстэзіі і не любіў пісаць алоўкам. Нечаканыя факты пра Якуба Коласа
Цішка Гартны выступаў як паэт, празаік, драматург, публіцыст, крытык, даследчык гісторыі беларускай літаратуры. Заснавальнік працоўнай тэматыкі ў нацыянальнай паэзіі і прозе.
Значным творам Гартнага з'яўляецца раман «Сокi цалiны» (напісаны ў 1914–1929 гг., выдадзены ў 1922–1930 гг.). Гэты твор — новая старонка беларускай прозы ў жанравых адносінах.
Ён быў першай удалай спробай асэнсавання жыццёвага матэрыялу, звязанага з рэвалюцыйнымі падзеямі. Пісьменнік сваім раманам увёў у нацыянальную беларускую літаратуру новага героя — прадстаўніка рабочага класа, паказаў жыццё горада, завадскія будні, побыт перадрэвалюцыйнага мястэчка з яго дамабудаўскімі норавамі.
Нараўне з нарысамі і апавяданнямі з жыцця працоўнага класа Цішка Гартны ў пачатку 30-х гадоў напісаў некалькі твораў, прысвечаных будаўніцтву новай вёскі, калектывізацыі (аповесць «Зялёны шум», раман «Перагуды»).
Варта адзначыць факт, што Гартны адным з першых у беларускай літаратуры выступіў з апавяданнямі на антыфашысцкую тэму, паказаў рэвалюцыйную барацьбу рабочага класа і інтэлігенцыі Германіі («Смерць Германа Васэрмана» 1930 г. і інш.).
Дзмітрый Фёдаравіч Жылуновіч з'яўляецца аўтарам 70 навуковых прац, у тым ліку 5 манаграфій.
Беларускі пісьменнік і публіцыст Ян Скрыган гаварыў, што Цішка Гартны і Зміцер Жылуновіч існавалі як быццам асобна. Цішка Гартны быў стройным, высокім, з пявучым голасам. Але ў ролі Зміцера Жылуновіча паэт ператвараўся ў строгага грузнага мужчыну з цяжкім позіркам, які прызвычаіўся, каб яго слухаліся. Ва ўяўленні многіх сяброў Жылуновіч раздвойваўся на паэта і палітыка.
Арышт і вечасць
У 1931 годзе Жылуновіча раптоўна выключаюць з ВКП(б) з фармуліроўкай «за сувязь з… нацдэмаўскімі і фашысцкімі элементамі». Неверагодна, але грамадская дзейнасць паэта была неадназначна ўспрынята саратнікамі па партыі.
15 лicтaпaдa 1936 г. Цiшкa Гapтны быў apыштaвaны opгaнaмi HKУC. У Miнcкaй тypмe ягo жopcткa кaтaвaлi, выбiвaючы «пaтpэбныя» пaкaзaннi i пpызнaннi. Паэт быў aб’яўлeны пcixiчнa xвopым. Яго перавялі ў Maгiлёўcкyю пcixiятpычнyю лячэбнiцy. Пaвoдлe aфiцыйнaй вepcii, пaмёp Цішка Гартны aд гaнгpэны лёгкix. Пa iншыx звecткax – cкoнчыў жыццё caмaгyбcтвaм.
Рэабілітаваны паэт быў двойчы: у грамадзянска-прававых адносінах у 1955 годзе, цалкам – толькі ў 1987-м.
Так завяршыўся жыццёвы і творчы шлях Цішкі Гартнага. Але і дагэтуль радкі, напісаныя ім, захоўваюць гістарычную і духоўную памяць беларускага народа і здольны абуджаць лепшыя грамадзянскія пачуцці.
Сёння імем Дзмітрыя Жылуновіча названы дзве вуліцы: у Капылі і ў Мінску (акрамя гэтага, у прыгарадзе Мінска, у пасёлку Малы Трасцянец, ёсць таксама вуліца Цішкі Гартнага). Устаноўлены памятныя дошкі на яго капыльскім доме, а таксама на будынку на перасячэнні вуліц Леніна і Карла Маркса ў Мінску, дзе ён жыў некаторы час. І галоўнае, нам засталіся яго творы, у якіх – адлюстраванне часу таленавітага чалавека і яго думак.
https://bel.24health.by/poshuk-adkazau-na-vostryya-pytanni-recenziya-na-paemu-narach-maksima-tanka/