Site icon Слушна

Цудадзейная сасна: адно з сямі цудаў Лідчыны

Непадалёк ад Ліды, пры дарозе на Ліпнішкі, ёсць вёска Цвермы. За ёй на ростанях вось ужо не адно стагоддзе вабіць людзей незвычайнае святое месца. Яно лічыцца адным з сямі цудаў Лідчыны. Сюды падчас урачыстых набажэнстваў цячэ бясконцая плынь вернікаў розных канфесій.

Кажуць, тады нават дажджавыя хмары над Цвермамі рассейваюцца. А самае галоўнае – людзі тут ачуньваюць ад шматлікіх хвароб.

Цудадзейная сасна: стужкі і фартушкі на паваленай сасне

Гаворка пойдзе пра рэшткі цудадзейнай лекавай сасны і каплічку каля яе, дзе захоўваецца не менш цудадзейнае драўлянае распяцце Ісуса Хрыста. А пачыналася ўсё так. Згодна з паданнем, каля дарогі, што злучала вёскі Цвермы і Дворышча, расла сасна. Пачалася навальніца і заспела ў дарозе жанчыну з нямым дзіцём. Жанчына вырашыла схавацца пад сасной. Маланка ляснула ў дрэва. Напалоханы нямы хлопчык выгукнуў: “Мама!” Жанчына ад радасці і здзіўлення падняла вочы да неба і ўбачыла, што сасна быццам перажыла пакуты: усе яе галінкі былі перакручаныя. Неўзабаве пра цуд даведаліся ў наваколлі.

Людзі вырашылі ўшанаваць сасну і паставілі побач драўляны крыж. З таго часу многія вылечваліся тут. У падзяку вешалі на галінкі дрэва вышываныя ручнікі і фартушкі, звярталіся да дрэва з просьбамі, загадвалі жаданні.

Сасна лічылася не толькі святой, але і недатыкальнай.

Калі хто спрабаваў ускараскацца на яе, падаў і калечыўся. З цягам часу дрэва, з якога быў зроблены крыж, пачало рассыпацца. Вернікі як вялікую рэліквію бралі трэскі і неслі іх дадому.

 

Другое паданне распавядае пра вялікую буру, якая паваліла крыж. Жыхар вёскі Стэфан Валяль забраў з крыжа фігуру Хрыста дахаты і паклаў у свіран. На другі дзень Стэфану прысніўся сон, дзе ён пачуў: “Навошта ты трымаеш мяне ў свіране?” Пасля гэтага Стэфан аслеп. Ягоная жонка разам з суседзямі дапамагла  яму зрабіць новы крыж, прымацаваць фігурку Хрыста і паставіць яго на старым месцы. Калі ўсё было зроблена, зрок вярнуўся да Стэфана. Новы крыж, як і сасну, лічаць цудадзейным. Штогод у дзень цуду і да самай смерці Стэфан з жонкай спраўлялі для ўсёй вёскі пачастунак.

Старажылы вёскі Цвермы сцвярджаюць, што не раз звярталіся да крыжа і сасны, і часта хваробы адступалі. Адну жанчыну вылечылі ад сардэчнай недастатковасці, іншых людзей – ад сухотаў, шкарлатыны, шмат каго ад галаўнога болю ды іншых хвароб. Неяк нават з Вільні прыязджала вяльможная пані і ў срэбных рублях паклала вялікую ахвяру. І католікі, і праваслаўныя ў любое надвор’е ішлі і ехалі сюды, каб памаліцца аб сваім здароўі і здароўі блізкіх. На крыж навязвалі палатняныя фартушкі з нашытымі маленькімі крыжыкамі, аздобленыя ўдзячнымі надпісамі. Іх забаранялася здымаць пакуль самі не спарахнеюць.

Неяк чалавек з суседняй парафіі ўласным коштам накрыў крыж цынкавай бляхай. З бакоў абклаў дошкамі, а пад крыжам уладкаваў стол-алтарык. Разышлася пагалоска, што каля прыдарожнага крыжа аб’яўляецца сам Хрыстос. З таго часу фурманкі пачалі з’язджацца сюды нават з далёкіх ваколіц. У нядзелю там, бывала, збіраліся некалькі тысяч чалавек.

Замест таго, каб пайсці да касцёла на імшу, праводзілі час у малітвах каля сасны пад крыжам, складалі грошы на столік. Тады і вырашылі на тыя ахвяраванні ўзвесці капліцу. Тры гады ішло будаўніцтва, і на другі дзень Тройцы у 1935 годзе капліцу асвяцілі па каталіцкім абрадзе. На свята сабралася каля 15 тысяч вернікаў.

У 1960 г. камуністы разбурылі святыню, але вернікам удалося выратаваць крыж і перанесці яго ў Тракельскі касцёл. Пасля знішчэння капліцы, якая была помнікам архітэктуры народнага дойлідства, на яе месцы меркавалі паставіць геадэзічны знак. Сасна, якая на той час была ў тры абхваты, замінала. Яе таксама вырашылі знішчыць. Але, як толькі пачалі пілаваць, з дрэва пацякла смала падобная да крыві. Работнікі спалохаліся і пакінулі хвою ў спакоі.

Пасля раны святыня неўзабаве завалілася. Ніхто не наважыўся распілаваць ляжачае дрэва.

У 2007 годзе на сродкі вернікаў каля сасны была пабудавана новая капліца. У яе вярнулі і крыж з рэшткамі фігуркі Хрыста, які 47 гадоў захоўваўся ў Тракельскім касцёле. У тым жа годзе на Сёмуху каплічку асвяцілі. Яна атрымала назву Узвышэння Святога крыжа. З таго дня штогод на гэтае свята тут адбываюцца фэсты. З’яўленню капліцы папярэднічала свая гісторыя.

Мясцовы фермер яшчэ ў маладосці ўбачыў сон. Быццам ён стаіць каля векавой сасны і трымае у руках яе галінку. А па ёй з шыпеннем паўзе змяя. Ён хоча адступіць, але няма куды. Раптам чуе голас: ”Не бойся! Яна цябе не кране. Пастаў каля сасны крыж!” Ён прачнуўся і вырашыў паставіць крыж, але не паспеў – захварэў. У 2006-м ён разам з жонкай і сынам на гэтым месцы ўсталявалі металічны крыж. Хвароба сышла. Пасля гэтага вырашылі збудаваць тут капліцу.

Сёння старая сасна абдымае каплічку сваімі сухімі разгалістымі галінкамі. Яны расквечаны рознакаляровымі ахвярнымі стужкамі, якія з прашэннямі і малітвамі навязваюць паломнікі. Яны вераць, што цудадзейнае дрэва выканае іх просьбы.

Exit mobile version