Крыніца «Лагойская» ў гонар святога Мікалая месціцца на правым беразе ракі Гайна ў цэнтры Лагойска – старадаўняга паселішча нашых продкаў, авеянага легендамі і паданнямі.
Крыніца, вядомая са старажытных часоў, бярэ пачатак у нізіне, выцякае з-пад храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца, пабудаванага 140 гадоў таму. Сюды прыязджаюць людзі, якія пакутуюць на розныя хваробы. Нават у вадохрышчанскія маразы ахвочыя акунуцца ў купальні, бывае, стаяць у чарзе па 2-3 гадзіны.
Як дабрацца? Мінчанам зручна адпраўляцца са станцыі метро Усход. Кожныя 20 хвілін ходзіць прамая маршрутка да Лагойска. Дарога займае прыкладна 45 хвілін: папрасіце спыніцца на аўтавакзале – адтуль ісці пешшу зусім нядоўга. Ды і адрас не спатрэбіцца: амаль з любой кропкі горада адкрываецца добры від на Свята-Мікольскі храм. Ён стаіць на гары, таму заблукаць цяжка.
У 40 км на поўнач ад Мінска знаходзіцца невялікі гарадок Лагойск, які пад назвай Лагожск/Лагожаск згадваецца ў летапісах ад 1078 года. Назву сваю горад атрымаў ад слова «лог», «лагчына» і старабеларускага слова «гожы», «прыгожы». У ХІІ стагоддзі гэта цэнтр Лагойскага княства Полацкай зямлі.
У ХIV стагоддзі тут існаваў праваслаўны манастыр Іаана Прадцечы. У канцы таго ж стагоддзя гэта ўжо ўладанні вялікага князя ВКЛ Вітаўта. Ядром старажытнага горада быў драўляны замак, які ў пачатку XVI стагоддзя спалілі крымскія татары, але праз некалькі дзесяцігоддзяў Васіль Тышкевіч адбудаваў і замак, і горад.
З таго часу Лагойск і Лагойшчына сталі ўладаннямі роду Тышкевічаў.
У наваколлі шмат старажытных курганоў і гарадзішчаў розных часоў.
Горад стаіць ў пойме ракі Гайны, што ўпадае ў Бярэзіну Дняпроўскую. З абодвух берагоў у цэнтры горада выбіваюцца шматлікія жалезістыя і серныя крыніцы. З правага берага каля моста на высокай гары здаўна будавалі праваслаўныя храмы.
Спачатку яны былі драўляныя, шмат разоў абнаўляліся, а ў 1866 годзе ўзвялі мураваны храм у гонар Святога Мікалая. Цяперашні будынак яго пабудаваны на месцы Прачысценскай царквы. Дзіўна тое, што царква за ўвесь час свайго існавання была зачынена толькі аднойчы.
Адбылося гэта, калі да ўлады прыйшлі бальшавікі. Царква не была знішчана бамбёжкамі або апаганена ў антырэлігійны час.
У храме некалі знаходзілася адна з вялікіх святынь Лагойскай зямлі – абраз Божай Маці «Знаменне». Яшчэ ў часы князя Барыса ў XII стагоддзі святыня адлюстроўвалася на пячатках і грашовых пломбах.
У XIV стагоддзі абраз яшчэ знаходзіўся ў мясцовым Свята-Іаанавым манастыры, а ва ўніяцкі перыяд быў страчаны. Але напачатку XX стагоддзя святыню выявілі ў калекцыі вядомага збіральніка старажытнасцяў Генрыха Татура.
Пасля яго смерці ў 1907-м годзе абраз выкупілі вернікі і са шматтысячным хросным ходам перанеслі з Мінска ў Лагойск. Пасля закрыцця Мікольскага храма ў 1930-х гадах абраз знік, але захаваўся яго дакладны спіс на палатне.
Па блаславенні мітрапаліта Філарэта святыню ўзнавіў вядомы беларускі іканапісец Павел Жараў – яе Уладыка асвяціў у 2000 годзе. Святкаванне ў гонар Іконы Божай Маці «Знаменне» праваслаўнай царквой здзяйсняецца штогод 10 снежня.
Месца будаўніцтва царквы выбрана невыпадкова. Ад спрадвечных часоў з-пад гары, дзе стаіць храм, магутным струменем выбіваецца на паверхню найчысцейшая крыніца. Людзі спрадвеку прыходзілі сюды па ваду для піцця, ушаноўвалі крыніцу як цудадзейную, якая пазбаўляе ад шэрагу хвароб.
Яшчэ ў «Кліравых ведамасцях Лагойскай Свята-Мікалаеўскай царквы» за 1884, 1910 і 1912 гады згадваецца пра капліцу на крыніцы. Не зарастала да святыні сцежка і ў савецкі час, хаця храм стаяў зачынены каля двух дзесяцігоддзяў.
Людзі, што мелі праблемы са зрокам, спецыяльна прыязджалі ў Лагойск, здымалі жыллё, каб папіць святой вады, памыцца ёю і набраць з сабой. У 1925 годзе навукоўцы зрабілі аналіз вады і пацвердзілі яе лекавыя ўласцівасці.
У 1930-ыя гады ўлады зачынілі храм і зрабілі там зернесховішча, а капліцу знішчылі. У часы Другой сусветнай вайны царкоўныя службы аднавіліся, і пасля вайны храм не зачынялі.
У канцы ХХ ст. капліцу над крыніцай аднавілі і мясцовасць вакол добраўпарадкавалі. Пабудавалі дзве купелі: адну ў гонар Мікалая Цудатворца, другую – Божай Маці і 12 апосталаў. Купелі ўтвараюць тры крынічныя ручаі, якія па бетонным жолабе трапляюць у купелі, а пасля – у раку Гайну. Над купелямі для зручнасці вернікаў узвялі ўтульныя драўляныя домікі. Тэмпература вады ў купальні каля 9 градусаў, але здаецца, што яна ледзяная. На свята Вадохрышча тут праходзіць абрад асвячэння вады.
Насупраць, за мастом, на левым беразе Гайны, яшчэ ў ХVII стагоддзі Тышкевічы фундавалі касцёл Святога Казіміра. Ён таксама, як і праваслаўны храм, некалькі разоў аднаўляўся. У савецкія часы касцёл быў знішчаны, але ў 1999 годзе на гэтым месцы ўзвялі сучасны мураваны храм.
Побач з касцёлам знаходзіцца магіла Канстанціна Тышкевіча (1806 – 1868), знакамітага археолага. Цікава, што ў сярэдзіне ХІХ ст. больш за 30 гадоў побач з касцёлам існавала крынічная лячэбніца на 50 месцаў. Сюды прыязджалі хворыя з рэўматызмам, хваробамі нерваў і паралюшом.
Курс лячэння цягнуўся два месяцы. Ехалі не толькі з блізкіх мясцін, але і з Заходняй Еўропы. Так, у другой палове XIX стагоддзя пісьменнік-этнограф Павел Шпілеўскі пісаў так: “Карысць гэтых вод даказана вопытам. Да іх улетку прыязджаюць ... многія хворыя, ... і большая частка з іх пасля двухмесячнага лячэння вяртаецца дадому зусім здаровымі”.
Але раптам, у 1865 годзе мясцовы ксёндз запратэставаў супраць існавання курорта. Спрэчка ксяндза і ўладальнікаў Лагойска Тышкевічаў разглядалася ў судзе, і справа вырашылася на карысць касцёла. Крыніцы адразу ж засыпалі, і пра іх забылі. Але яны пакрысе прабіваліся…
У 1998 годзе Інстытут заалогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па замове Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя зрабіў лабараторны аналіз вады з лагойскіх крыніц і даў заключэнне пра тое, што яна адрозніваецца высокімі смакавымі якасцямі, выключнай чысцінёй, практычна цалкам у ёй адсутнічаюць нітраты і нітрыты, а ўтрыманне цяжкіх металаў значна ніжэйшае за дапушчальныя канцэнтрацыі.
Вада ў лагойскай крыніцы бікарбанатнага тыпу. Крыніца, як гідралагічны помнік прыроды мясцовага значэння, ахоўваецца дзяржавай. Недалёка ад крыніцы ёсць шыльда, на якой распісаныя ўсе карысныя ўласцівасці гэтай вады.
Цікава, што вада ў святой крыніцы заўсёды адной тэмпературы, незалежна ад пары года.
Гісторыі цудадзейных ацаленняў тут перадаюць з вуснаў у вусны.
Камусьці вада дапамагла зацяжарыць, другім – пазбавіцца ад прастудных захворванняў, іншым – ад хвароб ног, гіпертаніі, язваў ды эрозій, а камусьці – і ад душэўных разладаў.
Людзі ўвесь час прыязджаюць да крыніцы. Набіраюць цэлымі каністрамі. Мясцовыя жыхары выкарыстоўваюць крынічную ваду ў хатнім ужытку. Вада сапраўды вельмі смачная, нават салодкая на смак.