Допісы ў сацыяльных сетках, мэсэнджарах ды разнастайных дзённіках – гэта, вядома ж, добра. Але яны не замяняюць звычайны клопат, стасункі ўжывую… Проста запытацца: «Як ты?» Хіба ж для гэтага патрэбныя вялікія намаганні? Запытацца не дзяжурна, а з сапраўднай цеплынёй. Калі не асабіста, дык хаця б па тэлефоне.
Абыякавасць – вось што спараджае адзіноту. І калі побач няма па-сапраўднаму блізкага чалавека, вельмі цяжка ўтрымацца на краі… Сапраўды, часам лягчэй быць добрымі з бяздомнымі жывёламі, чым з тымі, хто побач. Бо часцяком самі прывучаныя не клапаціцца, а толькі прымаць клопат. А калі сітуацыя мяняецца… Нямногія хочуць перабудоўвацца. Так і атрымліваецца, што намінальна чалавек не адзін, але – адзінокі.
І можна колькі заўгодна спрабаваць замяніць жывыя чалавечыя стасункі інтэрнэтам, кнігамі, фільмамі ды іншым. Не замяняюцца, на жаль… Толькі цяпло побач патрэбнае… Разуменне, суперажыванне… А ці ўсе мы на гэта здольныя?!
Хвалявацца за чалавека таксама можна па-рознаму. Тэлефанаваць і пытацца: «Ты дзе? З табой усё ў парадку? Беражы сябе!» А можна пісаць для сябе: «Я так перажываю…» А пры сустрэчы проста прамаўчаць…
Размаўляйце са сваімі блізкімі! Гаварыце з тымі, хто побач! Усім патрэбныя жывыя чалавечыя словы… Памятаеце гэта: «Добрыя словы і котцы прыемныя»?! А людзям – тым больш.
Сёння роўна чатыры месяцы, як не стала маёй мілай мамачкі. А я ўсё не магу паверыць… Я кожны дзень чакаю яе… Я бачу яе пастаянна, унутраным зрокам… Плачу і звяртаюся да яе. Толькі адказу няма.
Як жыць з гэтым дзікім болем, я не ведаю. Я пастаянна прашу яе прысніцца. Каб мы маглі пагаварыць. Хачу пачуць, што ТАМ ёй ужо добра, што нічога не баліць, што яна не пакутуе… Я так хачу верыць, што гэта так і ёсць!
Учора яна мне снілася, нават двойчы. Але, на жаль, сны такія кароткія… І пагаварыць, як у рэале, не атрымліваецца. Я ўвесь час пракручваю іх у галаве, шукаю схаваны сэнс – і не знаходжу. Але веру, што мы з ёй сапраўды сустракаемся – у паралельнай рэальнасці…
Учора я так яе абдымала ў сне… Яна ўсміхалася… Але наяве гэтых абдымкаў я не адчула, на жаль…
Людзі, беражыце вашых родных! Калі жывяце не з бацькамі, наведвайцеся да іх часцей. Як пісаў слынны Рыгор Барадулін: «Наведвайце бацькоў, пакуль яны жывыя…» Нічым пасля не запоўніцца пустэча побач… Нічым і нікім…
Дык давайце не адварочвацца ад тых, хто побач. Не хавацца за маніторамі камп’ютараў, ноутбукаў, планшэтаў, старонкамі кніг і сшыткаў. Размаўляйце, стасуйцеся, шчыра цікаўцеся: «Як ты?» Будзьма побач – у рэале, а не ў віртуальнасці ды ўласным уяўленні.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!