Site icon Слушна

Дабрыні не бывае зашмат! Праяўляем яе… спантанна

Ці адносіцеся вы, шаноўныя сябры, да тых, каму для некаторых спраў патрабуецца… М-м-м-м-м… Як бы гэта далікатна выказацца… Чароўнае… падштурхоўванне?! 🙂 Альбо, пабачыўшы нагоду, інфармацыю па пэўным дні, вы пастараецеся рэалізаваць тое, што параілі? Ці звычайна жывяце па плане, без яго і не прыслухоўваецеся да меркаванняў іншых? Я гэта да таго, што сёння – Міжнародны дзень спантаннай праявы дабрыні. Паразважаем пра яе?! 🙂

Дабрыня. Міжнародны дзень спантаннай праявы дабрыні.

З аднаго боку, той, хто лічыць сябе добрым чалавекам, і так тую дабрыню праяўляе, праўда? І менавіта спантанна… А з другога… Калі на гэта ўжо проста не хапае ні душэўных, ні фізічных сіл… Магчыма, веданне пра своеасаблівае свята ўсё ж падштурхне на праяву дабрыні хаця б да сваіх блізкіх? Суседзяў, калег, знаёмых… А то і незнаёмых. І ўсведамленне «плюсіка ў карму» таксама будзе не лішнім?

Разважаць, вядома ж, прасцей. Рабіць – складаней. Бо дзесьці ўжо адвыклі. Дзесьці – сапраўды няма ніякага жадання, калі вакол – усё дрэнна. Але калі прызнаць той факт, што Сусвет усё чуе і бачыць… І што плюсікі сапраўды залічваюцца… Павінен жа быць пэўны пераломны момант у жыцці? Магчымасць зірнуць на сябе, сваё жыццё збоку? У рэшце рэшт, нагода для гэтага?

А нагода – вось яна, сёння!

І першае, што варта зрабіць, – паспрабаваць прыгадаць тры добрыя справы апошніх дзён. Калі вы праявілі дабрыню, клопат, увагу, любоў да бліжняга. Даўно тое было?! Значыць, сапраўды час ужо, час сагрэць уласнай дабрынёй іншых.

А цяпер прыгадайце, калі вы адчулі праяву дабрыні. Калі штосьці добрае зрабілі менавіта для вас. Адчуваеце, як саграваюць нават успаміны пра гэта? Дарэчы, а што сагравае больш: уласная праява дабрыні ці яе прыняцце? Упэўнена, што ў кожнага па-рознаму. Мне ўсё жыццё больш падабаецца аддаваць, чым браць. І гэта ў мяне ад мамачкі маёй… З дзяцінства…

Вельмі важна таксама ўмець адчуць дабрыню, накіраваную на вас з боку іншых. Бо, бывае, мы проста не ўмеем яе прымаць, як часам не ўмеем прымаць кампліменты: годна, з падзякай і з усведамленнем, што нам сапраўды хочуць зрабіць прыемнае.

А вы памятаеце, як ад добрых спраў (зробленых вамі ці зробленых для вас) узнімаецца настрой?! І хочацца насамрэч падольш затрымаць гэтае адчуванне. Тады, здаецца, нават фізічнае самаадчуванне паляпшаецца.

Хаця чаму – здаецца?! Так яно і ёсць! Спецыялісты ж ужо даўно сцвярджаюць, што ад праяў дабрыні паляпшаецца работа сэрца, зніжаецца артэрыяльны ціск, рызыка ўзнікнення дэпрэсій, узровень стрэсу, захоўваецца душэўная раўнавага… Атрымліваецца, што добрым быць нават для здароўя карысна! І чым гэта не падстава сёння ўзяць – і праявіць дабрыню?! Спантанна…

А як часта здаралася ў вашым жыцці, шаноўныя сябры, што чалавек… проста не заўважаў добрыя справы? Не ўспрымаў іх такімі? Што вы адчувалі тады? Крыўду? Расчараванне? Казалі сабе: «Больш ніколі…»? Але ж дабрыня, як вядома, не патрабуе падзякі… Не вымагае штосьці ўзамен па прынцыпе «Ты – мне, я – табе»…

Галоўнае – унутранае ўсведамленне, што вы ўсё зрабілі правільна. Сказалі тое, што чалавеку ў гэты момант хацелася пачуць. Падаравалі штосьці, што яму неабходна. Дапамаглі тады, калі ён сам мог з гэтым не справіцца. Суцешылі. Абнадзеілі. Падтрымалі. Варыянтаў праявы дабрыні – бясконцае мноства! Паўтаруся: было б жаданне…

Не дзеля таго, каб вас называлі добрым чалавекам (штосьці ў гэты момант прыгадаўся мне раман «Майстар і Маргарыта» Булгакава). Мецэнатам, фундатарам… Дабрыня – справа такая. Як і шчасце, у многім любіць цішыню. Вы са мной згодныя?!

Тады давайце пачнем ад сёння вучыцца той самай дабрыні альбо аднаўляць атрыманыя колісь веды. І ў гэты Міжнародны дзень праявім яе спантанна. Хаця б у дачыненні да аднаго чалавека ці жывёлы, птушкі, расліны… Хаця, як вядома, «Добрым быць зусім-зусім няпроста…» 🙂

Exit mobile version