«Нябёсы» – гэта не толькі неба над галавой, а яшчэ і Калядны фестываль батлеечных і лялечных тэатраў, што ладзіцца пад дэвізам «З лялькай да Бога». А «Калядна» – не проста скарочаная назва слова «калядная», а і назва рэканструяванага прадстаўлення народнага тэатра «Батлейка» з г.п.Мір.
Усё разам гэта можна было пачуць-пабачыць ГОД ТАМУ 4-5 студзеня ў Палацы мастацтва г.Мінска – у рамках Міжнароднага праваслаўнага фестывалю «Радасць». Мірская батлейка выступала ў першы дзень – 4-га.
Пра арганізатараў і арганізацыю фестывалю «Нябёсы» можна прачытаць тут. Магчыма, у наступны раз хтосьці захоча пабачыць такі жывы лялечна-батлеечны калядны цуд на свае вочы… А я прапаную вам, шаноўныя сябры, пазнаёміцца з выбітнай культурнай з’явай г.п.Мір.
Старажытная батлейка – сучасны… тэлевізар!
Але напачатку – колькі слоў пра тое, чаму мной абраны менавіта гэты калектыў. Проста пэўны час таму напачатку на адной пляцоўцы ў сеціве, а затым і асабіста мне пашчасціла пазнаёміцца з цудоўным чалавекам, шчыра захопленым сваёй справай. Гэта намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Мірскага дзяржаўнага мастацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа, кіраўнік народнага тэатра «Батлейка», краязнаўца Канстанцін Петрыман.
Ён жа і распавёў пра старажытныя традыцыі батлейкі менавіта ў гэтай мясцовасці.
Забягаючы наперад… Калі я глядзела прадстаўленне мірскай батлейкі, увесь час прыгадвала гэтыя словы – пра тэлевізар. Як і тыя мадэлі тэлевізараў, што былі ў нашай сям’і. Спачатку чорна-белы, затым – каляровы. З невялікім экранам, большым, яшчэ большым… Дык вось так і ёсць! Батлейка – старажытны тэлевізар! Выдатнае азначэнне!
Часцей за ўсё гэта была сямейная і нават дынастычная справа, сцвярджае Канстанцін Петрыман. І такія звесткі – не толькі вычытаныя. Справа ў тым, што ўслед за сваімі папярэднікамі ён разам з навучэнцамі займаецца доследнай справай – распытваецца ў старажылаў пра асаблівасці даўнейшай батлейкі ў Міры, мову прадстаўленняў…
А пасля адбываецца рэканструкцыя – узнаўленне батлеечных прадстаўленняў, якія калісьці існавалі ў гэтай мясцовасці! Так што іх «Калядна» – не навадзел, не напісаны наноў сцэнар. Не! Гэта самая сапраўдная сівая даўніна!
Зацікавіць падлеткаў ды моладзь батлейкай
Ведаючы збольшага сучаснае пакаленне… Думаю, што гэта ўвогуле даволі цяжка. Але не для такога педагога ад Бога, як Канстанцін Петрыман. Дзеці яго вельмі любяць і самі да яго ідуць. Ды што там – лятуць! На вечары сустрэчы, на заняткі народнага тэатра «Батлейка»… І сюды, на «Нябёсы», завіталі яго былыя навучэнцы!
Але як жа ўвогуле ўзнікла менавіта такая адмысловая з’ява, як адраджэнне мясцовай батлейкі, у Мірскім дзяржаўным мастацкім прафесійна-тэхнічным каледжы? І чаму менавіта яна кранула сэрца Канстанціна Петрымана, выкладчыка біялогіі?
І мірская батлейка працягнула сваё развіццё. Канстанцін Петрыман набраў навучэнцаў. Прычым гэта былі не толькі артысты, але і дэкаратары, і, так бы мовіць, падсобныя рабочыя – занесці-прынесці батлейную скрыню, якая даволі цяжкая… Паглядзела я на «Нябёсах»… Тут сапраўды здароўе трэба мець.
А што ж прыцягвае ў батлейцы яе цяперашніх удзельнікаў?
Узнесціся на «Нябёсы»
За час адраджэння і развіцця мірскай батлейкі Канстанцін Петрыман са сваімі навучэнцамі ўжо чатыры разы ўдзельнічаў у фестывалі «Нябёсы», штораз набываючы новых прыхільнікаў, якія затым мэтанакіравана ідуць менавіта на гэтыя прадстаўленні.
У межах пастаноўкі «Калядна» тут прадстаўляюць «Цара Ірада» – вядомы бібліейскі сюжэт пра нараджэнне Ісуса Хрыста. Здаецца, у многіх батлейках ён ёсць. Але хаця сюжэт і адзін, праігрываюць-пражываюць яго зусім па-рознаму.
Я сапраўды настолькі захапілася прадстаўленнем, што не зважала ні на што! Вельмі ўдала падабраныя галасы. Бо за скрыняй жа саміх артыстаў не бачна. Толькі лялькі ў «тэлевізары».
Дарэчы, сам Канстанцін Петрыман іграў адразу тры ролі: Салдата, Пастуха і Чорта. І Чорт у яго, ведаеце, ну такі чарцяка! Быццам не ляльку бачыш, а глядзіш мастацкі фільм (увага! Гуляем у гульню «Знайдзі Чорта на фота»!!!).
І настолькі аддана ўсе сыгралі… Настолькі спадабалася прывітальнае ад Канстанціна Петрымана – слоўна-спеўнае, што напрыканцы, пасля прадстаўлення артыстаў «анлайн» і воклічаў «Брава!» мастацкі кіраўнік фестывалю Аляксандр Ждановіч (добра вядомы як Маляваныч з «Калыханкі») запытаўся: «Дык а яшчэ спяваць будзеце?!» А зала ахвотна падтрымала.
І тут жа Канстанцін Петрыман нязмушана заспяваў старажытны мірскі кант, а прыпеў дружна падхапілі і сам Аляксандр Ждановіч, і ўся зала: «Хрыстос нарадзіўся! Алелуя!!!»
І няхай гэтае шчырае віншаванне сёння ўвойдзе ў кожны дом, у кожнае сэрца. Са святам, шаноўныя сябры! З Раством Хрыстовым! І з вясёлымі Калядамі! Запрашайце ў хаты батлейку! Няхай будзе СВЯТА!
Фота – Святлана Адамовіч.